Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай бы пабачылі нашы паны, як мы ў Чарнобылі жывем”


Падворак у Дубліне

Падворак у Дубліне

На Гомельшчыне ў заражаных радыяцыяй раёнах людзі не забясьпечаныя чыстай пітной вадой. Тут зачыняюцца крамы, мэдпункты, бракуе сродкаў на рамонт вясковых дарог. Сёньняшні расповед у чарговым рэпартажы з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону”, арганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, прысьвечаны сацыяльна-побытавым умовам жыцьця людзей у чарнобыльскіх паселішчах.

Сёлета ў Брагінскім раёне на балянс мясцовага камунгасу перададзена звыш 60 кілямэтраў вясковых вадаправодаў. Разам з існуючымі сеткамі агульная працягласьць іх складае каля 100 кілямэтраў. І ўсё яны патрабуюць рамонту.

Намесьнік старшыні райвыканкаму Валянцін Гануш: “Яны прыйшлі ўжо ў непрыдатнасьць. Неабходна рабіць рэканструкцыю, капітальны рамонт і поўнасьцю мяняць водаправоды. Практычна ва ўсіх вёсках. У зоне ад 5 кюры й вышэй знаходзіцца літаральна ўвесь раён — усе 84 населеныя пункты. Каля 100 кілямэтраў вадаводаў трэба замяніць поўнасьцю — людзям патрэбная чыстая вада”.

Ужо ўвосень на раённы балянс перададзена й каля 70 кілямэтраў унутрыгаспадарчых дарог, але бяз сродкаў на іх утрыманьне.

На раённы балянс перададзена каля 70 кілямэтраў арог, але бяз сродкаў на іх утрыманьне.

Мясцовыя жыхары, якія засталіся ў заражаных радыяцыяй вёсках, сваё становішча ацэньваюць рэальна.

72-гадовы жыхар вёскі Двор Савічы спадар Аляксей: “У нас усе пэнсіянэры, усе старыя. На нашай вуліцы шэсьць інвалідаў. Яны ж для калгасу нічога ўжо ня зробяць — той з кіёчкам, той на мыліцах. Гэта толькі мая жонка яшчэ тупае ды я на гэтай вуліцы, як певень, адзін. Усё! Ніхто на нас увагі не зьвяртае — непэрспэктыўная вёска”.

Аляксей з Двор Савічаў: «Толькі мая жонка яшчэ тупае ды я на гэтай вуліцы, як певень, адзін».

Самаселіца Кацярына з Савічаў кажа, што тутэйшыя вяскоўцы жывуць пераважна за кошт прыватнай гаспадаркі й пэнсій сваіх бацькоў. Тут не да чыстай вады й чыстай гародніны. Працаздольным складана знайсьці занятак. Іх неахвотна бярэ на працу нават радыяцыйна-экалягічны запаведнік:

“У мяне сын быў у Гомелі й захварэў. Там праапэравалі і сказалі пажыць дома. Прыехаў. У нас тут запаведнік у канцы вёскі. Там багата людзей працуе: то сват, то брат, то кум — з Камарына, зь іншых вёсак. А майго сына не бяруць — тут, на месцы, побач з запаведнікам. Як ні прасіла, не бяруць”.

Кацярына з Савічаў: «А майго сына не бяруць — тут, на месцы, побач з запаведнікам. Як ні прасіла…».

У чарнобыльскіх вёсках дажываюць свой век і людзі, якія рабілі ў калгасах за працадні — палачкі, як яны кажуць. 86-гадовая спадарыня Хвядора зь вёскі Дублін скардзіцца, што цяперашняя ўлада іх пакрыўдзіла ня толькі тым, што адабрала ўсё чарнобыльскія дапамогі, але й з пэнсіямі, памер якіх рэдка перавышае 300 тысяч рублёў:

“Лукашэнка нам не ўлічыў тыя гады. Няхай бы я атрымлівала хаця б 400 тысяч пэнсіі. Праца якая была! Мы й каровамі аралі, і зямлю ўручную капалі. Я самая першая касою касіла. І ніхто гэта не ўлічыў. Нам так крыўдна, так крыўдна! Мы ж у Чарнобылі жывем. Няхай бы пабачылі, гэтыя нашы паны, ды старым пэнсіі дабавілі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG