Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарабляеш меней за 500 тысяч? Патлумач, на што жывеш!


Значная частка менскіх прадпрыемстваў не паказвае рэальныя памеры выплачваных супрацоўнікам заробкаў, — паведаміў намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка.

У зьвязку з гэтым падатковая мае пачаць масавую праверку грамадзян, якія атрымліваюць заробак меншы за два пражытковыя мінімумы (адзін на сёньня складае 250 тысяч бел. рублёў), — распавёў Каменка на брыфінгу ў Менску.

Паводле Міністэрства падаткаў і збораў, каля 30% прыватных кампаній сталіцы плацяць заробак, ніжэйшы за два бюджэты пражытковага мінімуму, то бок, меней за 500 тысяч бел. рублёў. На думку Васіля Каменкі, гэта сьведчыць пра нелегальнасьць сапраўдных выплат, якія даплочваюць супрацоўнікам “у капэртах”.

Каб высьветліць праўду, супрацоўнікі падатковых інспэкцый зьбіраюцца аналізаваць даходы і выдаткі работнікаў. Калі выдаткі будуць перавышаць заробкі — спагоняць падаткі і налічаць штраф.

Мэдсястра: Хай бы нехта праверыў адпаведнасьць таго, што нам плацяць, таму, колькі каштуе самае неабходнае ў крамах.
Сумы спагнаньняў у 2008 годзе склалі 1 мільярд “даплатаў”, cёлета — амаль 2 мільярды.

Такім чынам, калі выглядаеш лепей, чым сума твайго заробку, — падстава для падазрэньняў і прэтэнзій падатковай інспэкцыі.

“А каго павінна хваляваць тое, якім чынам, прыкладам, мэдыкам выжываць на тыя мізэры, якія цалкам празрыстыя?” — задаецца пытаньнем мэдсястра адной з менскіх паліклінік Дзіна Арэшка:

“Мой заробак большы за згаданыя 500 тысяч. Ён складае ажно 600 тысяч. Але толькі дзякуючы таму, што я працую ў шкодным аддзяленьні — у фізіятэрапіі. І за гэтую “шкоднасьць” мне даплачваюць 100 тысяч. А яшчэ дадаюць нешта за стаж — я працую ўжо 15 гадоў. А ў чыстым выглядзе мая стаўка складае 340 тысяч рублёў на месяц. Маладыя спэцыялісты, якія прыйшлі працаваць нядаўна, атрымліваюць зусім не нашмат болей за згаданую голую стаўку. Чаму нікога не хвалюе, як жыць нам? Можа, гэта таксама неяк нехта праверыў бы — адпаведнасьць таго, што нам плацяць, таму, колькі каштуе самае неабходнае ў крамах.”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG