Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфармацыі адмовіла ў рэгістрацыі глыбоцкай грамадзка-палітычнай газэты


Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч

Газэту “Прэфект-плюс” мелася выдаваць прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Прэфект-інфо”, якое заснаваў у Глыбокім мясцовы актывіст Яраслаў Берніковіч.

Міністэрства інфармацыі вярнула спадару Берніковічу дакумэнты, патлумачыўшы, што юрыдычная асоба — прадпрыемства “Прэфект-інфо” — зарэгістраваная ў жылым памяшканьні. У адмове ёсьць спасылка на Палажэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня, зацьверджанага Дэкрэтам прэзідэнта “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня”, згодна зь якім ажыцьцяўленьне вытворчай дзейнасьці вымагае пераводу жылога памяшканьня ў нежылы фонд.

Гэтую прычыну адмовы Яраслаў Берніковіч лічыць штучнай, бо зусім не абавязкова, каб рэдакцыя газэты працавала ў тым самым памяшканьні, дзе зарэгістравана прадпрыемства-заснавальнік. І для “ажыцьцяўленьня вытворчай дзейнасьці” можна, да прыкладу, арэндаваць офіс.

Праз прэтэнзіі , згаданыя ў лісьце з Міністэрства інфармацыі, праблемы зьявіліся яшчэ і ў рэклямнай газэты “Прэфект-інфо”, якую таксама выдае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства Яраслава Берніковіча.

Гэтае выданьне выходзіць ужо цягам двух месяцаў і прэтэнзій падчас рэгістрацыі не было, хаця і заснавальнік, і юрыдычная адрэса былі тыя самыя.

На думку сябра сойму Партыі БНФ і ўдзельніка Руху “За Свабоду” спадара Берніковіча, праблемы з рэгістрацыяй паўсталі праз тое, што новае выданьне мела б выразную палітычную арыентацыю, не пажаданую для ўладаў. Асабліва з улікам таго, што ў рэгіёне ўжо ёсьць выданьне “Вольнае Глыбокае”, якое засталося апошняй незалежнай газэтай у Віцебскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG