Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На анкету Свабоды адказвае госьць "Вольнай Студыі". Мікола Купава – беларускі мастак, намесьнік старшыні мастацкай суполкі “Пагоня”, адзін з кіраўнікоў грамадзкага Аргкамітэту “Міленіюм Літвы”. Выкладаў у мастацкай вучэльні пры Беларускай Акадэміі мастацтваў, на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Цяпер на творчай працы.

Што для вас свабода?

Свабода асобнай душы і нацыі ў цэлым, неабходны стан і ўмовы разьвіцьця і трываласьці асобы, народу, дзяржавы, культуры.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Яе адсутнасьць.

Што для вас шчасьце?

Працаваць у галіне мастацтва, якім я ўжо авалодаў. Бачыць разумнымі, адукаванымі і культурнымі сваіх дзяцей і ўнукаў.

Чаго вы найбольш баіцеся?


Здрады, неабавязковасьці, бескультур’я.

Які талент вы хацелі б мець?


Такі, якім ужо валодаю. Але яшчэ хацеў бы граць на фартэпіяна.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Ларысай Геніюш, Васілём Быкавым, Зянонам Пазьняком.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Працаваць у сваёй майстэрні і вандраваць па Вялікім Княстве Літоўскім, слухаць тагачасную музыку.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Я больш шанаваў бы сваіх бацькоў, асабліва маму, і часьцей прасіў бы ў іх прабачэньня.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ад Лявона Баразны: больш займацца мастацтвам.

Які ваш улюбёны дэвіз?


Ня крыўдзі слабейшых.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Пры разьвітым капіталізьме, як у Швэцыі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Вялікім Княстве Літоўскім, і хаця б тыдзень – у Літоўскім Каралеўстве, у Наваградзкім замку, каб з натуры намаляваць Міндоўга, ягоную жонку і сыноў.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У эпоху Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудога, каб прыняць удзел у Адраджэньні ВКЛ.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Рабіў бы ўсё, каб краіна вярнулася на дэмакратычны шлях разьвіцьця, вярнуў бы беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, а Канстытуцыі – недатыкальнасьць.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Самыя шчыльныя, узаемавыгодныя.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Роўныя, партнэрскія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Гэта сьмешна! У Румыніі не зьбівалі за румынскую мову, румынскія школы ды газэты не зачынялі…

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада
?

Гэтага ніхто ня ведае.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі наша дзяржава стане нацыянальнай па духу і сутнасьці.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Загавораць! Абавязкова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG