Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія аматары опэрнага мастацтва падрыхтавалі зварот да міністра культуры Паўла Латушкі. Яны занепакоеныя становішчам у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету.

Адзін з ініцыятараў такога ліста — праваабаронца, гісторык, былы выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэю Сяргей Русецкі. Гаворка ў звароце тычыцца выключна опэры, бо, на думку зацікаўленых асобаў, стан рэчаў у гэтай галіне блізкі да катастрафічнага.

Праблема № 1, зазначаецца ў лісьце, асабовая — Віктар Пласкіна, новы дырыжор тэатру. Дарэчы, эпіграф да звароту цытуе самога спадара Латушку: “Асоба — галоўны скарб беларускай культуры” (П. Латушка, 30.09.09, бэнэфіс Г.Гарбука).


Вытрымкі зь ліста:

1. Віктар Пласкіна ня можа займаць пасаду галоўнага дырыжора празь недахоп кваліфікацыі і асабістыя якасьці. Спэктаклі пад кіраўніцтвам Пласкіны характарызуюцца нізкім музычным узроўнем, непрафэсійнай працай з хорам і салістамі. Творчая асоба Пласкіны не знайшла прызнаньня ў колах як музычных прафэсіяналаў, так і тэатральнай грамадзкасьці Беларусі.

2. У тэатры адсутнічае нацыянальны рэпэртуар. Ідуць адны і тыя ж спэктаклі. Нацыянальны рэпэртуар прадстаўлены практычна адзінай опэрай “Дзікае паляваньне караля Стаха”, якая, карыстаючыся папулярнасьцю ў гледача, дэманструецца толькі раз на год. Пры гэтым заяўляецца, што тэатар мае ў рэпэртуары 36 опэрных спэктакляў.

3. Высокія цэны на квіткі, адсутнасьць сацыяльных квіткоў. Недаступнасьць опэры для некаторых катэгорый грамадзян (насуперак артыкулу 51 Канстытуцыі). Вялікая колькасьць нязручных месцаў, з абмежаваным аглядам сцэны — кошты на якія гэткія ж, як і на зручныя месцы. Студэнты творчых ВНУ адпаведных спэцыяльнасьцяў ня маюць магчымасьці бясплатна наведваць тэатар, як гэта было і ёсьць ва ўсе часы і ва ўсіх краінах.

4. У тэатры адсутнічае прадуманая палітыка плянаваньня, няма канцэпцыі разьвіцьця, адсутнічае праца з гледачом. Ня ўлічваецца думка тэатральнай грамадзкасьці. Рэкляма вядзецца самымі прымітыўнымі сродкамі. Не выкарыстоўваюцца шырокія магчымасьці інтэрнэт-прасторы. Адсутнічае сайт тэатру.

5. У тэатры практычна адсутнічае мэмарыяльная праца. Формай такой працы, якая б папулярызавала клясычнае мастацтва і распавядала пра яго гісторыю ў Беларусі, мог бы стаць сайт тэатру.

6. У Беларусі цалкам адсутнічае акрэсьленая палітыка папулярызацыі клясычнага мастацтва. На тэлебачаньні практычна няма перадачаў пра клясычную музыку. Школьная адукацыя зь нядаўніх часоў не накіраваная на гуманізацыю і гуманітарызацыю, што было закладзена ў аснову школьнай рэформы, якая пачала рэалізоўвацца ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х. У школах больш няма музыкі, маляваньня, сусьветнай мастацкай культуры. Значна скарочаны аб’ём гуманітарных дысцыплін. Не выдаюцца запісы лепшых спэктакляў, лепшых сьпевакоў розных эпох. Хоць гэта павінна быць асаблівым клопатам дзяржавы.

7. Не заслугоўвае даверу практыка прысваеньня ганаровых званьняў у опэрным тэатры. Званьні прысвойваюцца рэдка. Цяжка зразумець такую палітыку тэатру і міністэрства, калі ігнаруюцца людзі, іх самаадданая праца. Асабліва ў кантэксьце “раздачы” званьняў “зоркам” эстрады і ўшанаваньня вышэйшымі ўзнагародамі дзяржавы (напрыклад, ордэнам Францыска Скарыны) людзей, якія маюць слабое дачыненьне да Беларусі і да мастацтва ўвогуле.

Заклапочанасьць аматараў клясыкі камэнтуе саліст беларускай опэры, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў:

“Суб’ектывізм у мастацтве — абсалютна нармальная рэч, бо любы твор выконваецца канкрэтным артыстам, а двух аднолькавых артыстаў на сьвеце не існуе. Так што — каму што падабаецца. Мне, напрыклад, таксама ня вельмі падабаецца тое, як вядзе спэктаклі Пласкіна. Але ж гэта ня я яго прызначаў, ня мне яго і здымаць. А калі ёсьць прэтэнзіі, дык і трэба накіроўваць у нейкія адпаведныя кабінэты, якія прызначалі”.

Карэспандэнт: “Яшчэ адзін з пунктаў звароту — адсутнасьць у Беларусі папулярызацыі клясычнага мастацтва, у прыватнасьці опэрнага. Падзяляеце такі пункт гледжаньня?”

“Абсалютна падзяляю. Прыкладам, я сваім студэнтам штосьці сьпяваю, што чуў яшчэ ў дзяцінстве з радыёкропкі ці пазьней — з тэлеэкрану. І яны вельмі зьдзіўляюцца: няўжо ўсё гэта насамрэч можна было пачуць? Але ж так, гэта была абсалютна нармальная зьява. Штодня, а тым больш у сьвяты, у нядзельных праграмах былі такія канцэрты. Скажам, на радыё была такая праграма “Тэатар ля мікрафону”. Гэта было цалкам звыклай зьявай, клясычныя рэчы гучалі абсалютна нароўні зь іншымі. Пачуць клясыку можна было штодня. Але прэтэнзіі, зноў жа, да кіраўнікоў радыё, кіраўнікоў тэлебачаньня”.

Опэрная грамадзкасьць спадзяецца, што часткова выправіць праблемы дапаможа прызначэньне ў тэатар новага кіраўніка — былога намесьніка міністра культуры Ўладзімера Грыдзюшкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG