Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белыя вароны” ў міліцыі - пагроза бясьпецы?


Пашыраецца скандал у праваахоўных органах Расейскай Фэдэрацыі. У мінулую суботу ў інтэрнэце зьявіўся відэазварот маёра міліцыі з Новарасійску Аляксея Дымоўскага да прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна. Афіцэр расказвае пра факты злоўжываньняў і карупцыі ў расейскай міліцыі, прыпісках у статыстыцы выяўленых правапарушэньняў і г.д.


Прыкладам, ён сьведчыць, як сам атрымаў чарговае званьне сёлета ў траўні. Маёрскія пагоны кіраўнік новарасійскай міліцыі Ўладзімер Чарнасітаў выдаў яму за патрабаваньне пасадзіць невінаватага чалавека. Дымоўскі сьцьвярджае, што начальства папросту прымушае падначаленых раскрываць неіснуючыя злачынствы дзеля паляпшэньня статыстычных паказьнікаў.

Стала вядома, што пасьля суботняга відэазвароту новарасійскага міліцыянта да Пуціна краявая камісія тэрмінова правяла праверку, у выніку якой маёра звольнілі з органаў за паклёп. Сам Дымоўскі заяўляе, што ў такой сытуацыі баіцца за бясьпеку сваю і сваёй сям'і. На гэта ў Грамадзкай палаце Расеі ўжо заявілі, што маюць намер правесьці ўласнае расьсьледаваньне фактаў, выкладзеных у звароце Дымоўскага, і ў выпадку неабходнасьці ўзяць маёра пад варту.

У інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода лідэр руху “За правы чалавека” Леў Панамароў сказаў, што пагроза для Дымоўскага сапраўды існуе. Перадусім гэта пагроза арышту, пасьля чаго праваабаронцы наўрад ці яму чым ужо дапамогуць. На думку Панамарова, у такім выпадку будзе сфабрыкаваная крымінальная справа, і пры цяперашняй сыстэме рэпрэсіўных судовых працэсаў, у якіх усе адзін аднаго пакрываюць, узьнікае вялізная небясьпека.

Беларускі праваабаронца, адвакат Гары Паганяйла, “кліентамі” якога было нямала сілавікоў, кажа, што сытуацыя зь міліцэйскай сваволяй у Беларусі і ў Расеі падобная. Аднак, на яго думку, калі ў Расеі ўсё ж ёсьць магчымасьць узьняць грамадзкую думку, то ў Беларусі “заплямленых” міліцыянтаў адразу выпраўляюць “па этапе”:

“Натуральна, што такія гісторыі і ў нас сустракаюцца густа і часта. Ёсьць канкрэтныя выпадкі ня толькі звальненьня з працы, але і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці; знаходзяць падставы, пачынаюць справы і хаваюць такіх вось лоўкіх і шустрых хлопцаў па турмах. То бок хто занадта высоўваецца, таго адразу нэўтралізуюць. І для Беларусі гэта характэрна яшчэ ў большай ступені. Там хоць, у Расеі, бачыце, даюць магчымасьць выступіць, прадстаўляюць залі, зьбіраюцца журналісты. У нас жа нічога падобнага нельга нават уявіць сабе, немагчыма нічога зрабіць здабыткам галоснасьці. Толькі галаву высунеш - тут жа яе адсякуць. Там усё ж свабоды слова крыху больш. Не нашмат, але больш”.
XS
SM
MD
LG