Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сем сорак” сталі вафлямі, “Сілічы” — кашэрным хлебам


Менскі хлебазавод № 4 атрымаў сэртыфікат на права вытворчасьці кашэрных вафляў. Ужо выпушчаная першая тона прадукцыі.

Сэртыфікат атрыманы ад дэпартамэнту кашруту Маскоўскага рабінату, паведаміў упаўнаважаны гэтага дэпартамэнту, сябра юдэйскай рэлігійнай суполкі Менску Борух Астроўскі.

“Некалькі гатункаў хлеба, які выпускае гэты хлебазавод, атрымалі права называцца кашэрнымі. (...) На этыкетках усіх гэтых прадуктаў будзе знак кашэрнасьці, які выкарыстоўваецца ва ўсім сьвеце для абазначэньня кашэрных харчоў”, — заявіў Астроўскі Інтэрфаксу.

Дырэктар Менскага хлебазаводу № 4 Уладзімір Талайка кажа, што ванільныя, міндальныя і чакалядныя кашэрныя вафлі “Сем сорак” хутка паступяць у продаж у Менску, пазьней — па ўсёй Беларусі.

“Плянуецца экспарт у Ізраіль, ЗША, у прыватнасьці ў Бруклін”, — зазначыў Талайка.

“Кашэрны хлеб выпушчаны 5 гатункаў: “Чэрвеньскі”, “Камароўскі”, “Сілічы”, “Гальшанскі” і “Пятроўскі”, — дадаў ён.

Борух Астроўскі адзначае: “Вытворчасьць кашэрных харчоў мае для беларускіх вытворцаў вялікія пэрспэктывы. Ва ўсім сьвеце гэта запатрабаваны прадукт. (…) Ужо ідзе гаворка пра вытворчасьць у Беларусі кашэрнага сухога малака. У сьвеце назіраецца высокі попыт на кашэрнае сухое малако, і Беларусь можа стаць манапалістам у гэтай галіне”, — заявіў Борух Астроўскі.

Акрамя гэтага, паводле ягоных словаў, “ідзе гаворка пра тое, каб адно зь менскіх прадпрыемстваў наладзіла выпуск кашэрнага маргарыну. У краінах СНД ёсьць дэфіцыт такога маргарыну, існуюць цяжкасьці з выпускам кашэрных ласункаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG