Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму, 11 лістапада 1999 году, на волю выйшаў Васіль Старавойтаў. Зьняволеньне гэтага колішняга героя сацыялістычнай працы многія ўспрынялі як пакараньне за яго незалежную грамадзянскую пазыцыю.

Карэспандэнтка:” Як ставяцца да Вас цяпер аднавяскоўцы?”

Старавойтаў: “Цяпер гэтыя людзі разумеюць, а раней яны мяне ня вельмі разумелі. Пад аплядысмэнты накіравалі ў турму, пасьля адпаведнай адпрацоўкі тут інфармацыяй. А цяпер яны на 100% добра ставяцца і вельмі шкадуюць аб тым, што здарылася тады”.

Карэспандэнтка: “Адразу пасьля вызваленьня вы адчувалі, што была нейкая насьцярожанасьць з боку аднавяскоўцаў, знаёмых?”

Старавойтаў: “Так! Было... Таму што інфармацыі было столькі... Радыё, тэлебачаньне, уся прэса, усе СМІ. Такое давалі, што я й пакраў усё, на рахунках маю грошы і кватэры ў Менску і ў Маскве. Але ўсе ведаюць, што гэта лухта, а лухта мае часовы эфэкт, а потым яна ня мае пад сабой глебы і гіне”.

Карэспандэнтка: “Як Вы лічыце, можа, у людзей за гэты час зьмянілася й сьвядомасьць. Можа, ня так ужо ставяцца й да таго ж тэлебачаньня?”

Старавойтаў: “Усе мяне паважалі. Калі б не паважалі, яны б мяне пад аплядысмэнты ў турму не праводзілі. Тады на сходзе выступілі супраць 14 чалавек, 15-ты быў мой сын, які потым загінуў... А астатнія пад аплядысмэнты накіравалі, бо добра былі прапрацаваныя. СМІ здорава працуюць. Але цяпер да мяне інакш ставяцца”.

Карэспандэнтка: “Хто-небудзь папрасіў у Вас прабачэньня?”

Старавойтаў: “Ведаеце, такога афіцыйнага не было, але па-сутнасьці... У нас быў сход, прысьвечаны ня памятаю цяпер ужо чаму. Абяцаў ім не пайсьці, але потым усё ж падумаў: “Пайду!” Прыйшоў. Не чакалі яны, што прыйду. Мяне паклікалі на сцэну адказаць. Я сказаў, што прашу вас дараваць мне, калі я нешта зрабіў ня так для вас. І вы мне даруйце, і я вам усё дарую... Заля ўстала. Усе апладзіравалі мне, стоячы... Да мяне вельмі добра паставіліся... Некаторыя нават плакалі. Заля стаяла. Нікому такога адказу на выступ не было – ні старшыні, які тады прагуляў, ні тым, якія прыехалі”.

Карэспандэнтка: “Час усё ставіць на свае месцы?”

Старавойтаў: “Так. Час. Толькі час гэтаму спрыяе. Я не магу крыўдзіцца цяпер на тое, што тады са мной здарылася. Таму што, каб мяне пасадзіць, трэба было стварыць своеасаблівую абстаноўку, каб можна было зрабіць тое, што задумалі тыя, якія мяне пасадзілі. Ня ведаю, ці правільна я кажу, але, думаю, вы разумееце”.

Карэспандэнтка: “Як вы лічыце ці спраўдзіліся разьлікі тых людзей?”


Старавойтаў: “Не. Я думаю, што яны гэта цудоўна разумеюць. Ім не ўдалося, яны прайгралі. Ня тую кандыдатуру яны сабе тады абралі, чалавека, які так ставіўся да працы. Я думаў пра калгасную зямлю, пра калгасныя фэрмы і пра людзей. Я не мог пакрыўдзіць чалавека, зрабіць яго рабом”.

Карэспандэнтка: “А цяпер вы адчуваеце нейкую напружанасьць з уладамі?”


Старавойтаў: “Не. Вось, калі быў мой апошні старшыня Шаплыка ў прэзыдэнта, той спытаў яго: “Ну, як там Старавойтаў?”. А той кажа, што сядзіць сабе ціха і ўсё... Спытаў, значыць думаў? І сказаў: “Калі будзе да цябе зьвяртацца па нейкім пытаньні, ні ў якім разе яму не адмаўляй. Дапамагай”. Ну, дык на што мне крыўдзіцца”.

Карэспандэнтка: “Вы адзначылі свой 85-гадовы юбілей. А што для вас цяпер самае цікавае? Чым вы займаецеся?”


Старавойтаў: “Я выпісваю “Народную Волю”, часопіс “Фізкультура і спорт”, “Комсомольскую правду» таўстушку".

Карэспандэнтка: "А самі вы цяпер займаецеся нейкім спортам?"

Старавойтаў: "Абавязкова. Нішы. Вядомага японскага доктара. Практыкаваньні. Уманская такая расейская з Санкт-Пецярбургу доктар мэдычных навук. Яшчэ парады такога Сасноўскага".

Карэспандэнтка: "Вы адчуваеце, што гэта ідзе вам на карысьць?"

Старавойтаў: "Слухайце, калі б я гэтага не рабіў, то даўно б на тым сьвеце быў бы".

Карэспандэнтка: "А ваша жонка таксама гэтым займаецца?"

Старавойтаў: "Ну, не ўсім, але займаецца".

Карэспандэнтка: "А ці ходзіце вы ў лес па грыбы?"

Старавойтаў: "У грыбы езьдзім. Не зусім моцны ў мяне зрок, я не заўсёды ўбачу грыбы, толькі падасінавік чырвоны бачу. Таму я хутчэй іх куплю. Я добрую пэнсію атрымліваю. Мне цяпер вось 60 тысяч прыбавілі. Цяпер у мяне лічыце 500 даляраў".

Карэспандэнтка: "Можа, трымаеце яшчэ карову?"

Старавойтаў: "Не-не. Гэта цяжкая справа. У нас ёсьць свая морква, бульба, часнык, цыбуля"...

Карэспандэнтка: "У вас грады на агародзе?"


Старавойтаў: "Так. Усё гэта ў нас ёсьць. А яшчэ клубніка, парэчка, вішні"...

Карэспандэнтка: "Вы за гэтым даглядаеце разам са сваёй жонкай?"

Старавойтаў: "Так. Гэтым у асноўным займаецца жонка".

Карэспандэнтка: "А хто ў вас у доме жыве?"


Старавойтаў:
"Быў кот. Яго скралі. Я яго чакаў. Месяца паўтара... Чорт... Перажываў. Цяпер вырашыў другога не заводзіць. Такі быў коцік маладзенькі зусім. Калі пераходзіў жыць у гэты дом, шафёр прывёз такое паласаценькае кацяня. Кажа, што спачатку запусьцім ката, а потым вы. А яго праз паўтара месяца скралі. Дык я столькі мучыўся, шукаў, зваў яго... Ён такі харошанькі быў. Цяпер вырашыў, што больш ня буду. Я ж да яго, як да сваяка ставіўся... Але я пра што? Крыўдзіцца ня трэба. Толькі самому сабе здароўе сапсуеш".

Карэспандэнтка: "Тыя, што рабілі нясправядлівасьць, за яе адкажуць?"

Старавойтаў: “Абавязкова. Я яшчэ скажу, што Усявышні пакарае. Хаця мне, магчыма, ня трэба так казаць. Невытлумачальныя зьявы, да якіх так ці інакш зьвяртаесься. Жыцьцё даецца аднойчы. Навошта яго страціць? Я не палю цяпер, не ўжываю алькаголю. Ну, раз на тыдзень, калі лазьню робім, сваякі зьбіраюцца, бутэлечку піва выпіваю. Раз на тыдзень! Вось так”.

Карэспандэнтка: “Ну, што ж. Я вам зычу як мага больш трымацца”.

Старавойтаў: “Усяго добрага. Да пабачэньня. А ці можна так казаць? Ці пабачымся мы? Можа, заедзеце калі. Будзьце здаровыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG