Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: У СГА ўступім адзіным блёкам

  • БелаПАН

Краіны мытнага саюзу маюць намер уступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА) адзіным блёкам, а не паасобку, заявіў на брыфінгу ў Менску 10 лістапада намесьнік дырэктара дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці МЗС Беларусі Антон Кудасаў.

"Прынята прынцыповае рашэньне, што Беларусь, Расея і Казахстан будуць уступаць у СГА мытным саюзам. Розныя камэнтары аб тым, што краіны — удзельніцы мытнага саюзу будуць уступаць у СГА паасобку, ня маюць падстаў", — сказаў ён.

Пры гэтым, падкрэсьліў Кудасаў, усе працэдурныя пытаньні па ўступленьні ўдзельнікаў мытнага саюзу знаходзяцца ў кампэтэнцыі краін — членаў СГА: "Гэта іх прэрагатыва, і мы ня маем уплыву на гэтыя пытаньні. Няхай вырашаюць, што хочуць, а мы ўступаем у СГА мытным саюзам, а з 1 ліпеня 2010 году — яшчэ і адзінай мытнай тэрыторыяй".

Кажучы пра магчымыя тэрміны ўступленьня ў СГА, Кудасаў адзначыў, што гэта будзе залежаць ад пазыцыі членаў арганізацыі. Ён патлумачыў, што калі "пераможа прагматызм", то гэта рэальна зрабіць за адзін-два гады. "Калі ж краіны СГА захочуць разабраць мытны саюз па костачках, будуць уважліва вывучаць яго працу, то ўступленьне можа заняць працяглы час", — сказаў прадстаўнік МЗС. Аднак, упэўнены ён, у СГА "людзі прагматычныя і ведаюць досьвед Эўразьвязу, калі ва ўмовах глябалізацыі можа спатрэбіцца нязначны час, каб зрабіць якасны скачок".
XS
SM
MD
LG