Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “чаўнакам” прыпомнілі старыя грахі


Гарадзенцы, якія ў прыватным парадку вазілі з Польшчы тавары на продаж, сёньня вымушаны выплочваць беларускай дзяржаве вялізныя пошліны і пені. Гэта робіцца на падставе дакумэнтаў польскай мытні, згодна зь якімі беларускія грамадзяне атрымлівалі за набыты ў суседняй краіне тавар кампэнсацыю. Ім вярталі частку кошту — падатак на дададзеную вартасьць, так званы “VAT”. Ці справядліва “караюць рублём” гарадзенцаў? Тэма выклікала дыскусію на нашым сайце.

Жыцьцё ў памежным горадзе мае свае плюсы і мінусы. Хоць улады ўвесь час уводзяць новыя абмежаваньні, гарадзенцы працягваюць езьдзіць у Польшчу, каб штосьці купіць выгадней для сябе. Аднак тыя, хто рэгулярна вазіў адтуль тавары на продаж, цяпер расплочваюцца “заднім чыслом”. Караюць ня толькі “чаўнакоў”: сур’ёзныя прэтэнзіі таксама да некаторых гарадзенскіх фірмаў. Падрабязнасьці — у журналіста Андрэя Пачобута:

“А яшчэ ёсьць фірмы, якія правозілі тавар легальна, але не інфармавалі беларускую мытню, падатковыя органы, што вярталі сабе ў Польшчы “VAT”. Фірма, калі правозіць тавар, указвае яго кошт. А потым у Польшчы вярнулі сабе падатак “VAT”, і на гэтую розьніцу ўзьніклі цяпер пытаньні. Атрымліваецца, што на гэтую суму яны падманваюць беларускі бюджэт”.

Гарадзенцы, зразумела, падзяляюцца на гандляроў і пакупнікоў. Кожны хоча купіць таньней, пажадана польскія вырабы, і нікому не падабаецца пераплочваць. Хаця спачатку рух тавараў быў адваротным: з Горадні ў Польшчу. Калі ў 1988 годзе палякам дазволілі свабодна езьдзіць за мяжу, цягнік на Беласток ажно трашчаў ад савецкіх каляровых тэлевізараў, ад пыласосаў, ад рыдлёвак, пілаў — з другога боку мяжы на ўсё адчуваўся дэфіцыт. Каб набыць тэлевізар сабе, гарадзенцы запісваліся на чаргу, я чакаў тэлевізара дакладна два гады. Потым на гандаль у Польшчу паехалі самі гарадзенцы. Але рэчы з-за ўсходняй мяжы страцілі попыт, і тады ў Горадню пайшоў тавар з польскага боку.

Да нядаўняга часу ў гарадзенскіх газэтах былі абвесткі: важу будаўнічыя матэрыялы з Польшчы. Мне давялося рабіць рамонт, і я напачатку зьдзіўляўся, што мне прывозяць фарбу і ўсё іншае па польскіх цэнах (бо дастаўнік кампэнсаваў свае паслугі атрыманым у палякаў “VAT-ам”), у гарадзенскіх крамах польскія вырабы былі даражэйшыя. Калі я сам трапіў у Польшчу, то пераканаўся: там таньней у два разы. Цяпер прывозіць будматэрыялы нельга.

Вядома: калі ўпаў Бэрлінскі мур, заходнія немцы пачалі вывозіць з ГДР прадукты, як значна таньнейшыя. Пазьней немцы вывозілі харчы з Польшчы, яшчэ гэтым летам літоўцы масава скуплялі прадукты ў Беластоку, Сувалках, і ім ніхто не забараняў гэтага рабіць. Але цэны ў Польшчы павялічыліся, вываз прадуктаў адразу скараціўся. Калі азірнуцца на беларускі досьвед — згадваюцца сэлектарныя нарады, на якіх ажно Радзе бясьпекі давалася распараджэньне рашуча змагацца з тымі, хто ў заплечніках вазіў тварог і масла на продаж у Смаленск. Гэтым летам ужо сама беларуская ўлада змагалася, каб Расея не адмаўлялася ад тварагу і малака. Але вернемся ў Горадню.

Пачобут: “Беларусь — незвычайная краіна: сёньня змагаюцца з чаўнакамі, заўтра будуць змагацца з тым, хто паехаў купіў нешта ў Польшчы, бо трэба купляць беларускае…”

Жыхары памежнага гораду ўсё менш могуць скарыстаць блізкасьць суседняй краіны. Калі прывозіш асабіста для сябе машыну з-за мяжы, гэта ўлічваецца, калі лядоўню — то існуюць абмежаваньні: у Польшчы яна магла каштаваць 200—300 даляраў, але на мяжы за яе трэба было заплаціць 50 эўра. Гарадзенцы наракаюць: у Горадні сёньня шмат якія тавары даражэй каштуюць у параўнаньні ня толькі з блізкай Польшчай, але нават зь Менскам.

Спадарыня: “А я вось цяпер сутыкнулася з купляю тэхнікі бытавой, напрыклад. У Горадні яна даражэй каштуе, чымсьці ў тым жа Менску”.

Спадар: “Менавіта так, хаця па прадуктах даражэйшы будзе Менск. Дый тавары шырокага спажываньня таксама ў нас даражэйшыя праз усе гэтыя пошліны, падаткі. У нас няма распродажаў, напрыклад, навагодніх, а калі ёсьць, то зьніжка пяць адсоткаў, дзесяць, і гэта лічыцца ваў як шмат! А за мяжой людзі зьніжаюць цэны перад Новым годам у пэрыяд калядных сьвятаў ледзьве не на пяцьдзясят-семдзесят адсоткаў ад цаны. Дык пра што казаць? Усё ў нас даражэйшае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG