Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наконт непрызнаньня Беларусьсю Абхазіі і Асэтыі я ня быў бы так упэўнены"


Давід Какабадзэ

Давід Какабадзэ

Намесьніца міністра замежных справаў Грузіі Ніно Каландадзэ заявіла, што “на дадзеным этапе Грузіі не пагражае небясьпека прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”. Гэтыя заявы камэнтуе кіраўнік грузінскай службы радыё Свабода Давід Какабадзэ.

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў маюць намер наведаць Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асетыю напярэдадні разгляду ў Палаце прадстаўнікоў пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці гэтых дзьвюх грузінскіх аўтаноміяў.

Намесьніца міністра замежных справаў Грузіі Ніно Каландадзэ заявіла, што Тбілісі ня будзе ствараць перашкодаў для паездкі беларускіх дэпутатаў ў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Спадарыня Каландадзэ таксама выказала меркаваньне, што “на дадзеным этапе Грузіі не пагражае небясьпека прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”.

Гэтыя заявы мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніка грузінскай службы нашага радыё Давіда Какабадзэ.

Кар.: Давід, чаму Грузія дала дазвол на наведваньне беларускімі дэпутатамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? Візыт жа адбываецца ў межах вывучэньня пытаньня аб прызнаньні іх незалежнасьці. Для Тбілісі сама пастаноўка пытаньня непрымальная.

Какабадзэ: Справа ў тым, што ў грузінскага кіраўніцтва няма ніякіх магчымасьцяў рэальна перашкодзіць якому б ні было візыту якой бы ні было дэлегацыі ў гэтыя два рэгіёны. На рэчы сталі глядзець прагматычна і заяўляць афіцыйна, што ня будуць перашкаджаць такім паездкам. Дарэчы, некалькі тыдняў таму намесьнік міністра замежных справаў Турцыі наведаў Абхазію, і гэта таксама было са згоды Тбілісі.

Кар.: Спадарыня Каландадзэ выказала меркаваньне, што “на дадзеным этапе Грузіі не пагражае небясьпека прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”. На чым грунтуецца такая ўпэўненасьць?

Какабадзэ: Мне здаецца, што гэтая ўпэўненасьць грунтуецца на простым факце, што Беларусь чакае фінансавай дапамогі ад Эўразьвязу і ўключэньня ва ўсе праграмы, якія зьвязаныя зь ініцыятывай Усходняе партнэства ЭЗ. Але я б такой упэўненасьці не выказваў. Беларускі парлямэнт прыме тое рашэньне, якое прыме прэзыдэнт Лукашэнка. А ён чалавек непрадказальны, і мне здаецца, што тут недарэчны такі залішні аптымізм, які я бачу ў выказваньні намесьніцы кіраўніка МЗС Грузіі.
XS
SM
MD
LG