Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску — першая сьмерць ад пнэўманіі


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак 9 лістапада. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на эпідэмію грыпу, разважаюць пра 20-годзьдзе разбурэньня Бэрлінскага муру, параўноўваюць расейскіх і беларускіх міліцыянтаў.

Насуперак запэўніваньням уладаў пра нібыта ўтаймаваньне эпідэміі грыпу, слухачы па-ранейшаму лічаць гэтую праблему галоўнай.

Cпадар Міхал Бяроза: “Калі ў краіне ўзьнікае экстрэмальная сытуацыя, чынавенства пачынае хлусіць ці замоўчвае факты. Дзяржава ня ў стане забясьпечыць насельніцтва неабходнымі сродкамі супрацьстаяньня вірусу. Процьма стаўленікаў Лукашэнкі дзейнічае і, як тыя каларадзкія жукі на бульбяным полі, толькі жаруць. Прапаную даць ім Шушкевічаву пэнсію і адправіць у адпачынак”.

Вы згадваеце ня толькі чыноўнікаў-выканаўцаў, але й таго, хто выбудаваў дзяржаўную вэртыкаль.

Спадарыня: “Сваімі выразамі на прэс-канфэрэнцыі ва Ўкраіне наконт эпідэміі грыпу — быццам бы сьвет летась кукарэкаў, а сёлета рохкае па-сьвінячы, наш кіраўнік агаліў сваё паходжаньне і дзе фармаваўся ягоны мэнталітэт. Лукашэнка выскачыў даўно за ўсе рамкі прыстойнасьці. Мне асабіста сорамна, як ён ганьбіць беларускі народ і Рэспубліку Беларусь”.

У шэрагу тэлефанаваньняў ідзе пошук прычын сёньняшняга становішча з эпідэміяй. Вось думка лекаркі з Асіповічаў Тацяны Барэль:

Спадарыня: “Пачула пра сьмерць мэдыка ад пнэўманіі. Горка. Пра магчымасьць эпідэміі сьвінога грыпу пачула ў Менску на курсах у траўні гэтага году. Ведалі, што грып будзе цяжкі. Лячыць яго трэба прэпаратамі кшталту таміфлю, але дзе яны? У Асіповічах што за грып — мы ня ведаем. Уся наша ахова — самаробная маска і народныя сродкі. Чаму не забясьпечыць людзей прафіляктычнымі сродкамі? Самая асноўная нагрузка — на нас, на мэдыках. Але пра нас клопат? Горка”.

Аднак жыцьцё ёсьць жыцьцё — нават у самых складаных абставінах знаходзіцца месца ўсьмешцы…

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Пытаюся ў свайго суседа Алёшы: “Ты чаму не ў садку?” — “А я хварэю, цёця Ніна”. — “А што, у цябе грып?” — “Ды не, грыбы мы даўно зьелі...”

Грамадзкі рэдактар тыдня, лекарка з Ваўкавыску Тацяна Павіна, расказвае пра рэальную сытуацыю з грыпам у сваім рэгіёне.

Тацьцяна Павіна
Тацяна Павіна
: “Ад сёньня абвешчаны карантын — то бок на грып і ВРВІ хварэе кожны трэці. Учора ў ваўкавыскай рэанімацыі была першая сьмерць — памёр малады чалавек, ягоныя аналізы зараз дасьледуюцца ў Менску. Штодня цяпер па 35 чалавек на прыёме ў кожнага тэрапэўта і па 25 чалавек выклікаюць лекара дадому”.

Не засталася ўбаку і 20-я гадавіна разбурэньня Бэрлінскага муру. Спадар Зіноўеў падае ідэю наперад:

Спадар Зіноўеў: “Сям-там у Нямеччыне пакінулі фрагмэнты сьцяны. І хацелася б зь вяртаньнем Беларусі ў Эўропу, каб пры дэмантажы мяжы на вакзале Берасьця пакінулі мэталічны загон — на выезд, як памяць”.

А спадар Курневіч з Барысава згадвае якраз мінулае:

Валер Курневіч: “Немцы Бэрлінскую сьцяну зламалі. І ў Менску ў 61 годзе таксама цуд быў — помнік Сталіну зламалі”.

Наступны наш слухач праводзіць паралелі ўжо між Расеяй і Беларусьсю. Аднак зь іншай нагоды.

Cпадар: “У Расеі сьвята — Дзень міліцыянтаў. У нас прыкладна на тыдзень раней. Ведаеце, вось, здаецца, саюзная дзяржава, а міліцыянты розныя. Там шмат Еўсюковых, а ў нас так і засталося, як у гэтай стужцы “Месца сустрэчы зьмяніць нельга”. Штосьці падкінуць, толькі не лапатнік, а наркотыкі ці яшчэ нешта, непраўдзівыя зьвесткі… Усё засталося, як і раней. Можа, я памыляюся? Дзякуй”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG