Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: мы прымаем 12 патрабаваньняў Эўразьвязу


Аляксандар Лукашэнка ня бачыць перашкодаў для рэалізацыі прапаноў Эўразьвязу, але ў рамках канстытуцыі Беларусі і з улікам нацыянальных інтарэсаў. У аўторак кіраўнік Беларусі правёў нараду па пытаньнях удасканаленьня выбарчага заканадаўства з ўдзелам старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

На нарадзе Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг важных заяваў.

Пра патрабаваньні ЭЗ, ЗША і Расеі

Давайце ня будзем хаваць: эўрапейцы ад нас патрабуюць, і патрабаваньняў гэтых хапае. Нядаўна, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ЭЗ я сказаў, што ў нас няма абсалютна ніякай алергіі і адпрэчваньня што да тых прапаноў, якія ўносіць ЭЗ.

Нам трэба няшмат часу, і гэтыя 12 ці 15 прапаноў ЭЗ можна спакойна прыняць, бяз шкоды для нашай краіны, нашай унутранай палітыкі.

У ЭЗ, Расеі, ЗША нам намякаюць на тое, што нешта недзе трэба падкарэктаваць. Мы ня супраць, дзякуй, што падказваеце.

Ціснуць на нас, як я ўжо некалькі разоў пра гэта казаў, контрпрадуктыўна. Гэта і ў Эўропе разумеюць. Мы – сувэрэнная дзяржава і самастойна выпрацоўваем сваю зьнешнюю і ўнутраную палітыку, улічваючы ўсё лепшае з усясьветнага вопыту

Пра зьмены з выбарчы кодэкс


Нам трэба захаваць стабільнасьць і кіраванасьць у краіне. Галоўнае, каб усе зьмены адпавядалі літары і духу нашай Канстытуцыі.

Сёй-той трактуе неабходнасьць зьмены выбарчага заканадаўства як выкананьне патрабаваньняў Эўразьвязу па палітычнай лібэралізацыі Беларусі.

Няма неабходнасьці праводзіць яшчэ адзін рэфэрэндум па зьменах Канстытуцыі.

Лібэралізацыя выбарчага заканадаўства не павінна прывесьці да палітычных беспарадкаў і анархіі падчас маючых адбыцца выбарчых кампаній.

Удасканаленьне выбарчага працэсу не павінна адбіцца нэгатыўным чынам на кіраванасьці сытуацыі ў Беларусі.

Пра фармаваньне выбарчых камісіяў з удзелам палітычных партыяў

Я наагул ня бачу праблемы ў гэтым пытаньні. Калі ласка, на месцах ёсьць партыі, аб'яднаньні. Ідзіце ў райвыканкамы, дзе прымуць рашэньне і ўключаць вас у выбаркамы. Але сілай прымушаць уключаць траціну ці палову ня трэба.

Пра рэгістрацыю кандыдатаў

Я ня бачу праблемы, каб спрасьціць вылучэньне і рэгістрацыю кандыдатаў. У тым ліку дазволіць палітычным партыям вылучаць сваіх кандыдатаў незалежна ад таго, ці ёсьць у рэгіёнах іх структура, ці няма

Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў па перадвыбарчай агітацыі ў паведамляльным парадку

Тут таксама няма ніякай праблемы.

Трэба раз і назаўсёды аслупаваць, будзь тое ў Гомелі, Менску ці Берасьці, Бярозе ці ў нейкім сельскім Савеце, вызначанае месца. І іншага месца быць не павінна

Пра магчымасьць стварэньня выбарчых фондаў

Калі ў некага ёсьць грошы, няхай паказваюць, агітуюць, ствараюць гэтыя фонды

Пра скасаваньне парогу яўкі на мясцовыя выбары

Майце на ўвазе, што ацэнка мясцовым органам будзе вельмі жорсткая, каб не было самаўхіленьня ад правядзеньня выбараў. Агітацыя ісьці на выбары павінна быць. Што да прэзыдэнцкіх выбараў, то тут парог яўкі чапаць нельга.

Пра пашырэньне правоў назіральнікаў

Старшыня камісіі ў нас на месцы вырашае, як назіраць, у якім куце стаяць. Калі мы тут будзем прымаць нейкае рашэньне, то гэта ўжо будзе ціск і нівэляваньне таго падыходу, які сёньня існуе.

Пра палітычнае значэньне зьменаў выбарчага заканадаўства

Гэта гіганцкі крок наперад па зьмене выбарчага працэсу. Наступствы гэтых крокаў павінны быць ясна пралічаныя. Нам патрэбныя нацыянальныя інтарэсы, а не мерапрыемствы на дагоду замежным арганізацыям і дзяржавам.

Мы не павінны даць старт гэтым палітычным кампаніям


Калі мы ў гэты няпросты з пункту гледжаньня эканомікі час пачнём бразгаць палітычнай зброяй, то мы ніколі ня выберамся з гэтага стану.

Выбары павінны прайсьці спакойна, як яны ў нас праходзяць.

Не зьвяртайце ўвагі на гэты піск, віск знутры краіны і з-за мяжы.


У траўні сёлета Аляксандар Лукашэнка пра прапановы Эўразьвязу казаў зусім іначай


“Гэтыя 12 крокаў тут нарадзіліся, гэта ня вашыя 12 умоваў. Гэта тут напісалі і перадалі туды невялікага розуму людзі, якія раілі кіраўнікам Эўрапейскага Зьвязу выкарыстаць гэта ў адносінах да Беларусі”, — заявіў Лукашэнка ў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Reuters.
Мы ведаем пра гэтыя прапановы — усё зламаць, распусьціць і гэтак далей...

“Гэта настолькі наіўныя і непрымальныя прапановы для нас, што проста сьмешна... Гэтыя прапановы тут фармавалі тыя людзі, якія не жадалі нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЭЗ. Мы ведаем пра гэтыя прапановы — зламаць выбарчае заканадаўства, зламаць заканадаўства пра СМІ, усё зламаць, распусьціць і гэтак далей”, — сказаў кіраўнік краіны.

“Чаму вы не патрабуеце ад Расеі зламаць заканадаўства — яно ў іх яшчэ больш жорсткае? Чаму вы зыходзіце з дваістых стандартаў?” — задае пытаньні Лукашэнка.

“Калі б мы мелі такія носьбіты, як Расея ці Казахстан, то і да нас бы па-іншаму ставіліся. Ці можна так ставіцца да Расеі, калі яна табе пастаўляе энэрганосьбіты?” — адказвае на свае ж пытаньні кіраўнік Беларусі.

“Дваістыя стандарты — гэта ад разявацтва эўрапейскіх чыноўнікаў”, — перакананы Лукашэнка.

“Калі б яны думалі перад тым, як прымаць рашэньні, былі бы адказнымі, то яны б такіх рашэньняў не прымалі” — дадаў ён.



"12 патрабаваньняў Эўразьвязу да ўладаў Беларусі"


ЭЗ патрабуе каб улады Беларусі:

  • 1. Паважалі права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаваньні й бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і групаў падтрымкі праводзіць кампаніі бязь ціску, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, у тым ліку з боку беларускіх няўрадавых арганізацыяў; права на волевыяўленьне й права на справядлівы падлік галасоў.

  • 2. Паважалі права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасьці, каб улады давалі журналістам магчымасьць працаваць бязь ціску або судовага перасьледу, не закрывалі газэтаў і не заміналі іх распаўсюджваньню.

  • 3. Паважалі правы грамадзкіх арганізацыяў як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — не ўскладнялі іх законнага існаваньня, ня ціснулі на сябраў грамадзкіх арганізацыяў, не перасьледавалі іх і дазвалялі ім атрымоўваць міжнародную дапамогу.

  • 4. Вызвалілі ўсіх палітычных зьняволеных — сябраў дэмакратычных апазыцыйных партыяў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэчаў.

  • 5. Належным чынам правялі незалежнае расьсьледаваньне або перагледзелі выпадкі са зьнікненьнем грамадзянаў.

  • 6. Забясьпечылі права народу Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сыстэму, у якой над судзьдзямі не чыніўся б палітычны ціск, не праводзіліся адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя перасьледы і не прымаліся палітычна матываваныя рашэньні — такія, як арышт грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды.

  • 7. Спынілі адвольныя арышты, затрыманьні й прыніжальнае абыходжаньне зь людзьмі.

  • 8. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

  • 9. Паважалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі — у прыватнасьці, іх права на сяброўства ў прафсаюзах — і давалі прафсаюзам магчымасьць бараніць правы чалавека.

  • 10. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня ўладаў.

  • 11. Сьледам за іншымі народамі Эўропы забаранілі пакараньне сьмерцю.

  • 12. Выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЭ, ЭЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG