Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спадабацца МВФ з трэцяга разу


У Беларусі пачала працу трэцяя аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) па праграме stand-by. Экспэрты будуць знаходзіцца ў Менску да 19 лістапада, місію аналітыкаў МВФ ачольвае Крыс Джарвіс.

Па дадзеных на пачатак лістапада, фонд ужо выдаткаваў Беларусі агулам больш за 2 мільярды даляраў, у выпадку станоўчай ацэнкі высілкаў беларускіх уладаў да канца году можа быць пералічана яшчэ 700 мільёнаў даляраў.

Цягам больш як тыдня прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду прааналізуюць, як Беларусь выконвае колькасныя і якасныя крытэрыі праграмы stand-by на 1 кастрычніка. З улікам лістападаўскага траншу 700 мільёнаў даляраў, сума дапамогі Беларусі ўжо склала 2 мільярды 230 мільёнаў даляраў. Калі ўрад выканае ўсе патрабаваньні МВФ, то да красавіка 2010 году атрымае дапамогі больш чым 3,5 мільярды даляраў. Кіраўніца прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна лічыць, што неспадзяванкі ўзьнікнуць не павінна, паколькі асноўныя крытэрыі праграмы беларускім бокам выконваюцца:

“Наша праграма разьлічаная на 15 месяцаў і агляды праводзяцца кожны квартал. То бок, гэта абавязковыя паквартальныя агляды. Другі агляд, які разглядаў выкананьне паказьнікаў на канец чэрвеня, завершаны. А ўжо цяпер прыяжджае місія па трэцяму агляду. І гэта ніяк не зьвязана з нейкімі просьбамі Менска, гэта ўсё адбываецца ў рамках той самай праграмы. І калі будзе завершаны трэці агляд, то будзе выдадзены чарговы транш – прыкладна столькі ж, колькі і апошнім разам. Усё залежыць ад курсу даляра да СДР (спэцыяльныя правы запазычаньня -- РС). А сама па сабе праграма дзейнічае да красавіка”.

Паводле вынікаў папярэдняга агляду ходы рэформаў у Беларусі фонд адзначыў посьпехі краіны ў рэфармаваньні фінансавай інфраструктуры і паляпшэньні бізнэс-клімату. Як вядома, МВФ ухваліў 15-месячную праграму stand-by для Беларусі з крэдытнай падтрымкай памерам 2,5 мільярдаў даляраў. Гэтыя сродкі пералічаны напачатку 2009 году. Аднак у чэрвені сума крэдыту была павялічана да 3,6 мільярдаў даляраў.

Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч у канцы кастрычніка выказаў перакананасьць, што МВФ паводле вынікаў трэцяга агляду выдасьць Беларусі чарговую частку крэдыту ў сьнежні 2009 году. А ці зьбіраецца Нацбанк далей супрацоўнічаць з МВФ? Ці ёсьць палітычнае рашэньне зьвярнуцца па рэалізацыю новай праграмы?

“Мы пакуль афіцыйнага рашэньня не прымалі, нават на ўзроўні Нацыянальнага банку. І гэта зьвязана з тым, што трэба спачатку пасьпяхова завяршыць ужо пачатую праграму, і ўжо тады ў межах выкананьня праграмы сёньняшняй зазіраць у будучыню. Пачынаючы з гэтай місіі, асноўны кірунак нашай сумеснай працы будзе ў правядзеньні структурных рэформаў, накіраваных на будучае разьвіцьцё краіны. У гэтым сэнсе мы правядзём дзьве кансультацыі з місіяй, а таксама сэмінар па ўсіх важнейшых пытаньнях. Усё вельмі ўважліва разглядзім і толькі пасьля гэтага вызначымся: ці будзе неабходнасьць нам працаваць надалей з місіяй МВФ, ці патрэбна будзе іх падтрымка ў справе правядзеньня структурных рэформаў у Беларусі?”.


Дзеля таго, каб дэкляраваныя намеры сталі рэальнасьцю, МВФ паставіў перад урадам Беларусі задачу скараціць колькасьць ільготных крэдытаў юрыдычным і фізычным асобам, якія, на думку экспэртаў, зараз беларускай эканоміцы папросту не па кішэні. Таксама рэкамэндуецца паскорыць працэс прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.
Пры гэтым некаторыя незалежныя аналітыкі заяўляюць, што сваімі крэдытамі МВФ працягвае падтрымліваць цяперашні беларускі рэжым - у той час як нават сталы беларускі донар, Расейская Фэдэрацыя, адмаўляецца фінансаваць неэфэктыўную эканоміку Беларусі
XS
SM
MD
LG