Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску распачаўся “хрысьціянска-юдэйскі дыялёг”


9 лістапада ў Менску пачалася міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Хрысьціянска-юдэйскі дыялёг: рэлігійныя каштоўнасьці як аснова ўзаемапавагі ў грамадзянскай супольнасьці ва ўмовах глябальнага эканамічнага крызісу”.

Сярод удзельнікаў — дэлегаты праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў зь Беларусі, Ватыкану, Расеі, Нямеччыны, Італіі, Швайцарыі, ЗША, Канады. З боку розных накірункаў юдаізму — прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Ізраілю.

Мітрапаліт Філарэт
Міжнародную канфэрэнцыю адкрыў мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. Ён адзначыў, што гэта сёмы па ліку форум, прысьвечаны міжканфэсійным стасункам. Дата пачатку канфэрэнцыі глыбока сымбалічная: 9 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы супраць фашызму, расізму, антысэмітызму:

“Эўрапейская і ўсясьветная цывілізацыя ў цэлым дасягнула такога узроўню самасьвядомасьці, калі ў бальшыні краінаў сьвету пасьлядоўнікі розных рэлігій узаемна імкнуцца мірна жыць, захоўваць добразычлівасьць альбо, прынамсі, нэўтралітэт. Але раўнавага гэтая па-ранейшаму застаецца крохкай каштоўнасьцю. Трэба яшчэ шмат вучыцца верацярплівасьці і суіснаваньню. Раўнапраўны дыялёг хрысьціянаў і юдэяў, калі ён сапраўды будзе разьвівацца і прыносіць практычны плён, можа стаць унікальным прыкладам таго, як можна і патрэбна вучыцца на ўласных памылках, каб прадухіляць гістарычныя катастрофы”.

Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вітаецца з імамам Слонімскага мячэту Сулейманам Байрашэўскім.
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў надзею, што высокі статус удзельнікаў канфэрэнцыі і шчырая зацікаўленасьць кожнага знайсьці паразуменьне будуць мець плён:

Кандрусевіч: “Напэўна, сёньня трэба адказваць на выклікі нашага часу, і гэтыя пытаньні будуць уздымацца, Нават у тытуле гэтай канфэрэнцыі пазначана: сёньня крызіс, і якія прычыны гэтага крызісу? Гэта ня толькі эканамічныя прычыны, а таксама і маральныя прычыны. Яны для мяне, каталіка, важныя. Яны важныя і для праваслаўных, яны важныя і для габрэяў, важныя для мусульманаў, важныя для кожнага, веруючага і ня веруючага чалавека. Гэта першае, а другое — трэба вучыцца жыць разам”.

У канфэрэнцыі бяруць удзел кіраўнік Папскай рады па хрысьціянскім адзінстве кардынал Вальтэр Каспэр; галоўны рабін Ізраілю для рэпатрыянтаў Ягуда Гордан, прадстаўнікі шматлікіх канфэсій з розных краінаў сьвету.

Пасол Дзяржавы Ізраіль ў Беларусі Эдуард Шапіра ў сваім выступе адзначыў, што Беларусь — унікальная краіна, дзе ўсе канфэсіі жывуць у міры і згодзе, адна з самых спакойных з пункту гледжаньня міжканфэсійных, рэлігійных канфліктаў. Але дыплямат выказаў заклапочанасьць і прэтэнзіі да беларускіх афіцыйных уладаў. На яго думку, катастрафічная сытуацыя з памяшканьнямі для юдэйскіх абшчын; часьцяком будаўнічыя працы вядуцца на месцах пахаваньняў габрэяў; пракуратура адмаўляецца заводзіць крымінальныя справы па артыкуле 130 — “распальваньне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасьці”, калі адбываюцца выпадкі апаганьваньня культавых месцаў, могілак.

Выступае кардынал Вальтэр Каспэр.

Галоўны рабін Ізраілю для рэпартыянтаў Ягуда Гордан, дзед якога да вайны быў рабінам у беларускім мястэчку Глыбокае, распавёў кранальную гісторыю, як мясцовы праваслаўны сьвятар зь ягоным дзедам размаўляў на ідышы, як плакаў і дапамагаў габрэю хавацца, калі прыйшлі немцы.

З прывітальнымі словамі на канфэрэнцыі выступілі прадстаўнікі афіцыйнай улады — упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка, намесьнік Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Сяргей Шухно. У форуме бяруць удзел прадстаўнікі АБСЭ, ААН, дыпляматычнага корпусу: паслы Францыі Мірэй Мюсо, Італіі Джуліё Прыджоні, Вялікай Брытаніі Размары Томас, Славакіі Марыян Сэрватка, Украіны Ігар Ліхавы.


Канфэрэнцыя будзе працягвацца 10 і 11 лістапада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG