Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аднадумцы з сацыяльнай сеткі зарэгістраваліся ў Мін’юсьце


Сябры грамадзкага аб’яднаньня “Рух Будучыні” правялі ў Менску інфармацыйную акцыю супраць распаўсюджваньня эпідэміі сьвінога грыпу. Маладыя людзі раздавалі каля буйных супэрмаркетаў улёткі з інфармацыяй пра тое, як засьцерагчыся ад інфэкцыі. “Рух Будучыні” — першая ў краіне арганізацыя, сябры якой знайшлі адзін аднаго ў сацыяльнай сетцы.

Старшыня “Руху Будучыні” Вячаслаў Дзіянаў паведаміў, што каля двух гандлёвых цэнтраў — “Максімус” і “Карона”, а таксама каля станцыі мэтро “Кунцаўшчына” актывісты арганізацыі ў адгазьніках, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, раздавалі інфармацыйныя ўлёткі пра сьвіны грып і прафіляктычныя захады дзеля прадухіленьня хваробы.

Вячаслаў Дзіянаў — студэнт пятага курсу Тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Ён расказаў, што сябры арганізацыі пазнаёміліся праз інтэрнэт. У асноўным яны карысталіся сацыяльнай сеткай “В контакте”. На пачатку лета яны сабраліся разам і вырашылі зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі як грамадзкае аб’яднаньне.

30 верасьня Мін’юст без праблемаў зарэгістраваў аб’яднаньне, у якім на сёньняшні дзень 40 сяброў.

Старшыня “Руху Будучыні” Вячаслаў Дзіянаў: “У нас у інтэрнэце зараз ідзе інфармацыйная кампанія. Мы зьвяртаем увагу на сьвіны грып у сацыяльных сетках, больш за ўсё ў “В контакте”, бо мы менавіта там сфармаваліся. Мы пішам, што такое сьвіны грып і як ад яго абараніцца. Зноў надрукавалі ўлёткі і будзем іх распаўсюджваць.
На 15 лістапада маладыя людзі плянавалі супрацьалькагольную акцыю каля Камароўскага рынку. Але Менгарвыканкам ня даў дазволу.
Гэта што тычыцца акцыі “Здароўе”. Заўтра возьмем нейкі раён і будзем там распаўсюджваць улёткі праз паштовыя скрыні”.

На 15 лістапада маладыя людзі плянавалі супрацьалькагольную акцыю каля Камароўскага рынку. Яны зьбіраліся раздаваць людзям гарбату пад расьцяжкамі з заклікамі адмовіцца ад ужываньня алькаголю. Але Менгарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне гэтай акцыі з фармулёўкай, што мэты яе ў заяўцы сфармуляваныя недакладна.

Вячаслаў Дзіянаў паведаміў, што бліжэйшым часам яны плянуюць акцыю за адмену візаў ці зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў.

Раней, паводле слоў старшыні “Руху Будучыні”, сябры руху правялі некалькі дабрачынных акцый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG