Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зафіксаваныя 102 выпадкі захворваньня на грып, выкліканы вірусам А/Н1N1. Пра гэта ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям паведаміла галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан. У краіне абвешчаная эпідэмія грыпу, а ў аптэках па-ранейшаму няма антывірусных мэдычных прэпаратаў.

Пасьля абвяшчэньня эпідэміі грыпу менскія паліклінікі працуюць у надзвычайным рэжыме — без выходных дзён. У мінулую сьвяточную суботу на прыём прыходзіла гэтак жа шмат наведнікаў, як і ў сёньняшні панядзелак, паведаміла супрацоўніца рэгістратуры паліклінікі №2:

Карэспандэнтка: “Ці шмат людзей прыходзіць?”


“Учора было як звычайна, а ў суботу вельмі шмат”.

Карэспандэнтка: “Як будзеце працаваць у бліжэйшыя выходныя?”


“Мы ўжо даўно працуем у суботу і нядзелю”.

Зь вітрынаў аптэк паздымалі абвесткі пра адсутнасьць лекаў, аднак антывірусных прэпаратаў па-ранейшаму няма. Гаворыць фармацэўт аптэкі № 5 дзяржаўнага прадпрыемства “Белфармацыя” Галіна Байдэнак:

Карэспандэнтка: “Ці зьмяняецца колькасьць наведнікаў?”

“Сёньня менш”.

Карэспандэнтка: “Што звычайна людзі пытаюцца?”


“У асноўным супрацьвірусныя, супрацьгрыпозныя. Гэтага ў нас няма. Тое, што было, прадалі, і вось... апошнім часам... няма. Замаўляем”.

Карэспандэнтка: “І што вам адказваюць?”

“Ну, што нам адказваюць? Паводле графіку нам прывозяць прэпараты. Што ёсьць, тое і прывозяць”.

Пра становішча зь лекамі гутару з наведнікамі аптэк:

Карэспандэнтка: “Ці спрабавалі набыць супрацьвірусныя прэпараты, ці ўдалося?”

Спадарыня: “Не, няма. Казалі пасьля 16-га прыходзіць, тады будуць паступаць”.

Спадар: “І па тэлевізары, і па радыё кажуць, што зь лекамі няма праблем. А насамрэч нічога няма”.

Спадарыня: “Мазі няма, павязкі ёсьць, але нейкія брыдкія. Парацэтамолу няма — кажуць, пасьля 11 чысла будуць паступленьні”.

Карэспандэнтка: “Што вы думаеце пра такое становішча?”

“Вы ведаеце, вельмі складана ўсё гэта зразумець. Вельмі цяжка. Немагчыма проста зразумець, што ўвогуле адбываецца і зь лекамі, і з грыпам, і з усім астатнім. Як заўсёды, ідзе падман. Проста чарговы падман народу”.

На інтэрнэт-сайце Міністэрства аховы здароўя апошнія зьвесткі пра становішча з захворваньнямі на грып пазначаныя пятніцай. Паведамляецца таксама пра тое, колькі і якіх мэдпрэпаратаў будзе паступаць у аптэкі. Іх цяперашнюю адсутнасьць, як і новыя захворваньні, вышэйшыя чыноўнікі па-ранейшаму камэнтаваць адмаўляюцца, скіроўваючы ўсе пытаньні да прэсавай службы. Яе супрацоўніца Раіса Чудук, у сваю чаргу, паведаміла наступнае:

“Заўсёды напрыканцы дня бываюць зьвесткі. Цягам дня яны зьбіраюцца і напрыканцы дня будуць. Усю інфармацыю, якая мне будзе паступаць, якую я павінна буду зьмясьціць на сайце, я абавязкова буду зьмяшчаць”.

Тым часам мэдыі паведамляюць пра чарговую сьмерць: супрацоўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека ў Гомелі памерла ад пнэўманіі.

У паліклініцы №2 Менску


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG