Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны хацелі ўсяго крыху больш свабоды”


Марцін Шэн

Марцін Шэн

Чаму абрынуўся Бэрлінскі мур? Што са спадчыны ГДР захавалася ў сучаснай Нямеччыне? Ці існуе на ўсходзе Нямеччыны шкадаваньне па ГДР? Пра гэта Юры Дракахруст гутарыў зь нямецкім палітолягам Марцінам Шэнам.

Дракахруст: Як наагул былі магчымыя перамены ў ГДР у 1989 годзе? Пасьля здушэньня хваляваньняў 1953 году ўсходненямецкае грамадзтва было надзвычай ціхім, спаралізаваным страхам перад Штазі - адной з самых эфэктыўных і брутальных спэцслужбаў краінаў усходняга блёку. Апазыцыя была слабай і кантраляванай знутры той самай Штазі. Дык як гэта адбылося?

Шэн : Ёсьць два фактары, якія адыгрывалі важную ролю. Першая - што сама сыстэма дала расколіну. Было відаць , што ГДР прайграла па эканамічных парамэтрах, і гэта разумелі і многія людзі, якія знаходзіліся на кіруючых пасадах. Сыстэма аказалася расколатай.
Магчыма, гэта паўплывала на рэакцыю на зьяўленьне на вуліцах незадаволеных людзей. Насамрэч мэнэджмэнт крызысу з боку ўладаў быў кепскі. Яны мелі вялікія рэсурсы, каб здушыць гэтыя пратэсты, з самага пачатку гэта былі даволі маленькія мітынгі. Не было нічога такога, чаго варта было палохацца такой моцнай дзяржаве. Але яны спадзяваліся, што трэба проста пачакаць, выпусьціць пару, даць магчымасьць людзям выехаць на Захад, і ўсё супакоіцца. Я размаўляў са сваім калегам – сацыёлягам з былой ГДР, які вывучаў фэномэн гэтых дэманстрацыяў. Ён сказаў, што немагчыма патлумачыць, чаму людзі пачалі выкрыкваць лёзунгі, якія яны не зьбіраліся выкрыкваць. Яны не хацелі зьмены сыстэмы, яны хацелі ўсяго крыху больш свабоды.

Дракахруст: А што са спадчыны былой ГДР захавалася ў сучаснай аб'яднанай Нямеччыне?

Шэн: Ёсьць структурныя моманты і мэнтальна-псыхалягічныя. Захаваліся некаторыя моманты, добрыя нават па сёньняшніх мерках, напрыклад, дзіцячыя садкі. Іх і дагэтуль не хапае паўсюль у Заходняй Нямеччыне. А ва Ўсходняй Нямеччыне яны існуюць у кожным кутку. Іх нават зашмат, бо многа людзей зьехала. Многія палітыкі ставяць у прыклад новай аб'яднанай Нямеччыне досьвед догляду за дзецьмі ў ГДР.

Другі момант – гэта левая партыя, якая ў пэўным сэнсе засталася ад ГДР. Яна вельмі моцная менавіта на Ўсходзе. Яна мела вялікія рэсурсы пасьля краху ГДР. Але акрамя таго, яна ведае як размаўляць зь людзьмі ва ўсходняй Нямеччыне.

Што тычыцца мэнтальнасьці, то ёсьць адрозьненьні, якія адчуваюцца. Я сам заходні немец, і ва ўсходняй Нямеччыне я адчуваю, што там людзі, асабліва старэйшага ўзросту, хаця і маладыя таксама, больш цэняць чалавечыя адносіны, імкнуцца да стварэньня добрай сацыяльнай сеткі.

Людзі і з былога СССР, і з краінаў Усходняй Эўропы заўважаюць, што людзі Заходняй Эўропы больш засяроджаныя на сабе.

Дракахруст: Ці існуе ва ўсходняй Нямеччыне палітычна выразнае шкадаваньне аб ГДР?

Шэн: Мне здаецца, што яно ёсьць. Пра гэта сьведчаць і сацыялягічныя апытаньні. Ёсьць рэгіёны, дзе большасьць людзей шкадуе, што болей няма ГДР. Прычыны гэтага найперш у эканамічным становішчы. Там хапае структурна слабых рэгіёнаў, дзе беспрацоўе сягае 30%. Людзі незадаволеныя і шмат хто зь іх галасуе за партыю, якая кажа, што ня ўсё было кепска ў ГДР, найперш у сацыяльнай сфэры.

***

Марцін Шэн — нямецкі грамадзкі дзеяч, палітоляг. Нарадзіўся ў 1979 г. у Вісбадэне (Нямеччына). Прыехаў у Беларусь у 2000 г. як добраахвотнік нямецкай арганізацыі «Акцыя выкупленьня і службы міру», працаваў зь дзецьмі-інвалідамі ў Менску. У 2002 г. пачаў вучобу ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «Культуралёгія». Пасьля закрыцьця ЭГУ перавёўся ў Эўрапейскі ўнівэрсытэт «Вядрына» ў Франкфурце-на-Одэры. З 2002 г. — рэдактар нямецкага часопісу «Belarus-Perspektiven».
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG