Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэшткі сьцяны


У памяць аб лістападаўскіх падзеях 1989 году я захоўваю ў сябе дома кавалкі ад Бэрлінскага мура. Узгадваю як адкалола іх ля Брандэнбурскай брамы ў кампаніі зь невядомай мне амэрыканскай турысткай.

Гэта здарылася праз тыдзень-другі пасьля гістарычнага падзеньня сьцяны... Тое, што я трапіла ў Бэрлін, а дакладней у два Бэрліны – Заходні і сталіцу ГДР – менавіта ў той час, было, зразумела, супадзеньнем. Нас, журналістаў нямецкамоўнай службы беларускага радыё, яшчэ ўвесну 1989 году запрасіла да сябе заходнебэрлінская пацыфісцкая арганізацыя “Акцыя збавеньня”. Памятаю, што афармленьне дакумэнтаў цягнулася марудна, аднак прынцыповых перашкодаў на нашым шляху не было. Ішла перабудова і кіраўніцтва радыё дэманстравала новае мысьленьне.

Мы прыехалі ў Бэрлін, калі мур ужо сымбалічна паў, аднак, фактычна, працягваў існаваць. Гэта значыць, што трапіць з сацыялістычнага Бэрліну ў капіталістычны можна было толькі праз памежныя кантрольна-прапускныя пункты і пільнае вока гэдээраўскіх памежнікаў. Тады ў сярэдзіне лістапада 1989 году цяперашняя нямецкая сталіца ўсё яшчэ была падзеленая на чатыры сэктары: амэрыканскі, брытанскі, француcкі і савецкі. У савецкім сэктары ці сталіцы тагачаснай ГДР можна было чуць нямецкую ды расейскую мовы, часам нават здавалася, што ты знаходзісься не ў ГДР, а на праспэкце Калініна ці вуліцы Горкага ў Маскве. Заходні Бэрлін жа быў сапраўдным мультыкультурным горадам. Гэта былі адначасна Заходняя Нямеччына, Вялікабрытанія, ЗША і Францыя. Трапіць з аднаго Бэрліну ў другі з кожным днём станавілася ўсё больш рэальна. Аднак чэргі аўтамабіляў, якія ехалі ў бок ГДР, былі велізарныя. Памятаю, як адзін журналіст з Кёльну, які адмыслова паехаў у Бэрлін, каб сустрэцца з намі, спазьніўся на сустрэчу гадзін на восем. Тым ня менш вонкавыя перамены разьвіваліся вельмі маланкава, самі ж людзі мэнтальна не заўсёды даганялі іх.

Тады ў лістападзе 1989 далёка ня ўсе немцы – заходнія і ўсходнія – верылі ў аб’яднаньне сваёй краіны. Былі сярод заходніх немцаў і такія, якія адмоўна ставіліся да ўзьяднаньня. Пры гэтым яны не былі ні камуністамі, ні прыхільнікамі СССР. Адзін знаёмы радыёжурналіст гаварыў, што ён супраць адзінай Нямеччыны, паколькі супраць моцнай Нямеччыны. Другі лічыў, што падзеньне мура – гэта рэванш за Другую сусьветную вайну, нямецкая помста расейцам, бо адпомсьціць яшчэ і амэрыканцам – гэта не рэальна.

На ўсе мае довады супраць, мне адказвалі, што я тусуюся ў адным з асяродкаў прыстойных і сумленных людзей і, зразумела, не магу бачыць пры гэтым галоўных лялькаводаў. Іх вельмі мала цікавяць інтарэсы простых немцаў, а тым больш інтарэсы народаў Усходняй Эўропы. Мае нямецкія калегі па-ранейшаму жывуць і працуюць у Бэрліне, у выданьнях, якія пазыцыянуюць сябе як незалежныя...

Тады ў лістападзе 1989 я знаходзілася пад уражаньнем расповедаў іншых немцаў. Яны не стамляліся паўтараць: “Дзякуй Богу, што ёсьць Гарбачоў”. Мая гэдээраўская сяброўка, напрыклад, была ўдзячная савецкаму кіраўніку за тое, што магла нарэшце сустрэцца са сваёй маці, вымушанай ў 1960-я зьбегчы ў ФРГ. Гэта была ня рэдкая для ГДР гісторыя. Як і тое, што мая сяброўка падобна многім іншым гэдээраўскім немцам нярэдка чуе на свой адрас зьняважлівае “осі”(усходніца) ад заходненямецкіх суайчыньнікаў. Менавіта ім “вэсі” сёньня належаць большасьць фірмаў у былой ГДР. “Осі” лічаць “вэсі” вельмі высакамернымі і зьвязваюць менавіта зь імі прычыны высокага беспрацоўя у былой ГДР.

...Тады ж ў лістападзе 1989 году многія глядзелі на ўсё з эўфарыяй. Усе ўсходнікі гаварылі пра блізкі канец “штазі”, пра пакараньне гэдээраўскіх дыктатараў, пра ўласныя правы і, зразумела, пра неабмежаваныя вандроўкі...

Прыкладна пра тое ж марылі і мы, беларускія журналісты, якія трапілі ў абодва Бэрліны. Ніхто з нас ня верыў, што мур можа адрадзіцца, але, паводле той жа тэрміналёгіі некаторых эўрапейскіх палітыкаў, у выглядзе візавай палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі.

Як дакладна будуць разьвівацца падзеі, тады, 20 гадоў назад, не ўяўляў сабе ніхто. Хіба што за выключэньнем асобных заходненямецкіх дыпляматаў.


Гл. таксама: Бэрлінскія каляды і камяні ад мурa
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG