Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлінскі мур быў зьнішчаны 20 гадоў таму. Але псыхалягічны падзел, тое, што немцы называюць “мур у галаве”, захоўваецца дагэтуль. Наша карэспандэнтка Клэр Біг паразмаўляла зь некалькімі ўсходнімі немцамі аб іх жыцьці пасьля 1989 году.

Фрыц Родэль быў у ГДР дырэктарам прэстыжнага бэрлінскага тэатру, шмат разоў езьдзіў на Захад. Ужо ў сярэдзіне 80-х у яго была ўпэўненасьць, што ГДР дажывае апошнія гады.

Калі 9 лістапада 1989 году абрынуўся Бэрлінскі мур, ён проста пайшоў спаць. А прачнуўся ў краіне, якая больш ня мела ў ім патрэбы:

“У 1990 годзе я пакінуў сваю пасаду, бо ведаў, што яны хочуць прызначыць новага дырэктара і я меркаваў, што яны дадуць кіраўныя пасады некампэтэнтным людзям, як гэта мела месца ў шмат якіх установах тут, на ўсходзе. Я не хацеў звальняць людзе і гэта было б маім апошнім абавязкам”.

І сапраўды многія пасады ва Ўсходняй Нямеччыне занялі людзі з Захаду, напрыклад, палова ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў у былой ГДР назаўжды страцілі свае пасады.

Спадар Родэль, якому цяпер пад 80, пасьля ўзьяднаньня быў у асноўным бяз працы. Але ён не жадае адраджэньня ГДР. Ён кажа, што аб’яднаньне было непазьбежным, проста на ягоную думку, працэс варта было б расьцягнуць на некалькі гадоў, каб забясьпечыць больш плаўны пераход.

Цяпер, паводле яго, шмат хто на ўсходзе Нямеччыны адчувае сябе калянізаваным народам, нават у большай ступені, чым раней, пры камуністычна-савецкім панаваньні.

Вальтраўд Цырфогель, 73-гадовая гандлярка каўбасой, не належыць да гэтых людзей. Яе родны раён ўсходняга Бэрліну Прэнцлаўэр Бэрг, які наўпрост прымыкаў да Муру, незвычайна зьмяніўся:

“У часы ГДР старыя кватэры былі танныя. Пасьля вайны тут жылі вялікія сем'і, у якіх было 5-6 дзяцей. Цяпер цэны вельмі высокія. Большасьць людзей паехала далей на Ўсход Нямеччыны. Цяпер гэта раён для прывілеяваных”.

Але фраў Цырфогэль не адчувае настальгіі па ГДР – яна памятае бясконцыя дэфіцыты і жах, які выклікала спэцслужба Штазі.
Адсутнасьці настальгіі спрыяе, можа, найперш тое, што бізнэс фраў Цырфогэль здолеў выжыць і ў рынкавай эканоміцы. Як і 20, і 40 гадоў таму яна прадае каўбасу ў Прэнцлаўэр Бэрг. Зьмяніліся кліенты, большасьць ранейшых зьехала, але зьявіліся новыя, якія ахвотна купляюць традыцыйную нямецкую страву.

Гюнтэр Гольвас, якому 59 гадоў, жыве ў малым гарадку на ўсход ад сталіцы, у Бэрліне ён ня быў ужо тры гады.

Напрыканцы 70-х ён быў адным з самых папулярных блюзавых музыкаў, канцэрты, якія Гюнтэр і яго сябры ладзілі ў цэрквах, прыцягвалі шмат слухачоў. Новая свабодная музыка Гольваса і яго сяброў масьцілі шлях да канца ГДР.

У 1981 годзе яго выклікалі ў спэцслужбу Штазі і прапанавалі пасьпяховую музычную кар'еру ў абмен на палітычную ляяльнасьць. Ён адмовіўся. Пра тое, што было потым, ён распавядае наступнае:

“Яны затрымалі мяне на вуліцы і павезьлі ў Штазі. Яны сказалі мне, што калі я застануся тут, яны прымусова забяруць у мяне дзяцей. Я сказаў: “Добра, вы перамаглі”.

Празь некалькі дзён ён пакінуў ГДР, мяркуючы, што ня вернецца ніколі. Не прыжыўшыся ў ФРГ, ён пераехаў у Канаду і адтуль назіраў за падзеньнем Бэрлінскага муру.

У 1990 годзе ён вярнуўся ў Бэрлін, але новы сьвет, за які ён змагаўся 10 гадоў таму, расчараваў яго:

“Усе спрабуюць зарабляць грошы. Я памятаю часы, калі грошы не былі вялікай праблемай. Сквапнасьць мяняе людзей”.

Неўзабаве Гюнтэр Гольвас ізноў зьехаў у Канаду. І толькі некалькі гадоў таму на просьбы сваіх дачок ён вярнуўся на радзіму. Ён жыве ў гарадку пад Бэрлінам, рэдка бярэ ў рукі гітару і кажа, што ніколі больш ня будзе займацца палітыкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG