Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакалоў: “Бэрлінскі мур нельга было бурыць без вылучэньня умоваў Захаду”


9 лістапада -- 20-годзьдзе падзеньня Бэрлінскага муру. Гэтая гістарычная падзея выйшла далёка за межы адной дзяржавы, паколькі яднаньне заходняй і ўсходняй Нямеччыны стала сыгналам для дэмакратычных пераўтварэньняў на іншых постсацыялістычных тэрыторыях. Што значыць развал бэрлінскіх муроў для Беларусі, якая атрымала незалежнасьць ад Масквы не без штуршка з Бэрліну?

Сымбалічна, што адзін з першых амбасадараў незалежнай Беларусі быў прызначаны менавіта ў Нямеччыну. Пётра Садоўскі, дасьледчык-германіст, узначаліў беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва у Фэдэратыўнай рэспубліцы праз 2,5 гады пасьля гістарычнага яднаньня немцаў. Значэньне той падзеі аналізуе з вышыні сёньняшняга дня:

Пятро Садоўскі
“Натуральна, што гэта надало вельмі станоўчы імпульс усім краінам, гэта абсалютная праўда. Было зразумела, што сьвет ужо варочаецца ў пэўны бок, што камуністычнай сыстэме кердык. І хоць спадзяваньні былі ня надта ружовыя (бо высьветлілася, што ня ўсё так проста), але, безумоўна, гэта быў знак для ўсёй Эўропы”.

Карэспандэнт: “Зараз па тэлебачаньні выступае шмат экспэртаў і бальшыня схіляецца да думкі: яшчэ за 2-3 месяцы цяжка было нават уявіць падобнае разьвіцьцё падзеяў…”

“Мне здаецца, што тут ніякай містыкі няма. Хоць дзівяць тыя самыя немцы, якія не заўсёды ў гэтым зьвязку ўзгадваюць прозьвішча Гарбачоў. Канечне, яны надалі яму ўсялякі гонар, прэміі і ўсё астатняе, але паколькі войскі стаялі, не было загаду з Масквы страляць, то няхай немцы асабліва ня хваляцца. Яны бурлілі, мелі ўсялякія арганізацыі, дэманстравалі, але яны законапаслухмяныя. Галоўнае, што па іх не стралялі. Каб стралялі, дык усё трошкі было б не так. Зь іншага боку, ніхто не чакаў, што Савецкі Саюз пагодзіцца так хутка на вывад войскаў. Бо гаворка ішла пра тое, што будзе нейкі пераходны пэрыяд: называлася 5 гадоў, нават 10, казалася пра нейкую Канфэдэрацыю двух Германій, але раптам здарылася ажно так. Пэўная нечаканасьць была, але ў прынцыпе містыкі тут няма ніякай”.

Партыйны дзеяч Яфрэм Сакалоў падчас руйнаваньня Бэрлінскага муру ў 1989-м зьяўляўся, па сутнасьці, першай асобай у Беларусі -- Першы сакратар ЦК кампартыі БССР. Кажа, што тую падзею непасрэдна прапусьціў праз сябе, бо цягам пяці гадоў праходзіў вайсковую службу блізу Бэрліну і Патсдаму. Праўда, у той час яшчэ ніякай сьцяны не было і сам факт яе зьяўленьня называе неасэнсаваным рашэньнем. Зь іншага боку, паводле таварыша Сакалова, калі сьцяна усё ж зьявілася, то нельга было так бяздумна яе ламаць, не атрымаўшы ніякіх дывідэндаў:
адбылося аб’яднаньне двух людзей у няроўны шлюб...

“З разбурэньнем сьцяны адбылося, калі можна так параўнаць, аб’яднаньне двух людзей у няроўны шлюб. Зь іншага боку, гэта правільна, бо Бэрлінскі мур разьдзяляў дзьве цывілізацыі. Таксама ня лепшы варыянт. Яна, па ўсёй верагоднасьці, не патрэбная была. Неабходна было шукаць іншыя палітычныя шляхі вырашэньня праблемаў, якія існавалі ў тым ліку ў Бэрліне. А тое што яны існавалі, -- гэта так. Я з 1945 да 1950 году служыў у Нямеччыне. У асноўным гэта было якраз вакол Бэрліну і вакол Патсдаму. Даводзілася нярэдка там бываць. Але што тычыцца сьцяны, то гэта глыбока неасэнсаванае рашэньне, ганебны прыклад ня тое што для Эўропы, а для ўсёй зямной кулі, як людзей адгарадзілі сьцяной. Іншая справа, што калі ламалі сьцяну, калі аб’ядноўвалі немцаў, трэба было паставіць усёй Заходняй Эўропе ўмовы: як мы будзем надалей будаваць сваё жыцьцё? Гэтае пытаньне не было вырашанае. І вось тут найвялікшая памылка нашага саюзнага кіраўніцтва. А ўсё аддалі проста так. Гэта непарадак, бяздум’е”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG