Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Дакумэнтальных дадзеных аб скажэньні вынікаў праведзеных 19.03.2006 выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама дадзеных аб якіх-небудзь іншых парушэньнях палажэньняў Выбарчага кодэксу пры падліку галасоў і аб'яўленьні вынікаў выбараў, Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь ня мае”.

Гэтыя словы прыводзяцца ў адказе Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча на адрас старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. У дакумэнце таксама пішацца, што “...вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь устаноўлены на аснове пратаколаў абласных і Менскай гарадзкой тэрытарыяльных выбарчых камісіяў па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.

Такім чынам Рыгор Васілевіч адказаў 50 вядомым грамадзянам краіны – удзельнікам выбарчых кампаніяў. Яны патрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу па факце фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня ў 2006 годзе.

Падставай для такога патрабаваньня стала інтэрвію ў газэце "Известия" 27 жніўня 2009 году, калі Аляксандар Лукашэнка заявіў: "За мяне на апошніх выбарах прагаласавала да ведама 93%. І я прызнаўся потым, калі на мяне пачалі ціснуць, што мы фальсыфікавалі выбары. Я аддаў каманду, каб не 93% было, а не то там 80, я ня памятаю колькі. Таму што за 80 -- гэта ўжо пьсыхілягічна не ўспрымаецца, але гэта было праўда".

Анатоль Лябедзька так камэнтуе адказ Генэральнага пракурора:

Анатоль Лябедзька
"Мы не пыталі яго, якія лічбы напісала ў выніковым пратаколе спадарыня Ярмошына і яе падначаленыя. Мы прасілі правесьці расьсьледаваньне факту канкрэтнай заявы, зробленай Лукашэнкам. Васілевіч гэтага не зрабіў. Таму зь ягонага адказу я раблю дзьве высновы. Першая – Генэральны пракурор ня здаў іспыт на прафэсыйную прыдатнасьць. І другая – цяпер зразумела, чаго мы можам чакаць і на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG