Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Старажоўская, 5



Шыльда свабоды

Менск, вуліца Старажоўская, 5

У гэтым будынку з канца 1980-х гадоў ажыцьцяўляліся ініцыятывы Беларускага фонду культуры, скіраваныя на вяртаньне беларусам рэпрэсаваных камуністычнымі ўладамі культурна-гістарычных каштоўнасьцяў. Тут працавалі моўная камісія БФК і рэдакцыя часопіса “Спадчына”.

Беларускія інтэлектуалы-незалежнікі ў другой палове 1980-х гадоў для рэалізацыі сваіх ідэяў стараліся скарыстацца зь любога шанцу, які давала перабудова. Так, у 1987 годзе паўстаў Беларускі фонд культуры, першым старшынёй якога быў пісьменьнік Іван Чыгрынаў.

Сябры Фонду распрацавалі і ажыцьцяўлялі праграмы вяртаньня на радзіму і захаваньня мастацка-культурных каштоўнасьцяў, аднаўленьня традыцыйнай культуры. Паўстала пры Фондзе і моўная камісія, якую ачоліў Пётра Садоўскі. Яна распачала змаганьне за ўкараненьне беларускай мовы ў сфэры адукацыі, культуры, навукі, войска. Сябры камісіі не абмяжоўваліся заклікамі ці дыскусіямі ў прэсе, што таксама было важным, але і рабілі канкрэтныя справы. Прыкладам, Пятро Садоўскі і Вінцук Вячорка ў супрацы зь Міністэрствам адукацыі склалі беларускую “Чытанку для дзіцячага саду”, якая і была выдадзена ў 1990 годзе. Расказвае Пятро Садоўскі:

“У чытанку мы ўключалі творы замежных аўтараў. Мы бралі арыгіналы і самі рабілі адаптацыю. Прыкладам, “Тры парасяці” ці “Чаму ў слоніка доўгі нос?” Была вучэбная праграма, і мы павінны былі яе трымацца. Трэба было ўключыць нейкі тэкст пра кастрычніцкую рэвалюцыю, і мы замовілі паэту Алегу Мінкіну напісаць верш, і ён напісаў “Кастрычнік”, у якім не было нічога пра рэвалюцыю, проста пра кастрычнік, які фарбуе лісьце. Сяржук Сокалаў-Воюш таксама напісаў на нашу замову некалькі вершаў. Напрыклад:

“Мы вядзём паіць на рэчку кучаравую авечку.
Пі, авечачка, ваду і вяртайся ў чараду”.


Моўная камісія нядоўга працавала пры Фондзе культуры, бо да радыкальнай працы старшыня Фонду Іван Чыгрынаў ня быў гатовы. Яе ідэі і напрацоўкі сталі ажыцьцяўляць Беларускі народны фронт і Таварыства беларускай мовы.

У гэтым жа будынку на вуліцы Старажоўскай, 5 ад 1988 году месьцілася і рэдакцыя часопіса “Спадчына”, які паўстаў таксама з ініцыятывы Івана Чыгрынава як выданьне Фонду культуры. Але пазьней яго заснавальнікам стаў калектыў рэдакцыі. Наклад першага недзяржаўнага культурніцкага тоўстага часопіса ў 1990-я гады, калі там працавалі Кастусь Тарасаў, Вінцук Вячорка, Уладзімер Ляхоўскі, Алесь Анціпенка і Вячаслаў Ракіцкі (галоўны рэдактар), набліжаўся да 10 тысяч асобнікаў. “Спадчына” вярнула сучасным беларусам сотні рэпрэсаваных бальшавікамі твораў — Янкі Купалы, Вацлава Ластоўскага, Францішка Аляхновіча, Браніслава Тарашкевіча, Юркі Віцьбіча, Язэпа Германовіча, Кастуся Акулы, Льва Гарошкі, Язэпа Малецкага і яшчэ некалькіх дзясяткаў аўтараў, якія былі пад забаронай савецкай улады.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG