Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваў альтэрнатыўнай службы — атрымаў вялізны штраф


Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Рыгор Дзьмітрэнка прызнаў вінаватым верніка пратэстанцкай царквы “Сьведкі Яговы” Дзьмітра Смыка ва ўхіленьні ад прызыву ў войска і пакараў яго штрафам у памеры 100 базавых велічыняў, што складае 3,5 мільёна рублёў. На такім пакараньні настойваў і дзяржаўны абвінаваўца ў крымінальнай справе супраць верніка — пракурор Цэнтральнага раёну Ігар Купчын.

Паводле выраку судзьдзі Дзьмітрэнкі, злачынны намер верніка пацьвярджаецца тым, што ў прызначаны час ён сьвядома, без паважлівай прычыны не зьявіўся ў у ваенкамат. Тлумачэньні верніка наконт таго, што супрацоўнікі ваенкамату не ўлічылі ягоныя рэлігійныя перакананьні, судзьдзя прызнаў неабгрунтаванымі. Маўляў, у вайсковай транспартнай частцы ў Жлобіне, куды верніка Смыка меліся прызваць, “у цэлым створаны ўмовы, якія забясьпечваюць павагу рэлігійных перакананьняў ваеннаслужачых”.

Дзьмітры Смык лічыць прысуд несправядлівым:

“Я зьяўляюся хрышчаным і пасьвечаным сьведкам Яговы з 2006 году. Я стаў сьведкам і толькі пасьля даведаўся пра волю Бога ў стаўленьні да службы ў войску. Я тлумачыў, што не магу нават нейкім чынам
Справа не ва ўмовах, у якіх я мушу служыць. Справа ў сумленьні, у прынцыпе.
быць датычным да ўзброеных сілаў. Справа не ва ўмовах, у якіх я мушу служыць. Справа ў сумленьні, у прынцыпе. Пытаньне пра тое, каб здрадзіць Богу, сваім перакананьням, у мяне нават не ўзьнікае”.

Вырак раённага суду спадар Смык наважаны аспрэчыць, бо не адмаўляўся і не адмаўляецца выканаць свой абавязак перад радзімай — хоча толькі зрабіць гэта на альтэрнатыўнай аснове. Калі не атрымаецца, гатовы нават да зьняволеньня.

Старшыня камісіі па справах свабоды сумленьня БХК, рэлігіязнаўца Віктар Адзіночанка лічыць, што вырак супраць верніка не пазбаўлены палітычнай афарбоўкі:



“З аднаго боку, улады хочуць спусьціць гэты працэс на тармазах, каб не дайшло да турэмнага зьняволеньня. А з другога — пакараць Смыка, узяць нейкія грошы для дзяржавы і тым самым аказаць ціск на вернікаў рэгілійнай арганізацыі “Сьведкі Яговы”. Судзьдзя цалкам прыняў аргумэнтацыю абвінавачваньня. Той штраф, які прасіў пракурор, і быў прызначаны. Гэта давалі вялікая сума — 3,5 мільёна. Спасылкі Смыка на 57-мы артыкул Канстытуцыі — іх як быццам і не было”.

Аляксандар Бойнічаў
У 2000 годзе у Гомелі быў таксама пакараны па аналягічным абвінавачваньні, а пасьля праз пратэст Вярхоўнага суду апраўданы, сьведка Яговы Аляксандар Бойнічаў. Ён таксама прысутнічаў на судзе й вельмі зьдзіўляецца таму, што праз столькі часу нічога не зьмянілася:

“Я нават ў недаўменьні, чаму нічога ня рухаецца наперад. Ня ведаю, што далей будзе з такімі маладымі людзьмі, як Дзьмітры, з маімі аднаверцамі — будуць іх судзіць ці не? У Карэі сьведкі Яговы сядзяць у турме за такія ж перакананьні. Гадоў дзесяць таму ў Пакістане трыццаць сьведкаў Яговы расстралялі проста ля сьцяны ваенкамату ці прызыўнога пункту — ня ведаю, як гэта ў іх называецца — за тое, што яны адмовіліся браць у рукі зброю. Сьведкі Яговы ва ўсе часы правільна разумелі словы з кнігі “Зыход” зь Бібліі пра тое, што яны ня будуць вучыцца ваяваць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG