Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: “Бандарэнку стала вельмі дрэнна”


Андрэй Бандарэнка ў часе суду

Андрэй Бандарэнка ў часе суду

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку, які галадуе трэці тыдзень на знак пратэсту супроць прысуду, зь менскага сьледчага ізалятара перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь.

Андрэя Бандарэнку, які галадуе з 17-га кастрычніка, паклалі ў турэмны шпіталь. Пра тое, як пачуваецца вязень, распавёў “Свабодзе” ягоны адвакат Зьміцер Лаеўскі:

“Цяжка даволі ён сябе адчувае, вельмі схуднеў. Там зараз сытуацыя такая, што невядома, наколькі ён зможа паводле стану здароўя працягваць гэтую галадоўку”.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка пратэстуе супроць прысуду Першамайскага раённага суду Менску, які прызнаў былога актывіста АГП Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы, заснаванай раней ім жа самім, і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Андрэй Бандарэнка летась удзельнічаў у выбарах у палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але ня быў абраны. Актывіст АГП спрабаваў аспрэчыць вынікі выбараў, і хоць знаёмыя ва ўладзе папярэдзілі яго пра магчымыя дрэнныя наступствы, не спыніў спробаў адстаяць сваю пазыцыю. Праз пэўны час супроць Андрэя Бандарэнкі завялі крымінальную справу, на пачатку кастрычніка прадпрымальнік быў асуджаны.

У рэспубліканскім турэмным шпіталі, куды паклалі Андрэя Бандарэнку, адмовіліся распавесьці пра тое, як пачуваецца вязень, спаслаўшыся на службовую інструкцыю. Сёньня спаткацца з Андрэем Бандарэнкам супрацоўнікі шпіталя не дазволілі ягонай сястры Ірыне Бандарэнцы. Напярэдадні Ірына Бандарэнка атрымала дазвол на спатканьне ў судзе, але ў турэмным шпіталі ёй сказалі прыходзіць у сераду, калі ў шпіталі адбываецца плянавая сустрэча мэдыкаў са сваякамі вязьняў.

Адвакат Зьміцер Лаеўскі мяркуе, што хутка будзе прызначаны дзень разгляду касацыйнай скаргі Андрэя Бандарэнкі на прысуд Першамайскага раённага суду.

Зьміцер Лаеўскі
“Заўвагі на пратакол я ўнёс даволі даўно, суд меў 10 дзён, каб прызначыць паседжаньне, але мне сказалі, што справяцца з гэтым хутчэй. Таму, мяркую, днямі справа павінна пайсьці ў Менскі гарадзкі суд”.

Галадоўкі пратэсту вязьняў паводле прысудаў ці дасудовага перасьледу сталі нормай у сучаснай Беларусі. Найбольш вядомая галадоўка прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які сёлета галадаваў 90 дзён, а таксама галадоўка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які трымаўся бязь ежы болей за 70 дзён. Гэта было ў 2006 годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, вынікі якіх Аляксандар Казулін не прызнаў.
XS
SM
MD
LG