Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канікулы падоўжылі яшчэ на тыдзень у Магілёве і Бабруйску


У Магілёве й Бабруйску дзеці ня будуць хадзіць у школу яшчэ тыдзень. Пра гэта паведамілі ў абласной управе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму.

“Вось толькі што атрымалі пастанову з Магілёўскага абласнога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі. У Магілёве й Бабруйску будзе працягнутае спыненьне дзейнасьці агульнаадукацыйных устаноў да 14 лістапада ўключна”, — зазначыў прэсавы сакратар управы Фарыд Беррашэд.

Паводле стану на 4 лістапада на Магілёўшчыне не працавалі 132 школы. Цалкам прыпынена было навучаньне ў Магілёве, Бабруйску, Горацкім і Магілёўскім раёнах, а таксама ў дзьвюх школах Шклоўскага ды адной Чэрыкаўскага раёнаў. У райцэнтры Круглае навучаньне прыпынілі ў чатырох клясах школы № 2.

“Я зараз буду пераправяраць, але думаю, што гэтая лічба пакуль і застанецца. Адзінае, што з 9 да 10 павялічылася колькасьць прыпыненых ПТВ”, — удакладніў спадар Беррашэд.

У абласным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі паведамілі, што пакуль у рэгіёне эпідэміі грыпу не абвяшчалі.

Тым часам колькасьць хворых на гэтак званы сьвіны грып на Магілёўшчыне за прамінулы тыдзень павялічылася з чатырох да пяці:

“Зь іх чатыры — жыхары горада Магілёва. Адзін — з Магілёўскага раёну. Тры чалавекі выпісаныя, два яшчэ знаходзяцца ў стацыянары”, — паведаміў галоўны лекар магілёўскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Вячаслаў Шуляк.

У абласным цэнтры паболела хворых на пнэўманію. Паводле лекараў абласной дзіцячай бальніцы, з 4 на 5 лістапада ім паступілі тры дзясяткі дзяцей, палове зь іх дыягнаставана гэтая хвароба. Мэдыкі лічаць, што яна — вынік ускладненьняў ад іншых захворваньняў і грыпу. Для гэтай катэгорыі хворых адкрываюцца два дадатковыя аддзяленьні.

Высьветліць, колькі дарослых захварэла на пнэўманію, не ўдалося.

Застаецца ў рэгіёне актуальнай і праблема нястачы супрацьгрыпозных прэпаратаў, буйную партыю якіх абяцаюць падвезьці ў наступную сераду. З трэцяга лістапада падоўжаны графік працы аптэкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG