Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі цэнтар у Кіеве адкрывалі аўралам


Рыгор Семянюк

Рыгор Семянюк

Пытаньне з адкрыцьцём беларускага цэнтру вырашылася за два месяцы. На дапамогу прыслалі рабочых зь Беларусі, – расказаў Свабодзе дырэктар інстытуту філялёгіі Кіеўскага унівэрсытэту.

У часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў быў адкрыты Цэнтар беларускай мовы і культуры на базе інстытуту філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага Ўнівэрсытэту. Дырэктар інстытуту філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі, доктар філялягічных навук, загадчык катэдры сучаснай украінскай літаратуры Рыгор Семянюк расказаў пра задачы новага цэнтру.

Семянюк: У нашым інстытуце вывучаецца больш як 30 моваў і існуе ўжо 15 моўна-культурных цэнтраў розных народаў сьвету. Гэта будзе 16-ты цэнтар, але першы ва Ўкраіне цэнтар беларусістыкі. Мэта яго – працяг і разьвіцьцё тых традыцый, якія стагодзьдзямі складаліся ў духоўным, культурным, літаратурным пляне паміж нашымі народамі. А таксама разьвіцьцё новых традыцый, зь якімі нашы дзяржавы крочаць, як незалежныя, у 21-м стагодзьдзі.

Калі больш канкрэтна: наша задача – вучыць студэнтаў беларускай мове. Мы спадзяемся, што нам удасца адкрыць, магчыма, трайную спэцыяльнасьць: каб студэнты вывучалі беларускую, украінскую і ангельскую мовы. Сёньня жыцьцё прагматычнае, таму трэба глядзець у будучыню і прадбачыць наперад лёс нашых выпускнікоў: каб палепшыць ім потым уладкаваньне на працу.
Мы хочам, каб студэнты вывучалі беларускую, украінскую і ангельскую мовы

Беларуская мова вывучалася ў нас на факультэце тры гады: з 1990 да 1993 – гэта быў спэцкурс. А сёньня ў нас для студэнтаў чытаецца курс замежнай літаратуры, у тым ліку ў гэты курс уваходзіць і беларуская літаратура. Раней такога вялікага зацікаўленьне не было, але пасьля візыту Віктара Юшчанкі ў Беларусь, а цяпер вось і Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну – трэба аддаць належнае супрацоўнікам беларускай амбасады: як апэратыўна вырашылася пытаньне з адкрыцьцём беларускага цэнтру – літаральна за два месяцы! На пачатку навучальнага году селі за стол перамоваў, акрэсьлілі плян мерапрыемстваў, а сёньня ўжо маем адкрыцьцё.

Фінансаваньне выдзеліў беларускі бок. На абсталяваньне і рамонт памяшканьняў гэтага Цэнтру былі прысланыя рабочыя зь Беларусі. І мэблю, і кнігі, і кампутары, і інтэрнэт – усё аплаціў беларускі бок. Вялікі ім дзякуй. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі Беларусь зацікаўленая, каб мова яе дзяржавы вывучалася і ў іншых краінах.”

Чакаецца, што ва ўнівэрсытэце будзе адкрытая катэдра беларускай мовы і літаратуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG