Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд вялейскім актывістам пакінулі бязь зьменаў


Сёньня Менскі абласны суд не задаволіў скаргу актывістаў дэмакратычнага руху зь Вілейскага раёну Аляксея Сюдака, Уладзімера Малярчука і Аляксея Наркевіча.

“Па сутнасьці, нас зноў абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу падчас усталяваньня крыжоў на месцы расстрэлу актывіста беларускага антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага ў лесе каля вёскі Красны Беражок”, — паведаміў “Свабодзе” Ўладзімер Малярчук.

Такім чынам рашэньне суду Вілейскага раёну ад 8 кастрычніка застаецца ў сіле. Паводле яго, Аляксей Сюдак і Ўладзімер Малярчук былі аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (1 мільён 50 тысяч рублёў), а Алесь Наркевіч — на 20 базавых велічынь (750 тысяч рублёў).

Крыжы ў памяць пра Расьціслава Лапіцкага і ўсіх ахвяраў рэпрэсій вілейскія актывісты ўсталявалі 1 верасьня. 9 верасьня іх асьвяціў сьвятар праваслаўнай царквы, а наступнага дня крыжы зьнішчылі прадстаўнікі мясцовай улады. У сувязі з гэтым актывісты апазыцыі 15 верасьня зьвярнуліся з заявай у райаддзел міліцыі. Скарга засталася без адказу, а праз тры дні, 19 верасьня, участковы міліцыянт Мікалай Мячкоў склаў на заяўнікаў адміністрацыйныя пратаколы за быццам бы несанкцыянаваны мітынг.

Расьціслаў Лапіцкі нарадзіўся 9 верасьня 1928 году ў сям’і праваслаўнага сьвятара ў вёсцы Касута Вілейскага раёну. У 1948—1949 гадах стварыў у Смаргонскім і Мядзельскім раёнах антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю моладзі. Арганізацыя выдавала антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Неўзабаве яе выкрылі, а яе сябры, у тым ліку непаўналетнія, атрымалі розныя тэрміны лягераў. Расьціслаў Лапіцкі як галоўны арганізатар быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны 28 кастрычніка 1950 году.

XS
SM
MD
LG