Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз аналітыкаў ЗША: Менск верагодна падтрымае Абхазію і Асэтыю


Амэрыканскае выданьне Jane's Intelligence Weekly, якое спэцыялізуецца на ваенных праблемах і пытаньнях бясьпекі, прагназуе, што Менск падтрымае Расею ў справе прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Jane's Intelligence Weekly паведамляе, што дэпутаты Нацыянальнага сходу сфармавалі групу, якая наведае Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, каб атрымаць дадатковую інфармацыю і вывучыць магчымасьці прызнаньня незалежнасьці дзьвюх самаабвешчаных дзяржаваў.

Выданьне нагадвае, што, нягледзячы на блізкія дачыненьні, Менск пакуль не пайшоў за Масквой у справе прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Цьвёрдасьць Менску ў гэтым пытаньні супала ў часе са спадам у расейска-беларускіх адносінах, які пачаўся у 2007 годзе са спрэчкі наконт цаны расейскай нафты і газу. У кастрычніку Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што ягоная адмова прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі стала вынікам дзеяньняў “пэўных сіл” унутры Расеі.

“Менск усё больш пачаў засяроджвацца на выстройваньні стасункаў з Эўропай. Аднак, улічваючы рызыкоўнае становішча беларускай эканомікі, Менску, хутчэй за ўсё, давядзецца разгледзець эканамічную мэтазгоднасьць падтрымкі расейскай палітыкі,” – мяркуе Jane's Intelligence Weekly.

Хаця Менск шукае аднаўленьня стасункаў з Эўропай, эканамічная выгада ад паляпшэньня гэтых дачыненьняў наўрад ці будзе заўважнай у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Таму Менск, верагодна, падтрымае Расею ў праблеме Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, каб забясьпечыць так неабходную тэрміновую фінансавую дапамогу, – пішуць аналітыкі Jane's Intelligence Weekly.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG