Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народны паэт Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 г. на хутары Верасоўка ва Ўшацкім раёне (хоць некаторыя крыніцы некарэктна ўказваюць на вёску Гарадок) у сям'і Івана й Куліны Барадуліных. Скончыў філялягічны факультэт БДУ у Менску. Пачаў друкавацца з 1953 г. Рыгор Барадулін – дзейны сябра СБП ды Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1990 да 1999 – ягоны прэзыдэнт), сябра Партыі БНФ.



Што для вас свабода?

Свабода для мяне – гэта думаць вольна, ня быць абмежаваным у сваіх дзеяньнях, канечне, у рамках грамадзкай прыстойнасьці, і свабода перамяшчэньня, фізычнага і духоўнага. Свабода – гэта як паветра, без свабоды няма жыцьця.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Маю свабоду абмяжоўваюць і побытавыя ўмовы, і вечная залежнасьць ад матэрыяльнай часткі жыцьця. А наогул неабмежаванай свабоды няма.

Што для вас шчасьце?

Шчасьце для мяне, калі я пішу. Мне падабаецца сам момант, калі я пішу, той, які называецца натхненьнем.

Чаго вы найбольш баіцеся?

У апошнія гады я баюся бездапаможнай старасьці, баюся стаць дрэвам, якое толькі шуміць лістамі.

Які талент вы хацелі б мець?

Я б хацеў мець такі талент, якому ўсё падлеглае, бо лічу, што іншыя больш таленавітыя за мяне.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Асабліва захапляюся цяпер Уладзімерам Някляевым. Гэта проста шалёны паэт і шалёны празаік. Ягоны «Цэнтар Эўропы» я чытаў так, як не чытаў прозы з маладосьці. Такога ў нашай літаратуры яшчэ не было.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Пісаць. Калі я пішу, я шчасьлівы.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Я б пачаў яго жыць разумней, але назад пражыць немагчыма.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Найлепшую параду ў сваім жыцьці я атрымаў ад мамы: быць чалавекам і слухаць сваю душу.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Быць самім сабой.

****************

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Я б хацеў жыць у той палітычнай сыстэме, якая б не заганяла чалавека ў стойла і не гняла душу.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Я жыву і хацеў бы жыць толькі ў Беларусі.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У тую, калі Беларусь будзе Беларусьсю.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Я б зрабіў Беларусь Беларусьсю, бо цяпер у нас нонсэнс, калі ў Беларусі з высокіх трыбун не гучыць беларускага слова. Кіраўнікі нашы не разумеюць, што без мовы і культуры няма дзяржавы.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Як роўная з роўным, ні на кога не аглядаючыся, не кідаючыся з аднаго боку на другі. Беларусь – цэнтар Эўропы.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

На роўных трэба быць зь ёю, ня трэба на яе пляваць, але ня трэба і лізаць ёй боты.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Любая дыктатура – яна і ёсьць дыктатура. Гэта бачна на прыкладах Нямеччыны і СССР. Мільёны зьнішчылі і адны і другія, толькі немцы пакаялася, а камуністы не.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі народ прачнецца. 200 год у нас зьнішчалі інтэлектуалаў, а цяпер абалваньваюць моладзь папсовай культурай і спортам. Я думаю, што нарасьце новая зьмена, яна, як трава з-пад асфальту, усё-такі прабіваецца. І новая беларусізацыя пачнецца з горада.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі яны зразумеюць, што яны зьнікаюць як нацыя, яны зьнікаюць як народ, яны зьнікаюць як дзяржава. У нас вечна ўсё ідзе зьверху, вось толькі незразумела, чаму калі рыба гніе з галавы, а чысьцяць яе з хваста.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Беларусь перастане быць Беларусьсю, а стане правінцыяй Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG