Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута: “Макей выступаў як пераможца”


Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Ці можна сказаць, што кіраўнік Адміністрацыі Прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей выступаў на менскім форуме з пазыцыі сілы? Ці можна сказаць, што афіцыйны Менск ужо ня вельмі хвалюе тое, якім будзе рашэньне кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу наконт санкцыяў да беларускага кіраўніцтва?

На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Аляксандар Фядута, які браў удзел у працы Менскага форуму.

Цыганкоў: У камэнтары ў сваім блогу вы напісалі, што вас абурыў выступ на форуме кіраўніка Адміністрацыі Прэзыдэнта Ўладзімера Макея. Па-вашаму, сэнс ягонага выступу зводзіўся да таго, што Захад абавязаны без усялякіх умоваў прыняць афіцыйны Менск такім, як ён ёсьць. Ці можна на вашу думку сказаць, што менавіта такім чынам цяпер і выглядае афіцыйная беларуская пазыцыя і чаму ўлады ўжо не саромеюцца выражаць яе такім спосабам?

Фядута: Я лічу, што гэта была менавіта, як вы слушна сказалі, афіцыйная пазыцыя. І гэта пазыцыя моцы, пазыцыя боку, які дыктуе парадак дня ў двухбаковых перамовах.

Гэта пазыцыя сёньня пацьверджаная рашэньнем беларускага парлямэнту стварыць дэпутацкую групу, якая будзе вывучаць сытуацыю у Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Насамрэч гэты звычайны шантаж, на мой погляд. Маўляў, калі санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва ня будуць зьняты, а будуць працягнутыя (альбо будзе працягнуты мараторый на іх) — то ў гэтым выпадку Менск пагражае прызнаць гэтыя дзьве рэспублікі

Цыганкоў: А ці не здаецца вам, што Менск ужо ня вельмі хвалюе тое, якім будзе рашэньне кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу наконт санкцыяў да беларускага кіраўніцтва? Ці можа ў Менску ўжо цудоўна разумеюць, якім будзе гэтае рашэньне, і таму ня вельмі на гэта зважаюць?

Фядута:
Усё ж застаецца крыўда — чаму нас ня любяць?
Разумеюць, але ўсё роўна гэта вялікая непрыемнасьць. Усё ж застаецца крыўда — чаму нас ня любяць? Мы ж такія добрыя. Мы нават эканоміку гатовыя адчыніць для Нямеччыны, абы яна не кранала пытаньні правоў чалавека і палітычнай рэформы.

Цыганкоў: Тон і сэнс выступу Ўладзімера Макея няўжо не зачапіў замежных удзельнікаў Форуму? Можа Менск занадта нахабна сябе адчувае ў гэтай ролі “моцнага боку”?

Фядута: Напрыклад, адна з найбольш уплывовых постацяў у сучаснай нямецкай эканоміцы — прафэсар Мангольд — як высьветлілася, прыяжджае ў Менск ужо пяты раз і прыехаў на Форум пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі. Калі, напрыклад, ён слухаў Ярасалава Раманчука, вядомага беларускага апазыцыйнага эканаміста, то выглядала, што ён зусім ня слухае ніякіх аргумэнтаў. Проста ўсе тыя пытаньні, якія ён ставіў перад беларускай уладай, ужо вырашаныя…

Цыганкоў: Вы кажаце пра прадстаўніка бізнэсу, а інтарэсы буйнога бізнэсу заўсёды істотна адрозьніваліся ад меркаваньняў палітыкаў..

Фядута: Ведаеце, сёньня тыя палітыкі, якія прадстаўнікі выканаўчай улады, нават у Эўропе, паводзяць сябе як бізнэсмэны. Публічныя палітыкі — дэпутаты — могуць паводзяць сябе па-іншаму. Але ў нашым выпадку іх голасу не было чуваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG