Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьніжаецца сярэдняя зарплата. Паводле дадзеных Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, найменшыя заробкі ў кастрычніку былі ў сельскай гаспадарцы, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі і культуры.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Самыя нізкія заробкі ў Беларусі — на малой радзіме Лукашэнкі

Сярэднямесячны заробак у верасьні на Магілёўшчыне складаў 909 тысяч рублёў. З улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары й паслугі ў параўнаньні зь леташнім верасьнем ён зьменшыўся амаль на пяць працэнтаў, а ў параўнаньні зь сёлетнім жніўнем — на 2,5 працэнта.
Сярэднямесячны заробак у верасьні на Магілёўшчыне складаў 909 тысяч рублёў ...

Афіцыйныя крыніцы рэгіёну рапартуюць пра самыя высокія ў Беларусі тэмпы разладаваньня складоў і пра нарошчваньне аб’ёмаў вытворчасьці. Пры гэтым не тлумачаць прычыны нізкіх заробкаў. Чыноўнікі патрабуюць ад прамыслоўцаў тэрмінова выправіць сытуацыю:

“Эканоміць на заработнай плаце недапушчальна. І там, дзе гэта сёньня адбываецца, гэта нядобрая тэндэнцыя. Сёньня трэба рэсурсы шукаць у іншых кірунках. Заданьне, якое да вобласьці даведзена, мы абавязаныя выконваць”, — заяўляе афіцыйным крыніцам кіраўнік абласной вэртыкалі Пётар Руднік.

Запазычанасьць па заробках — больш як 80 мільярдаў рублёў

Прамыслоўцы крытыку чыноўнікаў не камэнтуюць і заяўляюць, што іх прадпрыемствы заробкі выплачваюць. Тым часам, паводле інфармацыі галоўнай статыстычнай управы рэгіёну, запазычанасьць прадпрыемстваў па крэдытах на выплату заробкаў на першага верасьня склала амаль 80 мільярдаў рублёў. Дзеля параўнаньня: на складах незапатрабаванай прадукцыі ляжыць на 613 мільярдаў.

На думку эканаміста Андрэя Юркова, прычыны невысокіх заробкаў — у нерэфармаванасьці рэгіянальнай эканомікі, а сусьветны крызіс толькі абвастрыў праблемы.

Андрэй Юркоў
“Тыя вобласьці, якія здольныя прадставіць прадукт валютаакупляльны на сусьветны рынак, тыя здольныя й вышэйшы заробак плаціць. Напрыклад, на Гомельшчыне й здабываюць нафту, і яе перапрацоўваюць. На Віцебшчыне таксама ёсьць нафтаперапрацоўчы завод. Гарадзеншчына зь Берасьцейшчынай — памежны гандаль разьвіваецца. А Магілёўшчына як была з гэтымі флягманамі савецкімі, так зь імі й засталася. Мала што зьмянілася. На жаль, прадаць валютаакупляльны, экспартны тавар у нас не атрымліваецца”, — мяркуе эканаміст.

Самы нізкі заробак у рэгіёне — у бібліятэкараў і артыстаў: меней за 600 тысяч. Крыху больш за іх зарабляюць калгасьнікі — 660 тысяч.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Заробкі плацяць, але як за іх жыць...?”

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, сярэдні заробак у прамысловасьці Беларусі складае звыш мільёна рублёў. На Гарадзеншчыне на шмат якіх прадпрыемствах падобны паказчык ніжэйшы ў два разы.

Наша радыё ўжо паведамляла, як рабочыя Бярозаўскай гуты, што ў Лідзкім раёне, зьвярнуліся да ўраду па дапамогу для прадпрыемства, якое апынулася ў крытычным стане.

Адной з прычын звароту якраз і быў сярэдні заробак рабочых, які складае каля 600 тысяч рублёў. А тут яшчэ і новы ўказ адміністрацыі прадпрыемства. Кажа рабочы гуты:

“Кошты растуць на ўсе тавары, а заробкі ўсё яшчэ зьмяншаюцца”

Спадар: “Кіраўніцтва гуты выдала загад аб падвышэньні нормы выпрацоўкі. Гэта азначае, што за тыя самыя грошы трэба зрабіць на 20% болей нават. Як мы палічылі, то заробкі яшчэ і зьменшацца. Вось гэта, напэўна, і стала апошняй кропляй...”

На прадпрыемстве “Мастоўдрэў” сытуацыя надалей не паляпшаецца. Рабочыя кажуць, што пра падвышэньне заробкаў нават няма чаго і казаць, баяцца, каб ня стала горш. Кажа адзін з рабочых.
У рабочых — 400 тысяч з хвосьцікам, у некаторых — 300 зь нечым ...

Спадар: “У рабочых — 400 тысяч з хвосьцікам, у некаторых — 300 зь нечым, залежыць ад працы. Кошты растуць паўсюль, а ў нас заробкі на месцы. Сёньня казалі, што нібыта начальства хоча падняць заробак, але няма з чаго яго падвысіць: няма адкуль грошы ўзяць. Магчыма, яшчэ з панядзелка фанэрны цэх спыніцца — сыравіны няма і грошай няма, за што купіць”.

На камвольна-прадзільнай фабрыцы ў Слоніме назіраецца ажыўленьне. Прадпрыемства запрацавала ў дзьве зьмены, абвясьцілі пра падвышэньне сярэдняга заробку. Калі яшчэ ў верасьні сярэдні заробак рабочых складаў каля 300 тысяч рублёў, то цяпер — каля 500 тысяч.

Вось што наконт гэтага кажа адзін з рабочых прадпрыемства.

Спадар: “На 15 працэнтаў заробкі дабавілі, але гэта раз на год, а кошты ўжо ў колькі разоў павялічыліся. Атрымліваецца, што гэта ўжо нейкая кампэнсацыя. Няма прасьвету, і наагул народ у нейкай роспачы, ні ў ва што ня вераць, адно ходзяць сабе і ўхмыляюцца. Безнадзёга, карацей...”

Дзеля таго, каб нейкім чынам пракарміць сям’ю, са слоў суразмоўцы, рабочыя з гэтай фабрыкі імкнуцца шукаць дадатковую працу.

ВІЦЕБШЧЫНА


Для статыстыкі — адны лічбы заробкаў, у ведамасьці для аплаты — іншыя

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно” сярэдні заробак — 1 мільён 50 тысяч. Аднак тамтэйшыя супрацоўнікі кажуць, што лічба гэтая штучная, бо на паперы сярэдні заробак застаецца нязьменным ужо каля паўгода.

Да прыкладу, распавядае работнік “Шкловалакна”, пасьля рамонту так і ня быў адчынены адзін з цэхаў, а людзей зь яго перавялі на іншую працу з удвая меншым заробкам:

“Калі чалавека пераводзяць і плацяць, адпаведна, меней — замест мільёна 500 тысяч, то гэта істотна ўплывае на ўзровень жыцьця. Асабліва калі сытуацыя крытычная — калі ёсьць крэдыты і калі яны валютныя. Адміністрацыя ўсё неяк падразае, падраўноўвае, каб быў нейкі агульны невысокі ўзровень.

“Скарачаюць заробкі найперш тым, хто ня будзе абурацца і канфліктаваць”

Праз тое, што рэальныя заробкі на прадпрыемстве ўпалі, за апошнія месяцы са “Шкловалакна” сышлі 300 чалавек, хаця афіцыйных скарачэньняў не было. Аднак працаўнікі мяркуюць, што ня будзе і нейкіх масавых праяваў незадавальненьня:
за апошнія месяцы са “Шкловалакна” сышлі 300 чалавек ...

“Скарачаюць заробкі найперш тым, хто ня будзе абурацца. Думаю, страйкаў у нас ня будзе, бо ўсе запалоханыя. Разумееце, у нас хто першы высунецца — таму і галаву з плячэй далоў! А прафсаюз адно ўгаворвае: “Трэба пацярпець! Мы ў цяжкім становішчы, грошай няма, падвышэньне заробку і не прадбачыцца, нават і не прасіце!” Такая вось апрацоўка людзей вядзецца.

“Трэба пацярпець” — гэта пазыцыя афіцыйнага, прадзяржаўнага прафсаюзу. На прадпрыемстве “Шкловалакно” ёсьць і Свабодны прафсаюз, які зьбіраецца пісаць калектыўны ліст дзеля абароны сваіх сябраў. Аднак незалежны прафсаюз аб’ядноўвае ўсяго 1% ад агульнай колькасьці працаўнікоў “Шкловалакна”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у галіне будаўніцтва на Віцебшчыне таксама адносна высокі сярэдні заробак. Аднак насамрэч невялікія прыватныя будаўнічыя фірмы апынуліся на мяжы банкруцтва, бо зь імі несвоечасова і ня поўнасьцю разьлічваюцца за выкананую працу. Адпаведна, і заробкі ў людзей падаюць, гаворыць прадстаўнік аршанскай фірмы, якая займаецца рамонтам вытворчых памяшканьняў:

“Прыкладна на 30—40% я стаў меней атрымліваць.Калі прыходжу дамаўляцца пра працу і кажу, што будаўнік, адказваюць: “Калі ласка! Толькі ты купі гэта і гэта, усё зрабі, а мы з табой потым разьлічымся — празь месяц ці два. Зараз грошай няма, вы ж ведаеце — крызіс”. І калі такія ўмовы не задавальняюць — ідзі шукай у іншым месцы. Так во і б’ю ногі”.

Будаўнікі кажуць, што на добрыя заробкі можна разьлічваць толькі тады, калі маеш гарантаваную і тэрміновую дзяржаўную замову — напрыклад, нешта зрабіць да чарговых “Дажынак”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG