Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Малады Фронт" патрабуе інфармацыю пра грып


Актывісты “Маладога фронту” правялі акцыю ў цэнтры Менску з патрабаваньнем аб’ектыўнай інфармацыі пра захворваньні на грып у Беларусі.

Людзі ахвотна бралі ў маладых людзей улёткі. Амаль усе апытаныя казалі, што не давяраюць афіцыйнай інфармацыі і лічаць, што ўлады хаваюць праўду ад насельніцтва.

Чацьвёра актывістаў “Маладога фронту” ў масках і з замацаванымі наперадзе плякатамі — “Ўлада хавае праўду”, “Міністра аховы здароўя ў адстаўку” — прайшліся па праспэкце Незалежнасьці і вуліцы Веры Харужай. Яны раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра грып паводле інтэрнэт-сайтаў, а таксама парады, як засьцерагчыся ад хваробы.


Адзін з удзельнікаў акцыі, Мікола Дземідзенка, патлумачыў яе мэту:

“Мы хочам падзяліцца з грамадзянамі, таму што яны ня ведаюць праўды”.

Сяржук дадаў: “Я супраць таго, што ўлады не гавораць людзям праўду. Я сам асабіста ведаю некалькі чалавек хворых сярод маіх сяброў. Яшчэ нават невядома, ці ачуняюць яны. Мне самому страшна. Мне страшна за наш беларускі народ. Я не хачу так жыць”.


Алесь лічыць, што недавер да ўладаў толькі спрыяе распаўсюджваньню панічных настрояў.

“Мы выступаем супраць таго, што ўлада хавае праўду. Сеецца паніка, бо людзі не давяраюць уладзе. Патрабуем сапраўднай інфармацыі, хочам атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю.

Аптэкі стаяць з пустымі паліцамі. Немагчыма набыць лекі, маскі — калі нам кажуць па тэлебачаньні, што ў аптэках усё ёсьць. Мы плацім падаткі, а ў крызісны час высьветлілася, што нічога няма. Людзі павінны быць самі сабе лекарамі”.

Людзі хутка разабралі ўсе ўлёткі. Некаторыя падыходзілі і пыталіся, ці ёсьць яшчэ якая-небудзь друкаваная інфармацыя.

У падземным пераходзе каля станцыі мэтро “Плошча Якуба Коласа” людзі ахвотна абмяркоўвалі тэму.

Спадарыня: “Мне дасталася маска. Я буду здаровая і ня буду хварэць”.

Студэнт: “Людзі хварэюць, але аб’ектыўнай інфармацыі наконт гэтага ніякай няма. Лічу, што ўлады імкнуцца схаваць інфармацыю, каб падтрымаць імідж і прэстыж уласнай улады”.

Пэнсіянэрка: “Я нічога не набывала. Я не люблю ні цыбулю, ні часнык. Нічога сабе не набыла”.

Спадар: “Я лічу, што ўся гэтая камэдыя, зьвязаная з грыпам, — дзеля таго, каб падтрымаць айчыннага вытворцу лекаў, каб выйсьці на нейкі ўзровень, каб грошы зьявіліся. Таму нічога ў аптэках няма — ані павязак, ані лекаў — усё раскупілі. Я не лічу, што гэта так неабходна насамрэч. Лічу, што аб’ектыўная інфармацыя была б лепшая за гэтае запалохваньне”.

Настаўніца: “Я лічу, што насамрэч пакуль яшчэ нічога страшнага, таму што ўсе мае знаёмыя, калегі, дзякуй Богу, здаровыя. Я працую ў моладзевым калектыве. Я лічу, што насамрэч у нас грыпаманія”.

Спадарыня: “Валодаю інфармацыяй мала. У асноўным тое, што па радыё і тэлебачаньні перадаюць, але думаю, што інфармацыя недакладная. Мы абмяркоўваем зь сябрамі. Робім нейкія захады для прафіляктыкі. Спачатку гэта было ўсё на ўзроўні сьмеху, а цяпер ужо ўсур’ёз успрымаем. Інфармацыяй ніякай не валодаем. Я не давяраю таму, што ў нас кажуць па тэлебачаньні”.

Удзельнікі акцыі зьвярнулі ўвагу на тое, што раней у Менску ў самы разгар эпідэмій грыпу не было відаць на вуліцах людзей з павязкамі на твары. Цяпер жа ў вочы кідаецца, асабліва ў месцах, дзе большая маса народу — каля станцый мэтро і на прыпынках, што амаль кожны пяты ў масцы альбо з нацягнутым на твар шалікам. На рынках і ў крамах стала значна менш пакупнікоў. Пасьля працы людзі сьпяшаюцца дадому. А 8-й вечара ў цэнтры сталіцы амаль няма мінакоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG