Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры пачаўся 12-ты беларуска-нямецкі форум “Беларусь і “Ўсходняе партнэрства”: пэрспэктывы разьвіцьця ў сфэрах палітыкі, эканомікі і грамадзтва”. На ім выступіў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей.

На форум сабраліся каля 300 удзельнікаў зь Беларусі, Нямеччыны й іншых краінаў Усходняй Эўропы. Старшыня форуму, прадстаўнік Усходняга камітэту германскай эканомікі Райнэр Лінднэр адзначыў, што гэты форум павінен “адназначна падтрымаць працэс збліжэньня Беларусі з Эўразьвязам”. У форуме бяруць удзел нямецкія бізнэсоўцы разам з кіраўніком Усходняга камітэту германскай эканомікі Кляўсам Мангольдам, якія перад гэтым мелі сустрэчу з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У сваім выступе спадар Мангольд зрабіў акцэнт на эканоміцы. Сказаўшы пра зацікаўленасьць Нямеччыны ў Беларусі, ён адзначыў, што “ў асноўных момантах трэба хутка знайсьці агульную мову, і энэргетыка можа быць адным з прыкладаў”.

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Герхард Вайс адзначыў, што Беларусь застаецца на экране палітычнага радару. Пра гэта сьведчыць і зварот новага кіраўніка МЗС Нямеччыны Гіра Вэстэрвэле да ўдзельнікаў форуму.

Райнэр Лінднэр Уладзімер Макей і Гебхардт Вайс
“Палітыка “Ўсходняга партнэрства” адкрывае шанец стварэньня новай асновы для стасункаў Беларусі і ЭЗ шляхам паступовага палітычнага асацыяваньня і эканамічнай інтэграцыі. Я ўпэўнены, што ўсё гэта можа стаць рэальнасьцю пры наяўнасьці далейшага прагрэсу пры ажыцьцяўленьні рэформаў у Беларусі. Гэты працэс у асаблівай ступені абапіраецца на мадэрнізацыю ў палітычнай, эканамічнай і грамадзкай сфэры”, — адзначыў спадар Вэстэрвэле. — У рамках “Усходняга партнэрства”, як і ў двухбаковых стасунках, мы хочам садзейнічаць працэсу мадэрнізацыі і лібэралізацыі эўрапейскай Беларусі, у якой людзі ва ўмовах свабоднай самарэалізацыі маглі б садзейнічаць павелічэньню дабрабыту краіны і тым самым дабрабыту і бясьпекі ў Эўропе”.

На адкрыцьці форуму таксама выступіў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. Ён заявіў, што афіцыйны Менск чакае далейшых канструктыўных крокаў ад Брусэлю.

Уладзімер Макей
“Мы спадзяемся, што на маючым адбыцца паседжаньні Рады ЭЗ усе санкцыйныя абмежаваньні адносна Беларусі будуць канчаткова зьнятыя. Любое іншае рашэньне будзе перашкодай на шляху ЭЗ да поўнамаштабнага аднаўленьня стасункаў зь Беларусьсю. У дыялёгу нельга працягваць руку з прапановай добрасуседзкага супрацоўніцтва, а ў другой трымаць напагатове сьпіс патрабаваньняў і абмежаваньняў. Беларусь поўнасьцю падзяляе агульнаэўрапейскія каштоўнасьці і гатовая да сумеснай стваральнай працы зь іншымі народамі Эўропы”, — заявіў У.Макей. — “Актыўнае, без усялякіх папярэдніх умоваў далучэньне Беларусі да агульнаэўрапейскіх працэсаў стане прагрэсам у будаўніцтве адзінай бясьпечнай і дэмакратычнай Эўропы”.

Спадар Макей адзначыў, што Беларусь гатовая без усялякіх агаворак удзельнічаць у рэалізацыі праграмы “Ўсходняе партнэрства” і асабліва зацікаўленая ў інфраструктурных праектах і фінансаваньні з боку Эўропы. Таксама спадар Макей адзначыў, што Беларусь ня ставіць на мэце афармленьне поўнага ці асацыяванага сяброўства ў ЭЗ. Удзел ва “Ўсходнім партнэрстве” азначае “не радыкальную зьмену зьнешнепалітычнага вэктару, а больш збалянсаваную пабудову нашага ўзаемадзеяньня з усімі партнэрамі”.

У гэтым кантэксьце неабходна распрацаваць пашыранае пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж РБ і ЭЗ. Паводле Ў.Макея, афіцыйны Менск таксама зацікаўлены ў лібэралізацыі ўзаемнага гандлю, правядзеньні поўнамаштабных перамоваў з ЭЗ пра далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, аднаўленьні дзейнасьці гандлёвых прэфэрэнцый ЭЗ для беларускіх тавараў. Актуальнай ён назваў праблему спрашчэньня візавага рэжыму. Пры гэтым спадар Макей адзначыў, што ў мінулым годзе, параўнальна з папярэднім, колькасьць беларусаў, якія наведалі ЭЗ, зьменшылася на 20%.

Таксама спадар Макей назваў памылковай ацэнку сытуацыі ў Беларусі толькі паводле маштабу рэформаў выключна ў грамадзка-палітычнай сфэры.

Пасьля выступу Ўладзімер Макей не застаўся на дыскусію, як гэта было ў мінулым годзе на такім жа форуме.

Назіральнікі адзначылі, што сёлета ў адкрыцьці форуму брала ўдзел менш прадстаўнікоў апазыцыі. Да прыкладу, тут былі лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, старшыня ПКБ Сяргей Калякін, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Затое некаторых удзельнікаў папярэдніх форумаў не запрасілі: да прыкладу, былога амбасадара Беларусі ў Нямеччыне Пятра Садоўскага і каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава. На мінулым форуме менавіта спадар Садоўскі задаў пытаньне Ў.Макею пра лёс газэтаў “Наша ніва” і “Народная воля”.




Уладзімер Макей, Клаўс Мангольд і Гебхардт Вайс

Уладзімер Макей і Клаўс Мангольд

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG