Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат: Сьпяшацца ня будзем


Віктар Гумінскі
Віктар Гумінскі

Пытаньне аб прызнаньні або непрызнаньні дзяржаўнага сувэрэнітэту і дзяржаўнай незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — надзвычай сур’ёзнае і складанае. І сьпяшацца тут і непатрэбна, і нельга, — заявіў сёньня журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Віктар Гумінскі.


Ён паведаміў, што сёньня зацьверджаны пэрсанальны склад трох дэпутацкіх групаў, якія 17—20 лістапада наведаюць Грузію, Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. У склад групы ўвайшлі 12 чалавек. Восем — з Палаты прадстаўнікоў і чатыры — з Савету Рэспублікі.

Віктар Гумінскі, які таксама ўваходзіць у склад гэтай групы, сказаў, што шэсьць чалавек паедуць у Грузію, па тры — у Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Агульнае кіраўніцтва гэтай групай ускладзена на старшыню міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргея Маскевіча. Акрамя таго, як сказаў Віктар Гумінскі, беларускія дэпутаты хочуць сустрэцца яшчэ са сваімі калегамі з Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі, а таксама Дзярждумы Расейскай Фэдэрацыі.

“Гэта зьвязана з роляй міратворцы, якую ажыцьцяўляе цяпер Расея”, — патлумачыў Віктар Гумінскі.

“Сьпяшацца мы ня будзем, таму пра канкрэтныя тэрміны разгляду гэтага пытаньня нашым парлямэнтам я казаць не магу. Але хачу падкрэсьліць, што гэтае рашэньне будзе прымацца з абавязковым улікам і нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG