Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне Лукашэнка загаварыў пра грып


Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка

Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка

Зь візытам ва Ўкраіне знаходзіцца кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Паводле прэсавай службы ўкраінскага прэзыдэнта, заплянаваныя сустрэчы А.Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, прэм’ер-міністрам Юліяй Цімашэнка і старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімерам Літвіным.

У праграме – адкрыцьцё Цэнтра беларускай мовы і культуры на базе інстытута філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэта імя Тараса Шаўчэнкі і закладка памятнага каменя на месцы будаўніцтва ў будучым помніка Ўладзімеру Караткевічу.

Падчас візыту будуць абмяркоўвацца актуальныя пытаньні двухбаковых стасункаў, узаемадзеяньне краін у накірунку рэалізацыі праектаў у рамках ініцыятывы ЭЗ “Усходняе партнэрства”, а таксама будзе падпісаны шэраг двухбаковых дакумэнтаў. Чакаецца, што адным з асноўных вынікаў візыту стане разблякаваньне працэсу завяршэньня дамоўна-прававога афармленьня беларуска-украінскай дзяржаўнай мяжы.

У аэрапорце Барыспаль А.Лукашэнка заявіў, што на сустрэчы з В.Юшчанкам галоўнымі тэмамі будуць гандлёва-эканамічныя і гуманітарныя стасункі, супрацоўніцтва ў рамках “Усходняга партнэрства”, а таксама пытаньні зьвязаныя з канчатковым афармленьнем беларуска-украінскай мяжы. У пытаньні мяжы зь беларускага боку ва Ўкраіны праблем ня будзе, сказаў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што не баіцца аб'яўленай ва Ўкраіне эпідэміі грыпу. Паводле А.Лукашэнкі, паніка наконт сьвінога грыпу справакавана фармацэўтычнымі кампаніямі і мае на мэце ўзбагачэньне на людзкім горы. Ён заявіў, што нагоды для панікі няма ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне, бо колькасьць сьмерцяў ад пнэўманіі ў абодвух краінах значна ніжэй, чым летась, калі пра сьвіны грып ніхто нічога ня чуў.

Ажыятаж вакол грыпу А (H1N1) ва Ўкраіне Лукашэнка зьвязаў таксама з прэзыдэнцкай кампаніяй, якая пачалася. Ён выказаў надзею, што яго візыт будзе садзейнічаць зьняцьцю напружанасьці ў беларускім і ўкраінскім грамадзтвах.

Апошні раз Лукашэнка і Юшчанка сустракаліся 9 кастрычніка на саміце СНД у Кішынёве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG