Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 85 выпадкаў сьвінога грыпу, 19 памерлых ад пнэўманіі


Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўвечары ў сераду ўрэшце прывяло некаторыя лічбы па колькасьці хворых на грып, пнэўманію, па колькасьці сьмяротных выпадкаў. Чыноўнікі спрабавалі супакоіць народ. А ўвечары ў Кіеве кіраўнік краіны таксама выказаўся пра сытуацыю вакол сьвінога грыпу.

У вечаровых тэленавінах – спачатку на канале ОНТ, а праз паўгадзінны і ў «Панараме» па БТ галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан паведаміла, што ўсяго ў Беларусі лябараторным шляхам выяўлена 85 выпадкаў захворваньня на сьвіны грып. 47 чалавек паправіліся, 31 яшчэ лечыцца. Што да пнэўманіі, з гэтым дыягназам у шпіталі паступіла 2154 чалавекі. Чыноўніца пацьвердзіла:

«Ёсьць і лятальныя выпадкі ад пнэўманіі. За апошнія два тыдні ад пнэўманіі памерла 19 чалавек. Але зь 19 чалавек толькі ў 7 выдзелены гэты вірус грыпа. Прычым, ён знойдзены ў людзей, якія альбо прыбылі з-за мяжы, альбо кантактавалі з людзьмі, якія прыехалі з-за мяжы”.

Галоўны санітарны лекар краіны суцяшала, ніякай эпідэміі пнэўманіі няма, што сёлета за 9 месяцаў ад пнэўманіі памерла амаль на 100 чалавек менш, чым летась (390 супраць 490). А сьвіны грып пры своечасовым звароце да мэдыкаў цалкам вылечваецца.

Лекар аднаго са сталічных шпіталяў пацьвярджае, што сьмяротныя выпадкі былі. Вось што ён распавёў на ўмовах ананімнасьці ў сераду ўвечары:

“З нашага аддзяленьня яшчэ адзін памерлы ня вывезены... Гэта ў нашым шпіталі сёньня трэці чалавек. Я ня ведаю сытуацыі за ноч, але за дзень ў нас ужо тры сьмерці. Нам толькі сказалі, што з 23 аналізаў 16 станоўчых на сьвіны грып”.

З нашага аддзяленьня яшчэ адзін памерлы ня вывезены... Гэта ў нашым шпіталі сёньня трэці чалавек. Я ня ведаю сытуацыі за ноч, але за дзень ў нас ужо тры сьмерці. Нам толькі сказалі, што з 23 аналізаў 16 станоўчых на сьвіны грып

У сталічных аптэках па-ранейшаму перабоі з процівіруснымі сродкамі і маскамі. Прычым, даволі танныя лекі беларускай вытворчасьці больш шансаў набыць ў дзяржаўных аптэках “Белфармацыі” – туды іх завозяць у першую чаргу. А вось камэрцыйным аптэкам гэтыя лекі не адгружаюць. Баранавіцкі баваўняны камбінат пачаў шыць марлевыя павязкі з марлі, якую ён і вырабляе. Павязкі будуць шыць і хворыя Гомельскага абласнога клінічнага псыхіятрычнага шпіталя, якія праходзяць курс працатэрапіі ў вытворчых майстэрнях.

А ў той жа час Аляксандар Лукашэнка па прылёце ва Ўкраіну заявіў, што сытуацыя вакол “сьвінога грыпу ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі і ва Ўкраіне, наўмысна справакаваная фармацэўтычнымі кампаніямі. Гэта іх замашкі і жаданьне зарабіць на чалавечым горы”.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, ці не баяўся кіраўнік Беларусі ляцець ва Ўкраіну, Лукашэнка адказаў: “Чаго мне баяцца? Трэба супакоіцца і жыць… Па-сьвінячы сёньня пішчыць увесь сьвет...”




XS
SM
MD
LG