Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Час візыту Лукашэнкі ў Польшчу яшчэ не надышоў”


Генрык Літвін

Генрык Літвін

Дыялёг паміж Варшавай і Менскам існуе. Пра гэта сёньня заявіў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін.

Ён дадаў, што гэтыя кантакты носяць цыклічны характар: вясной яны былі больш актыўныя, цяпер — менш.

Сёньня амбасадар Літвін, адказваючы на пытаньне нашага радыё, абверг інфармацыю пра тое, што кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей 5-га лістапада наведае Варшаву:

“Я ведаю, што была такая інфармацыя ў Польшчы. “Газэта Выборча” яе надрукавала. Але гэта недакладная інфармацыя.

Канечне, такі візыт магчымы. Ужо была сустрэча кіраўніка канцылярыі прэм’ер-міністра Рэспублікі Польшчы са спадаром Макеем у Менску. І гэты дыялёг будзе працягвацца. Але сказаць, калі гэта будзе дакладна, я яшчэ не магу”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што кантакты паміж афіцыйнымі Варшавай і Менскам яшчэ стрымліваюцца. Пацьверджаньне такой высновы аглядальнік знайшоў у размове зь міністрам у пытаньнях зьнешняй палітыкі канцылярыі прэзыдэнта Польшчы спадаром Хандзьлікам, якая адбылася ў кастрычніку ў Варшаве:

Раман Якаўлеўскі
“Ён сказаў наступным чынам: галоўнай перашкодай у двухбаковых дачыненьнях застаецца пытаньне Саюзу палякаў на Беларусі, які ачольвае Анжаліка Борыс. І далей ён казаў, што адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі абяцала вырашыць гэтае пытаньне. Але сваіх абяцанак ня выканала. Таму, казаў пан Хандзьлік, час візыту Лукашэнкі ў Польшчу яшчэ не надышоў”.

Журналісты спыталі амбасадара пра стаўленьне Польшчы да пытаньня візавага абмежаваньня беларускіх чыноўнікаў. Гэту праблему міністры замежных спраў краін Эўразьвязу абмяркуюць праз 10 дзён у Брусэлі.

Генрык Літвін адказаў на пытаньне так:

“Гэтая інфармацыя не для мэдыяў, пакуль ня будзе прынятае агульнае рашэньне. Гэта будзе рашэньне ўсяго Эўразьвязу, незалежна ад таго, як пройдзе дыскусія падчас абмеркаваньня пытаньня. І гэта будзе наша агульная пазыцыя”.

Раман Якаўлеўскі кажа: Польшчы цяжэй, чым шмат якім іншым краінам Эўразьвязу, вызначыць сваю пазыцыю адносна Беларусі. Гэта зьвязана з тым, што ў прэзыдэнтуры і ўраду погляды на разьвіцьцё дыялёгу зь Беларусьсю не ўва ўсім супадаюць, падкрэсьлівае аглядальнік:

“Назіраюцца супярэчнасьці паміж прэзыдэнтам і прэм’ерам. Гэта — не сакрэт. Таму амбасадар Літвін, які зьяўляецца ўрадавым чыноўнікам, на мой погляд, і ня мог так адназначна сказаць, як будзе ставіцца да гэтага пытаньня Польшча менавіта ў дзень прыняцьця рашэньня. Ідзе спрэчка паміж прадстаўнікамі прагматычнага і каштоўнаснага падыходаў. І прэзыдэнтура тут схіляецца больш да каштоўнасьцяў дэмакратыі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG