Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра Абаму: ад гераізацыі — да абыякавасьці


Барак Абама

Барак Абама

4 лістапада 2008 году ў ЗША была абвешчаная перамога на прэзыдэнцкіх выбарах Барака Абамы над ягоным асноўным супернікам — рэспубліканцам Джонам Макейнам.

Сэнатар-дэмакрат з Ілінойсу стаў першым у гісторыі афраамэрыканцам, абраным на пасаду кіраўніка Злучаных Штатаў. У спадчыну новаму лідэру засталася падарваная глябальным крызісам эканоміка і шматлікія міжнародныя праблемы. Ці здолеў Абама хоць часткова вырашыць няпростыя задачы? Меркаваньні наконт гэтага мы папрасілі выказаць людзей, якія роўна год таму ў эфіры “Свабоды” камэнтавалі абраньне Абамы 44-м прэзыдэнтам ЗША.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін лічыць, што ацэньваць высілкі Барака Абамы на пасадзе кіраўніка прэзыдэнта ЗША пакуль заўчасна. На яго думку, эканамічны крызіс Амэрыка пераадольвае за кошт іншых дзяржаваў, а прысуджэньне амэрыканскаму прэзыдэнту Нобэлеўскай прэміі міру і ўвогуле саслужыла дрэнную службу:

Аляксандар Казулін
“Ведаеце, я думаю, што нейкія высновы трэба рабіць усё ж крыху пазьней. А за год, шчыра кажучы, ацэньваць асабліва яшчэ няма чаго…”

Карэспандэнт: “А ягоныя крокі ў пераадоленьні крызісу як вы ацэньваеце?”

“Справа ў тым, што крызіс Амэрыка фактычна пераадольвае за кошт усіх краінаў сьвету. І гэта таксама відавочна. Яны выходзяць з крызісу таму, што паціху выходзіць з крызісу і Эўропа, і іншыя краіны. Бо не ў ЗША, а ў Эўропе ўжо больш істотныя зрухі наперад, ёсьць пэўныя моманты, якія дазваляюць глядзець у будучыню з аптымізмам. Калі Эўропа пойдзе наперад, то пацягне за сабой і Амэрыку. А тэмпы ёсьць зусім іншыя. У Кітаі прагноз росту ВУП акрэсьлены на ўзроўні 8,4%, у Індыі — каля 7%. ЗША перад сабой такіх плянаў ня ставяць”.

Карэспандэнт: “Наконт Нобэлеўскай прэміі міру было шмат спрэчак. Многія лічаць, што ня варта было даваць яе Абаму “авансам”.

“Ну, ён і сам казаў, што атрымаў прэмію не зусім зразумела за што. Таму ў дадзеным выпадку відавочна, што далі яе сапраўды хіба што авансам”.

А вось старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў міжнародных справах Сяргей Маскевіч кажа, што сваё стаўленьне да прэзыдэнта-дэмакрата за прамінулы год не зьмяніў. Ён лічыць, што Абама надзвычай выгадна глядзіцца на тле свайго папярэдніка:

Сяргей Маскевіч
“Думаю, што ў асноўным мае спадзяваньні былі, скажам так, рэалізаваныя. Тое, што мне якраз бачылася ў яго характары, у яго поглядах на сьвет, калі канкрэтна — больш адэкватнае адлюстраваньне падзей, якія на самой справе сёньня адбываюцца і зьяўляюцца базавай, аб’ектыўнай падставай для разьвіцьця краіны і міжнародных адносінаў, усіх працэсаў, — яны на самой справе і былі так рэалізаваныя”.

Карэспандэнт: “То бок у прынцыпе вас нельга аднесьці ў лягер крытыкаў палітыкі Абамы?”

“Не-не. Я якраз, можа, і занадта вялікі рамантык у гэтым сэнсе, але мне здаецца, што гэта чалавек з новым поглядам на сьвет, і гэты погляд нашмат больш адэкватны”.

Сябра партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая кажа, што за гэты час не набрала асаблівых сымпатый на адрас Барака Абамы. Яе словамі, Абама як быў для яе непажаданым канкурэнтам Джона Макейна, так і застаўся:

Валянціна Сьвяцкая
“Маё стаўленьне да спадара Абамы ніяк не зьмянілася. Найперш я ўсё ж падтрымлівала спадара Макейна, які больш адпавядаў поглядам Партыі БНФ. Ва ўсялякім выпадку, ягоныя выказваньні мне больш падабаліся, і дзеяньні яго таксама (хачу гэта падкрэсьліць — дзеяньні ў дачыненьні да рэжыму Беларусі, а не да краіны Беларусь). Што тычыцца маіх адносінаў да спадара Абамы, то насамрэч у мяне ніякага акрэсьленага стаўленьня няма, таму што я ня ведаю, што менавіта добрага ён зрабіў, каб нам ад гэтага было хоць бы нейкім чынам лепш. Таму стаўленьне ў літаральным сэнсе ніякае: я яму не спачуваю, не выказваю нешта нэгатыўнае наконт ягонага праўленьня цягам гэтага году. І мне здаецца, што самі амэрыканцы наўрад ці заўважылі нейкі штуршок наперад. Хоць, можа, хтосьці і заўважыў, я ж не жыву ў ЗША, і мне цяжка гэтую тэму абмяркоўваць. Ва ўсялякім разе, асабіста я нічога станоўчага не заўважыла”.

Сакратар Цэнтральнага камітэту апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган шчыра спачувае прэзыдэнту Бараку Абаму, якому давялося ўзваліць на сябе груз адказнасьці ў такі складаны час:

“Мне здаецца, для яго ўсё атрымалася з дакладнасьцю да наадварот. Тое, што, думалася, будзе лягчэй для Абамы, насамрэч стала толькі цяжэй. Таму што яму даводзіцца прымаць рашэньні ў час крызісу, гэтыя рашэньні непапулярныя — ня толькі ўнутры краіны, але і на міжнароднай арэне. І аб гэтым гаворыць хоць бы той факт, што кіраўнікі розных дзяржаваў думаюць, як пазбавіцца ад даляра ў разьліках за нафту. Ну і наогул пытаньні плянавай эканомікі даводзіцца вырашаць у капіталістычным сьвеце, а гэта ня вельмі таксама папулярныя рашэньні. Таму я думаю, што, мабыць, Абама і сам не прагназаваў, што яму будзе нашмат цяжэй, чым ён разьлічваў”.

Карэспандэнт: “То бок вы яму спачуваеце?”


“Так, спачуваю”.

Яшчэ адзін камэнтатар “Свабоды”, выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ на Беларусі Юрась Беленькі, спачуваньня асабіста да Абамы ня мае. На яго думку, у амэрыканскай сыстэме на карысьць дзяржавы працуе не адзін прэзыдэнт, а ўсё грамадзтва:

Юрась Беленькі
“Амэрыка — моцная дзяржава. Моцная эканамічна, моцная сваёй дэмакратыяй, сваімі традыцыямі. Моцная дэмакратычная партыя, моцная і рэспубліканская. Знаходзячыся ў ЗША, я адчуў яшчэ адну рэч: людзі ў гэтых умовах, напэўна, яшчэ зь дзяцінства выхаваныя так, каб пераадольваць цяжкасьці. Я асабліва не спачуваю Абаму, хоць ёсьць праблемы (а ў каго іх няма?). Такія застарэлыя праблемы, як Ірак, Аўганістан, канечне, сёньняшні крызіс. Але галоўнае — іншае. Я са шчырай зайздрасьцю гляджу на Амэрыку ў такім аспэкце: калі зьяўляецца новы выклік, прымаюцца адэкватныя захады на пераадоленьне праблемы, дэмакратычнае грамадзтва салідарна шукае выйсьце, абмяркоўвае. І ў рэшце рэшт дзейнічае дынамічна, пасьлядоўна, і праблему, якая ўзьнікае, пераадольвае. Гэта самае галоўнае. Таму я бачу, што Абама — сьпелы палітык. Але, напэўна, у Амэрыцы інакш і не магло быць, каб на пасаду прэзыдэнта трапіў чалавек выпадковы. Бо сыстэма сэлекцыі на вышэйшую пасаду ў дзяржаве адпрацаваная і надзвычай эфэктыўная”.
XS
SM
MD
LG