Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міністры не разумеюць, пра што ім кажа Лукашэнка”


Агляд тэлефанаваньняў за сераду, 4 лістапада У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы дзеляцца ўражаньнямі пра беларускіх чыноўнікаў, адгукаюцца пра маючыя адбыцца выбары, разважаюць, ці сапраўды прынясе эканамічную карысьць Астравецкая атамная станцыя.

Сярод пастаянных тэмаў вашых званкоў — выбарчая кампанія. Запэўніваньням уладаў пра тое, што яна стане больш адкрытай, асаблівай веры няма.

Спадар: “Спадарыня Ярмошына ясна дала зразумець, што ў Беларусі да канца 21 стагодзьдзя будзе кіраваць Лукашэнка і ягоная дынастыя”.

У слухачоў ёсьць свой погляд на тое, што трэба зрабіць дзеля сапраўднай дэмакратызацыі выбарчай працэдуры.

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я за свае 60 год жыцьця бачыла адны дэмакратычныя выбары: калі быў абраны прэзыдэнтам Лукашэнка. Таму ня веру ні Ярмошынай, ні Лукашэнку, што цяпер выбары будуць чэсныя. Бо і раней гэтыя людзі сьцьвярджалі, што наша выбарчае заканадаўства ледзь не найлепшае ў сьвеце. Трэба зьмяняць заканадаўчую сыстэму, толькі потым мы, народ, пабачым сапраўдныя выбары”.

У зьвязку з размовай пра выбары ўсплывае і тэма стаўленьня да беларускіх чыноўнікаў.

Спадар: “Я наконт паседжаньня, якое правёў Аляксандар Рыгоравіч нядаўна. Шкада, што ў Беларусі няма такога пісьменьніка, як дзядуля Крылоў, які казаў: “Как ни садитесь, в музыканты не годитесь”. Гэта вось ён кажа міністрам адно, а мне падаецца, што яны не разумеюць, пра што ён кажа. У іх зусім іншыя думкі. Хтосьці зь іх нават сьпіць. Такое ўражаньне, што Аляксандар Рыгоравіч шчыра хоча нешта зрабіць у дадзеным выпадку, сапраўды патрабуе, просіць і г.д. “А Васька слухае ды есьць”. Зноў дзядуля Крылоў? Пара ўладу скарыстаць”.

Вось яшчэ адно назіраньне.

Спадарыня: “Ці слухаюць нашы чыноўнікі? Калі слухаюць, напэўна, вушы вянуць ад праўды. Калі слухаюць, чаму нічога ня робяць? А можа, ня могуць? Дык пасадзілі б слухачку Ларысу на месца яго, можа, быў бы толк. Сьпіхнулі ўсё на крызіс. Ужо колькі гадоў так жывем і бяз крызісу”.

Асаблівы недавер шмат у каго з тых, хто тэлефануе на “Свабоду”, — да тых адказных вэртыкальнікаў, якія маюць адносіны да буйных праектаў улады. Сярод іх — будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад Астраўцом.

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Я ня веру ў абяцанкі арганізатараў гэтай афёры. Інакш яе назваць нельга. Не магу пагадзіцца з тым, што станцыя бясьпечная і што атрымаем ад яе танную электраэнэргію. Нічога свайго таннага ў нас няма. Дый якасьць амаль усяго як нашага, так і расейскага пакідае жадаць лепшага. Мы ўжо даўно зьяўляемся крэдытнымі закладнікамі. Кошт будоўлі станцыі спачатку быў чатыры, пасьля 6, цяпер ужо 9 мільярдаў даляраў. А пакуль будуць будаваць, добрую палову сродкаў, як заўжды, чыноўнікі расьцягнуць па сваіх кішэнях. У іх толькі добра выходзіць ганьбіць народ ды кляп яму ў рот сунуць”.

Прашу пракамэнтаваць гэты сюжэт грамадзкага рэдактара тыдня — сябру ЦК ПКБ, актывіста з талачынскага Коханава Мікалая Петрушэнку.

Мікалай Петрушэнка
Мікалай Петрушэнка:
“Нядаўна ў Менску праходзіў энэргетычны форум. Бачу, Курскі прыборабудаўнічы завод выстаўляе перарывальнік, які спрацоўвае празь 15 сэкунд. Пытаюся ў інжынэра: а праз колькі сэкунд бухнуў чарнобыльскі рэактар? — “Праз 13…” Ну дык вы б, хлопцы, зрабілі б і прывезьлі да нас прыбор, разьлічаны мінімум на 12 сэкунд! Навошта нас сьмяшыць ці страшыць? Напэўна, варта весьці размову не пра эканоміку станцыі ці яе экалёгію — соль у нашым палітычным стылі, які на ўсё накладаецца і падмінае пад сябе, у нашай палітычнай мадэлі, пры якой, як сказаў самі ведаеце хто, дык так яно і будзе…”

І напрыканцы — водгук на перадачу пра жыцьцё дзяцей-інвалідаў, якая гучала на хвалях Радыё Свабода.

Валер Курневіч, Барысаў: “У калекі быў праважаты, у яго быў бясплатны праезд. Таксама разам з калекам і ў санаторый бясплатны заезд. Мой прэзыдэнт гэтую льготу адабраў. Ня дай Бог, калі мой прэзыдэнт застанецца без падмогі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG