Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозаўка: рабочыя гуты пагражаюць міністру страйкам


Шклозавод «Нёман»
Шклозавод «Нёман»

У лісьце да міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Селязьнёва рабочыя гуты “Нёман” пішуць, што зьвярнуцца іх прымусіла крытычная сытуацыя, якая склалася на прадпрыемстве. Пад лістом паставілі подпісы звыш 1 тысячы рабочых.

У звароце рабочыя паведамляюць, што заробак адміністрацыя выдае з парушэньнем заканадаўства — толькі адзін раз на месяц і з пастаяннымі затрымкамі.

Гэта прыводзіць да таго, што людзі своечасова ня могуць разьлічыцца за камунальныя паслугі, крэдыты і вымушаны потым плаціць дадатковыя адсоткі.

Што датычыць самога заробку, гаворыцца ў лісьце, то ён складае на прадпрыемстве ў сярэднім каля 600 тысяч рублёў, тым часам як сярэдні заробак у прамысловым сэктары краіны, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, перавышае мільён рублёў.

Скардзяцца рабочыя і на тое, што на месцах са шкоднымі ўмовамі працы не атрымліваюць своечасова дадатковага харчаваньня, што за апошнія гады адміністрацыя ўжо некалькі разоў падвышала нормы выпрацоўкі, пры гэтым ніяк не зьмяняючы тэхналёгіі працы.

У лісьце пералічваецца яшчэ шэраг парушэньняў, а таксама зьмяшчаецца патрабаваньне рабочых да міністра: асабіста ўзяць пад кантроль іх праблемы. Інакш яны пагражаюць страйкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG