Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 лістапада ў Менску на ВРВІ і грып захварэлі 12 980 чалавек. Сталічныя шпіталі перапоўненыя, хворыя на пнэўманію ляжаць у калідорах. Павязкі будуць шыць хворыя псыхіятрычнага шпіталя.

Лукашэнка:“Па-сьвінячы сёньня пішчыць увесь сьвет”


Аляксандар Лукашэнка лічыць, што сытуацыя вакол “сьвінога грыпу ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі і ва Ўкраіне, наўмысна справакаваная фармацэўтычнымі кампаніямі. Аб гэтым ён заявіў сёньня па прылёце ў Кіеў.


У Беларусі выпадкаў грыпу A/H1N1 у 4,5 разы болей, чым ва Ўкраіне


Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, агульная колькасьць хворых на пнэўманію ў Беларусі – 2154 чалавекі. 19 памерлі. У 7 зь іх выяўлены вірус сьвінога грыпу.


Аптэкі ў Віцебску будуць працаваць да 23 гадзін


У даведачнай службе аптэчнай сыстэмы кажуць, што напрыканцы тыдня чакаюць завозу імпартных лекаў ад прастуды і грыпу, але яны будуць даражэйшыя. Сетка аптэк “Фармацыя” ў Віцебску, а таксама ў Полацку, Наваполацку і Воршы ад сёньня будзе працаваць пазьней на некалькі гадзінаў. http://www.svaboda.org/content/article/1869540.html


“Адгрузіце ў недзяржаўныя аптэкі — пазбавім ліцэнзіі”


Эканаміст адной з камэрцыйных аптэк паведаміў, што сёньня ім адмовілі ў набыцьці марлевых павязак, спаслаўшыся на тэлефонную інструкцыю Міністэрства аховы здароўя.


“Павязак няма. Шыйце самі!”


У Магілёве нестае марлевых павязак. Тыя, што прадаюцца, кітайскай вытворчасьці, і купіць іх можна ня ў кожнай аптэцы.


У аптэках па-ранейшаму ажыятаж і няма лекаў


Міністар аховы здароўя ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям заявіў, што аптэчная сыстэма Менску забясьпечаная лекамі айчыннай вытворчасьці. У прыватнасьці, завезьлі 7 тысяч пакункаў супрацьвіруснага сродку беларускай вытворчасьці “Арпэтол” і 90 тысяч масак. Напярэдадні ў менскіх аптэках не было шмат якіх антывірусных прэпаратаў і цягам дня стаялі вялікія чэргі. Як зьмянілася сытуацыя?


Вайскоўцаў ад грыпу ратуюць прышчэпкамі, часныком і цыбуляй


Для падвышэньня імунітэту і ахоўных сіл арганізму беларускім жаўнерам выдаюць цыбулю і часнык звыш нормы.


Смаркатых праз мяжу не пускаюць...


Жыхары Гомеля, якія езьдзяць у суседнюю Украіну па танную вопратку і абутак да зімы, занепакоены пашырэньнем там эпідэміі грыпу. Шмат хто пабойваецца, што выезд у суседнюю краіну будзе абмежаваны.

У школах і бальніцах Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка ўведзены карантын


У чатырох гарадах Віцебскай вобласьці — Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку — з 4 па 11 лістапада ўведзены карантын у сувязі з ростам выпадкаў захворваньняў на ВРВІ і грып у школах і лячэбных установах.

Як падае БелаПАН, на вуліцах Віцебску рэдка можна ўбачыць людзей у засьцерагальных масках. Іх выкарыстоўваюць толькі супрацоўнікі аптэк і гарадзкога траўмапункту, а таксама некаторыя супрацоўнікі паліклінік і крамаў. Пры гэтым засьцерагальных масак у аптэках горада няма, таксама як і супрацьвірусных сродкаў. На пытаньні жыхароў горада фармацэўты звыкла адказваюць, што прэпаратаў няма, але іх "павінны падвезьці".

У Гомелі афіцыйна заяўлена пра пачатак эпідэміі


Паводле заключэньня галоўнага санітарнага лекара гораду, на тэрыторыі гораду пачаўся эпідэмічны пад'ём захворваньняў на грып і ВРВІ.

Як паведамляе БЕЛТА, 30 кастрычніка па 2 лістапада ўзровень захворваньняў на грып і ВРВІ перавысіў парогавы ў 3—5 разоў. Пра гэта гаворыцца ў пастанове галоўнага санітарнага лекара Гомеля Уладзіміра Зіновіча (№ 4 ад 3 лістапада), апублікаванай на афіцыйным сайце гарвыканкаму.

Кіраўнікам арганізацый незалежна ад формы ўласнасьці прадпісана своечасова выяўляць захварэлых на грып і ВРВІ і ізаляваць іх ад калектыву. Супрацоўнікі прадпрыемстваў сфэры абслугоўваньня (цырульні, прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня, гандлю і г.д.) павінны выкарыстоўваць засьцерагальныя маскі і мяняць іх кожныя 3—4 гадзіны.

Пастанова ўводзіцца ў дзеяньне ад сёньня.

У Гарадзенскай вобласьці – рэзкі рост захворваньняў на ВРВІ


Рост захворваньняў на ВРВІ адзначаны ў кантрольных гарадах Гарадзенскай вобласьці. Як паведамляе БЕЛТА, за мінулыя суткі ў Горадні па мэдычную дапамогу з нагоды расьпіраторных вірусных інфэкцый зьвярнуліся больш за 1600 чалавек. Гэта на 30-40% больш, чым на тую ж дату мінулага году. У Лідзе за мінулыя суткі захварэлі 320 чалавек – на 30% больш за сярэднесутачны сэзонны паказьнік. Аднак, санітарныя ўлады пакуль карантын у навучальных установах ня ўводзяць.


Аптэкам загадана працаваць кругласутачна


Міністэрства аховы здароўя прапаноўвае аптэкам у тэрмін да 5 лістапада арганізаваць працу без выхадных і ў начны час. Такая рэкамэндацыя ўтрымліваецца ў лісьце, які Міністэрства аховы здароўя накіравала ў аптэкі і ўправы аховы здароўя раённых і абласных выканкамаў. Дакумэнт "Аб арганізацыі мер прафіляктыкі і лячэньня сэзонных рэсьпіраторных інфэкцый" разьмешчаны на афіцыйным сайце міністэрства. Сваю прапанову Міністэрства аховы здароўя матывуе "сэзонным уздымам захворваньня насельніцтва на вірусныя інфэкцыі і ростам патоку наведвальнікаў". Аб гэтым паведамляе БелаПАН.


У вар’ятні будуць шыць марлевыя павязкі


Павязкі будуць шыць хворыя Гомельскага абласнога клінічнага псыхіятрычнага шпіталя, якія праходзяць курс працатэрапіі ў вытворчых майстэрнях.

Раней лячэбна-вытворчыя майстэрні шылі павязкі толькі для ўласных патрэбаў, паведамляе БелаПАН.

Для масавай вытворчасьці трэба атрымаць гігіенічнае пасьведчаньне ў Менску і прайсьці ўсе неабходныя ўзгадненьні. Гэта зойме ня менш як 10 дзён.


Яшчэ 13 тысячаў хворых


3 лістапада ў Менску на ВРВІ і грып захварэлі 12 980 чалавек.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт санітарна-эпідэміялягічнай службы Менску.

УзростКолькасьць хворых
18 гадоў і старэйшыя7 719
Дзеці да двух гадоў 1 040
Дзеці 3—6 гадоў1 972
Дзеці 7—14 гадоў1 568
Падлеткі 15—17 гадоў1 169


2 лістапада да мэдыкаў зьвярнулася 14 333 жыхароў сталіцы. У гэты дзень у Менску шпіталізавалі 124 чалавекі, а назаўтра, 3 лістапада, — 153, зь якіх 66 — дзеці да двух гадоў.

Усім шпіталізаваным немаўлятам пастаўлены дыягназ “вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя”, паведамляе БелаПАН.


Шпіталі перапоўненыя. Эпідэмія не абвешчаная


Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя запэўніваюць, што сытуацыя з грыпам і вострымі віруснымі інфэкцыямі цалкам пад кантролем. А ажыятаж і паніку сеюць журналісты. У той жа час шпіталі ў сталіцы перапоўненыя.

Лілія Ананіч у ажыятажы вакол грыпу бачыць інтрыгі пастаўшчыкоў лекаў


Ажыятаж вакол грыпу А/Н1N1, магчыма, зьвязаны з чыімсьці жаданьнем прадаваць больш лекаў. Такое меркаваньне, паводле БЕЛТА, выказала першая намесьніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

“Ня выключана, што камусьці вельмі хочацца вялікіх продажаў лекаў. Чамусьці актыўна пачалі цяпер рэклямавацца замежныя прэпараты, хоць Міністэрства аховы здароўя рэкамэндуе для прафіляктыкі айчынныя. І цяпер у аптэках не знайсьці нават дарагіх замежных лекаў...”, – заявіла чыноўніца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG