Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня веру, што партыі і рухі ствараюцца для нейкіх добрых спраў”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 04 лістапада 2009 году

У пошце “Свабоды” нямала лістоў, аўтары якіх апісваюць здарэньні, назіраньні, выпадкі са свайго жыцьця. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, наведваючы нядаўна па службовых справах Менск, быў вельмі ўражаны і ўзрушаны выглядам жабракоў у гарадзкіх падземных пераходах. Вось што піша ён пра свае назіраньні ў лісьце на “Свабоду”:

“Найбольш, да болю ў сэрцы, уразілі мяне жабракі-дзеці. Хлопчык гадоў шасьці-сямі разьмясьціўся на сярэдзіне адной зь ніжніх прыступак пераходу. Прасіў міласьціну ён шчыра, нават рабіў некалькі крокаў за некаторымі прахожымі.

...Дзяўчынка год чатырох, апранутая быццам на выраст, сядзіць на каменнай падлозе на нейкім рызьзі. Худзенькая, невялічкая, яна нешта шчабеча танюсенькім галаском, з надзеяй скіроўваючы позірк то на аднаго, то на другога прахожага.

Дарослых жанчын, падобных да маці, побач не было.

Я выйшаў зь пераходу, накіроўваючыся да бліжэйшага шапіка з намерам купіць дзецям які-небудзь ласунак. Бо невядома, што там за бацькі: дасі грошы, дык большасьць пойдзе на прапой. Але іншая думка спыніла мяне: убачаць прахожыя, што дзеці ядуць той “сьнікерс”, і ня будуць падаваць міласьціну. Дый невядома, што ў малых са страваваньнем, можа, ім няможна салодкага, толькі алергіі ім яшчэ бракуе, — піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Ушачаў. — І я пакрочыў назад у пераход. Хлопчык, пакінуўшы свой “пост”, стаяў каля дзяўчынкі, трымаючы ў руцэ некалькі дробных купюр, найбольш соцень. Дзяўчынка маленькімі пальчыкамі перакладала з ручкі ў ручку такія ж дробныя купюры і шчабятала: “Глядзі, як у мяне многа, глядзі: вось тысяча, вось дзьве, тры, чатыры…”


Ах ты, мая разумніца! Толькі-толькі гаварыць навучылася, а ўжо лічыць умее. Хлопчык павучальна даводзіў: “Гэта ня тысяча, гэта сто, і гэта сто, а гэта — пяцьсот”.

Я даў грошай дзяўчынцы, потым хлопчыку: “Вось гэта тысяча, яна сіненькая, а вось зялёненькая — гэта сто. Вось і табе таксама тысяча”.

Дзяўчынка адказала першая: “Дзякуй, дзядуля!”

Ах ты ж, мая ветлівая! Залатое дзіця, анёлачак!

Сьціснула сэрца, і я, нічога не адказаўшы і намацваючы ў кішэні пігулкі, пайшоў зь пераходу. Прападзі яно ўсё пропадам — і палацы гэтыя лядовыя, і аграгарадкі гэтыя бязглуздыя разам з дажынкамі ды славянскімі базарамі, калі тут, у сталіцы, такое робіцца! Колькі ў Менску падземных пераходаў? Колькі ў іх жабракоў?”


Адзін час менская міліцыя бязьлітасна ганяла жабракоў з гарадзкіх вуліц і падземных пераходаў — каб не псавалі выгляду ўзорнага сталічнага гораду. Цяпер ранейшага імпэту ў гэтай справе міліцыя, відавочна, не выяўляе. Няшчасных абяздоленых людзей, якія выходзяць на вуліцу з працягнутай рукой, зноў нярэдка можна ўбачыць у людных месцах Менску. Выжываюць, як умеюць. І калі ўлада ня здольная забясьпечыць іх прытулкам і ежай, то не павінна пазбаўляць і гэтага апошняга спосабу выратаваньня.

Напярэдадні 7-га лістапада многія людзі сталага веку згадваюць ня надта далёкае мінулае, калі гэты дзень адзначалі ў колішнім Савецкім Саюзе як самае вялікае дзяржаўнае сьвята — гадавіну бальшавіцкай рэвалюцыі 1917-га году. Вось якія вершаваныя развагі даслаў на адрас “Свабоды” былы камуніст з 40-гадовым стажам спадар Прохарчык зь вёскі Заазер’е Пухавіцкага раёну. Ён піша:

“Усё ранейшае зьнікла ў адначасьсе.
Відаць, падмурак ленінскіх ідэй
Ня вельмі моцным быў ужо спачатку,
Калі так вокамгненна разваліўся сам сабой.
Агіднае ў тым, што самі камуністы
(Не шараговыя, а тыя ж зноў — “вярхі”)
Развал усёй сыстэмы ўчынілі
І алігархамі зрабіліся яны.
Цяпер жывуць яны ў капіталістычным раі,
Князёў і графаў тытул набылі.
І зноў яны над намі верхаводзяць.
І шараговымі мы засталіся, як былі.
Цяпер ня веру я, што партыі і рухі
Ствараюцца для нейкіх добрых спраў.
Мэта адна — забрацца на вяршыню,
Каб жыць бязьбедна да апошніх дзён”
.

Сапраўды, спадар Прохарчык, палітычныя партыі ствараюцца дзеля таго, каб прыйсьці да ўлады. І цяжка дакараць палітыкаў за іхныя амбіцыі — за тое, што яны імкнуцца атрымаць у свае рукі кіраваньне краінай. Пытаньне ў тым, ці ёсьць у грамадзтва рычагі дзеля таго, каб таго палітыка, які ня справіўся з такім кіраваньнем, дэмакратычным чынам адхіліць ад улады, замяніць яго іншым, больш здольным. КПСС, як вядома, дзяліцца ўладай ні з кім не зьбіралася — выбары ператварыла ў прафанацыю і ўсе высілкі накіроўвала на тое, каб пераканаць народ у тым, што распараджацца ўладай здольная толькі яна і ейныя “геніяльныя” лідэры. Чым гэта скончылася — вядома.

Аўтар наступнага ліста — Уладзімер Рачок зь Менску — адшукаў у стосе старых кніг студзеньскі нумар часопіса “Полымя” за 1988-ы год — і быў вельмі ўзрушаны адным вершам. Слухач піша:

“Называецца гэты верш “Тармажэньне”. Чытаеш яго — і думаеш, што напісаны ён сёньня. Вось некалькі радкоў:

Тармажэньне, тармажэньне
І чыноўніцкі разбой,
Быццам зноў мы ў акружэньні
І вядзём сьмяротны бой.

І нечаканая канцоўка:

Не хапае ўсім харчоў,
Кормімся валютаю.
Дарагі наш Гарбачоў,
Трэба рэвалюцыя”.

З таго часу мінула амаль 22 гады. У Беларусі сёньня вонкавы доўг — больш чым 17 мільярдаў даляраў. Пра ўнутраны прамаўчым. Атрымліваецца, што 22 гады пратапталіся на месцы. А цяпер пачалі даганяць у полі вецер. Калі б у сьвеце зусім спыніўся прагрэс, то ўсё роўна не дагнаць нам перадавыя краіны з такім стаўленьнем да прагрэсу.

У мяне шматгадовая перапіска з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі. Распавядаеш ім пра разбуральныя сытуацыі ў эканоміцы, пра небясьпеку для жыцьця чалавека з прычыны парушэньня нормаў тэхнікі бясьпекі — а ў адказ ніводнага абгрунтаваньня. Адны абстрактныя тлумачэньні, якія ня маюць дачыненьня да сытуацыі.

Улада сьцьвярджае, што стварыла ў Беларусі сыстэму клопату аб людзях. А ў сапраўднасьці з дапамогай гэтай сыстэмы можна любога сумленнага чалавека ператварыць у бамжа, пазбавіць яго сродкаў для існаваньня. На маю думку, мы няспынна рухаемся да сытуацыі, якая нагадвае пачатак трыццатых гадоў. Чакаць доўга не давядзецца — дастаткова 3—4 гады”
.

Тое, што Беларусь перажывае вялікія эканамічныя цяжкасьці і што наступныя некалькі гадоў будуць ва ўсіх сэнсах складанымі — відавочна, напэўна, для ўсіх, спадар Рачок. Але наўрад ці на гэтай падставе варта казаць пра вяртаньне сытуацыі пачатку 30-х гадоў. Іншы сьвет, іншыя настроі, іншае акружэньне. На працягу мінулых пятнаццаці гадоў у Беларусі гучала нямала апакаліптычных прагнозаў, у якіх праводзіліся паралелі з масавымі палітычнымі рэпрэсіямі 30-х гадоў. Палітычны перасьлед іншадумцаў у Беларусі, сапраўды, не спыняўся ўвесь гэты час. І ўсё ж сёньняшні аўтарытарны рэжым беларускага ўзору мае ня надта шмат агульнага з тым, што тварылася ў 30-я гады ў сталінскім Савецкім Саюзе.

На заканчэньне — ліст ад нашага слухача Валерыя Грыцука зь Менску. Ён зьвярнуў увагу на словы прэзыдэнта Лукашэнкі, сказаныя два тыдні таму падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Паэтам — пра тое, што ён, Лукашэнка, наеўся ўлады так, што аж ванітуе. Валеры Грыцук з гэтай нагоды піша:

“Шкада мне Аляксандра Лукашэнку — чалавек вельмі пакутуе, ванітуе ад улады. Я яму прапаную: беражыце сваё здароўе. ТЭРМІНОВА ПАКІНЬЦЕ ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА! АДДАЙЦЕ ЎЛАДУ МНЕ. Я гарантую вам і народу Беларусі, што абараню сувэрэнітэт і незалежнасьць дзяржавы.

Я не наеўся ўлады, а таму гатовы быць прэзыдэнтам, каб Беларусь была сапраўднай эўрапейскай багатай краінай, а грамадзяне Беларусі сталі заможнымі, бо маюць магчымасьць быць такімі ва ўмовах дэмакратычнай (народнай) улады і праз выкарыстаньне сучасных тэхналёгій”
.

Папярэдне, спадар Грыцук, усё ж давядзецца высьветліць, ці супадаюць вашы зусім зразумелыя жаданьні з жаданьнямі беларускага народу. Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія пачнецца ўжо ў наступным годзе. Прэтэндэнтаў на гэтую пасаду, мяркуючы па ўсім, будзе нямала. І пакуль нішто ня сьведчыць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка адмовіцца ад барацьбы і захоча саступіць каму-небудзь зь іх уладу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG