Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паніку спараджае тое, што людзям не гавораць праўду”


Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла.


Ганна Соўсь:
Ва аўторак на сайце “Беларускіх навінаў” кампаніі БелаПАН былі апублікаваныя дакумэнты , якія пацьвярджаюць, што ў тканках двух памерлых людзей выяўленыя рыбануклеінавыя кіслоты грыпу А(Н1N1). Пазьней першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч, заявіла, што міністэрства будзе спыняць “спробы дэзінфармацыі у справе захворваньня грыпам”. Скажыце, калі ласка, наколькі законнае замоўчваньне інфармацыі пра распаўсюд хваробаў, у дадзеным выпадку, сьвінога грыпу?

Напэўна ўладам нявыгадна прызнаваць факт шырокай эпідэміі, яны ўсё сьпісваюць на вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю
Гары Паганяйла:
Я думаю, гэта ў практыцы беларускіх уладаў не прадстаўляць праўдзівую інфармацыю насельніцтву. Яны сьцьвярджаюць, што сыстэма аховы здароўя у дадзеным выпадку арганізавана належным чынам у Беларусі, што ў нас дастатковая колькасьць лекараў, дастатковыя запасы мэдычных прэпаратаў для лячэньня, і краіна гатовая да любых вірусных інфэкцый, і лячэбныя ўстановы ўпраўляюцца з тымі нагрузкамі, якія маюцца ў краіне. Аднак практыка паказвае як раз адваротнае. Паводле таго ж кіраўніка ўпраўленьня міністэрства аховы здароўя па Менску, ў сталіцы не хапае каля 900 лекараў. Такая вялікая колькасьць вакансій -- гэта звыш 10 працэнтаў ад патрэбы Менску. І тое, што сёньня людзям не гавораць праўду, гэта як раз і спараджае паніку ў насельніцтва.

Гэта адсутнасьць дакладнай інфармацыі, на якую людзі маюць права і паводле Канстытуцыі і паводле заканадаўства, прынятага на яе аснове. Напэўна ўладам нявыгадна прызнаваць факт шырокай эпідэміі, яны ўсё сьпісваюць на вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю. Канечне, характар гэтай віруснай інфэкцыі можа быць розны -- гэта і розныя грыпы і іншыя хваробы. Але тым ня менш, у суседніх краінах выяўляецца ўсё большая колькасьць інфікаваных так званым мэксыканскім ці каліфарнійскім грыпам. У краіне проста, праўдападобна, не хавае ані сродкаў, ані лябараторый, якія б выявілі штам гэтага грыпу, і ўсё сьпісваюць на гэтыя так званыя вострыя рэсьпіраторна-вірусныя інфэкцыі.

Соўсь: Ці маюць права кіраўнікі шпіталяў браць падпіску аб неразгалошаваньні з лекараў?

пацыент павінен ведаць пра сваю хваробу, ягоныя бліжэйшыя родныя павінны ведаць пра характар хваробы і магчымыя наступствы
Паганяйла:
Гэта таксама незаконная практыка. Агульнамэдычная практыка -- гэта сапраўды неразгалошаваньне лекарскай таямніцы. Ёсьць адпаведныя законы, і адпаведныя прадпісаньні пра гэта . Але пацыент павінен ведаць пра сваю хваробу, ягоныя бліжэйшыя родныя павінны ведаць пра характар хваробы і магчымыя наступствы. Мэдыкі ў цэлым павінны ведаць сытуацыю ня толькі ў сваёй установе, але і па краіне. А арганізатары аховы здароўя павінны рабіць усё, каб праводзіліся адэкватныя сытуацыі меры арганізацыі мэдычнага абслугоўваньня насельніцтва, лячэньня і так далей.

Соўсь: А заява намесьніцы міністра інфармацыі? Гэта фактычна пагроза?

Паганяйла: Калі ставіцца пытаньне пра барацьбу з дэзынфармацыяй, то натуральна, такія мерапрыемствы могуць праводзіцца ў тым ліку і міністэрствам інфармацыі. Але размова ідзе цяпер пра дэзынфармацыю з боку дзяржаўных органаў , вышэйшых службовых асобаў. Гэта яны не гавораць насельніцтву ўсю праўду. гэты яны не хочуць, каб народ ведаў рэальны стан рэчаў. І таму такія паводзіны ўлады проста не адпавядаюць закону і чалавечай маралі. Яны характарызуюць як раз нашу ўладу, што тычыцца сыстэмы аховы здароўя, якую лічаць самай перадавой... Практыка паказвае як раз негатовасьць усёй сыстэмы да працы ў такіх складаных сытуацыях.

Соўсь:
Учора госьцем ранішняга эфіру свабоды быў народны лекар Валеры Лістратаў, дык ён казаў, што паніка вельмі нэгатыўна можа ўплываць на людзей, у тым ліку і спрыяць ускладненьням... Ці можа мае рацыю не перабольшваць маштабы распаўсюду грыпу?

Паганяйла: Канечне, праўдзівая інфармацыя як раз бы спрыяла таму, што разумнае насельніцтва па-разумнаму ўспрымаючы гэтую інфармацыю, як раз праводзіла б прафіляктычныя мерапрыемствы. Трэба рыхтаваць насельніцтва да гэтых прафіляктычных мерапрыемстваў, гаварыць пра гэта. Тое, што робяць улады, сьведчыць пра тое, што яны валодаюць інфармацыяй, ведаюць сытуацыю. Просты прыклад -- вакацыі працягнулі ў школах на тыдзень. Гэта як раз мерапрыемства, зьвязанае з эпідэмічным ростам хваробы як у Менску, так і ў краіне. Улады дзейнічаюць ў дадзеным выпадку адэкватна. Чаму ж яны ў сваёй ідэалягічнай дзейнасьці спрабуюць падмануць свой народ?


Цалкам гутарка з праваабаронцам Гары Паганяйлам.

СЛУХАЦЬ:
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG