Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія школы ад заўтра зачыняюць на карантын


Супрацоўнікі цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі падаюць журналістам супярэчлівыя зьвесткі пра грып, а гараджане скупаюць лекі “пра запас”.

Яшчэ ўраньні з абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі паступіла інфармацыя, што колькасьць выпадкаў захворваньняў на грып і вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю застаецца ў межах сэзоннай нормы. А ўжо ўвечары адмыслоўцы пачалі паведамляць зусім іншыя факты — што ўзровень захворваемасьці ў некалькі разоў перавышае норму ў Віцебску, Полацку, Наваполацку і Воршы. Так што на карантын з заўтрашняга дня, верагодна, школы зачыняць ня толькі ў абласным цэнтры.

Паводле апошніх зьвестак, атрыманых ад санітарных урачоў, дыягназы “грып” і “ВРВІ” маюць 6.297 хворых, зь якіх 2.878 — дзеці. Ураньні лічбы паведамляліся ў разы меншыя: нібыта ўсяго хварэюць на грып 409 чалавек, і зь іх 203 — дзеці.

Жыхары Віцебску, пазбаўленыя аб’ектыўнай інфармацыі, ня вераць супярэчлівай статыстыцы, якая мяняецца цягам дня. Большасьць віцяблянаў актыўна прыступіла да самалячэньня: у аптэках стаяць чэргі па вітаміны і супрацьвірусныя прэпараты, якіх амаль ужо нідзе няма. Некаторыя аптэкі вымушаны зачыняцца на пераўлік: запасы лекаў зьмяншаюцца штодня, і неабходна вызначыць, якую колькасьць прэпаратаў замовіць на складах наперад.

Аптэкаркі раяць набываць марлю ды рабіць індывідуальныя сродкі аброны ад вірусу саматужна. Хаця самі пераважна працуюць без мэдычных павязак. У грамадзкіх месцах таксама не сустрэнеш працаўнікоў у павязках — іх няма ні ў гандлярак у краме, ні ў кантралёрак грамадзкага транспарту. У бібліятэцы імя Леніна і ў выставачнай залі Саюзу мастакоў сёньня адчынялі выставы, і ніводная з гэтых устаноў не адмяніла масавае мерапрыемства ў сувязі зь небясьпекай распаўсюджваньня хваробы.

Афіцыйна карантын пачнецца заўтра. А сёньня па мясцовым тэлебачаньні жыхароў Віцебску па-ранейшаму заклікаюць не хвалявацца і не гавораць праўды, якая цікавіць усіх: ці зафіксаваныя ў горадзе выпадкі грыпу A/H1N1, ці ёсьць памерлыя ад гэтай хваробы і што робіцца ўладамі для прадухіленьня эпідэміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG