Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нарвэскай сталіцы ў гарадзкой ратушы праходзіць выстава беларускіх мастакоў нон-канфармістаў "Мастацтва супраць дыктатуры".

На выставе прадстаўлена 32 працы адзінаццаці беларускіх мастакоў, якія жывуць у Беларусі і ЗША: Алеся Марачкіна, Алеся Пушкіна, Алеся Шатэрніка, Ягора Батальёнка, Генадзя Драздова, Міколы Купавы, Юлі Шатэрнік, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча, Алены Тылькінай і Сяргея Ардэна, паведамляе сайт Беларускага моладзевага руху Амэрыкі.

На адкрыцьці выставы ў будынку мэрыі горада Осла прысутнічала каля 200 гасьцей, выступілі вядомыя нарвэскія палітыкі, прадстаўнікі лібэральнай і сацыялістычнай партыі Нарвэгіі, беларускія мастакі і грамадзкія дзеячы Алесь Шатерник, Алесь Пушкін, Алена Тылькіна і Павел Марозаў. Мерапрыемства асьвятлялася нарвэскім тэлебачаньнем і радыё.

Выставу падтрымалі беларускія музыкі - на адкрыцьці са сваім музычным шоў выступіла этна-джаз група "Акана-НХС", якая мела вялікі посьпех у публікі.

Каардынатар выставы, лідэр Кангрэсу новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША Павал Марозаў адзначыў: "Выстава "Мастацтва супраць дыктатуры" рэалізуецца з лета 2008 гада. Яна прэзентуе альтэрнатыўную Беларусь, краіну вольна думаючых, творчых людзей, зьмешчаных у кантэксьце эўрапейскай культурнай традыцыі, сваёй творчасьцю апануючых існым у Беларусі палітычным і сацыяльным рэаліям. Яна прыцягвае ўвагу да праблем свабоды культурнай дзейнасьці і самавыяўленьня, да правоў чалавека ў Беларусі. Бо немагчыма зьмяніць Беларусь, наблізіць яе да Эўропы толькі палітычнымі захадамі, але магчыма зрабіць гэта праз культуру, прышчапляючы культурныя каштоўнасьці і практыкі нашаму грамадзтву. Сёньня мы маем магутны культурны рух мастакоў, музыкаў, іншых творчых асоб, якія бачаць нашу краіну вольнай і эўрапейскай. І сваёй творчасьцю яны даносяць гэтыя ідэі значна лепш чым шматлікія нашы палітыкі".

За гэты час выстава пасьпела пабываць у парлямэнце Эстоніі, музэях і вядомых фундацыях Нью-Ёрку і Вашынгтону, дзе прыцягвала ўвагу публікі да праблемаў беларускай культуры і сытуацыі ў Беларусі.

Выстава ў нарвэскім Осле арганізавана Кангрэсам новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША ў партнэрстве з Маладымі лібэраламі Нарвэгіі, Беларускім музэем у Нью Ёрку, эстонскай арганізацыяй "Новы Шлях для Беларусі", Беларускім моладзевым рухам Амэрыкі і супольнасьцю "Трэці Шлях".

Відэа гл.тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG