Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пры нашай уладзе трэба больш разьлічваць на сябе”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — абмеркаваньне эпідэміі грыпу, дыскусія наконт памеру пэнсій, рэакцыя на стварэньне Беларускага незалежніцкага блёку.

Эпідэмія грыпу — навіна нумар адзін ня толькі ў офісах, крамах, на кухнях, ва ўнівэрсытэтах ды садках. Адгукаюцца на яе і нашыя слухачы:

Спадар: “У мяне інфармацыя. У 6-й бальніцы за выходныя памёрла ад грыпу 5-6 чалавек, а гэты ўсё маўчыць, быццам у нас усё добра. Дзякуй”.

Шмат хто гэтым чуткам не дае веры.

Спадарыня: “У сьвіны грып я ня веру! Паміраюць людзі так ад чагосьці… Гэта ўсё выдумалі за мяжой. Курыны, сьвіны, каровін… Ды не, проста так людзі паміраюць нешта. Нават дурному чалавеку зразумела: ня так гэта ўсё, як яны гавораць”.

Ёсьць у нашай аўдыяпошце і канкрэтныя рэкамэндацыі наконт змаганьня за здароўе.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю, Радыё Свабода. Я ніколі не хварэю ні на якія прастудныя захворваньні, нават на грып. Вечарам надзяваю спартыўную форму й іду ў лес. Раблю невялікую прабежку, выконваю некалькі фізычных практыкаваньняў, абдымаю дрэвы: дуб, сасну, бярозку. Хаджу на чатырох, як мядзьведзь, сорак разоў моцна ўдыхаю паветра. Трохі адпачываю і іду дахаты”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — палкоўнік у адстаўцы, актывіст з талачынскага мястэчка Коханава Мікалай Петрушэнка.

Мікалай Петрушэнка<
“Я патэлефанаваў у Коханаўскую аптэку і запытаў наконт вітаміну С — аскарбінавай кіслаты. У нас засталося 15 пачкаў — гэтым пра рэальную прафіляктыку грыпу сказана ўсё. Такім чынам, пры нашай уладзе трэба больш разьлічваць на сябе. Націскаць на той самы часнык, кіслую капусту… Бо з “клопату” вэртыкалі сытуацыя, якую я бачу зь цяперашняй эпідэміяй, вельмі ёміста перадае расейскамоўная прымаўка: “кошка бросіла котят — пусть жівут оні, как хотят…”

У тыднёвым пятнічным аглядзе аўдыяпошты мы паспрабавалі завяршыць дыскусію пра тое, ці справядліва налічваюць пэнсію. Аднак званкі на гэтую тэму не заканчваюцца.

Спадар Мікола: “Мы зь сям’і загінулых, пяць чалавек працавалі ў калгасе, і ўсе працадні пісалі на маці. Але пэнсію ёй далі ўсяго 16 рублёў. Сказалі, што табэлі спалілі, тэрмін захоўваньня іх — тры гады. Вось такія факты”.

Спадарыня: “Жанчына, якая назвала сябе бабай і мае пэнсію 470 тысяч рублёў, сьцьвярджае: яна была на дзьвюх працах. Каб так працаваць, трэба 16 гадзін працоўнага часу. А каб вытрымаць 16 гадзін працоўнага часу, працуючы з поўнай аддачай, неабходны адпачынак ня меншы за 8 гадзін. І, як бачым, на сям’ю, на дзяцей часу няма. Калі не было сям’і, тады пытаньняў няма. Аднак з пэнсіяй у 470 тысяч застацца адзінокай — радасьць невялікая. І ня трэба ганьбіць тых, у каго маленькая пэнсія. Ня кожны мог сабе дазволіць тое, што было дазволена вам, паважаная баба”.

А зараз — адказ спадарыні, з чыйго званка пра свае 470 пэнсійных тысяч і пачалася ўласна дыскусія.

Спадарыня: “У мяне адукацыя. Працоўны дзень у мяне быў на адным месцы 5 гадзін: мозгам там працуеш, эмоцыямі, таму працоўны дзень скарочаны. У мяне ёсьць сям’я, двое дзяцей я падняла з вышэйшай адукацыяй. Хоць у мяне муж быў сквапны. Я на свае грошы збольшага гэта выцягнула. Я не сьмяюся з маленькай пэнсіі. Але — няма чаго скардзіцца! Ніхто вам са сваёй кішэні не дакладзе пэнсіі…”

І напрыканцы — рэакцыя на стварэньне Беларускага незалежніцкага блёку.

Валер Курневіч, Барысаў: “На Беларусі створаны БНБ. Гэта будзе нейкі для краіны ратунак. Раней была саветызацыя, цяпер будзе эўрапеізацыя. Для беларусаў гэта найлепшая тактыка. Беларусь стане незалежнай, як і Прыбалтыка”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG