Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя працягваюць сьцьвярджаць, што лекавыя ўстановы краіны забясьпечаныя ўсімі неабходнымі прэпаратамі для прафіляктыкі і лячэньня грыпу. Аднак у менскіх аптэках некалькі дзён запар працягваецца ажыятажны попыт на лекі, якіх не хапае або і зусім няма.


У недзяржаўнай аптэцы “Бераліна”, што на вуліцы Талбухіна, каля прылаўка зь лекамі — вялікая чарга. Пра наяўнасьць супрацьгрыпозных лекаў цікаўлюся ў загадчыцы Ларысы Белагуб, якая сама працуе за касавым апаратам:

Карэспандэнтка: “Ці ёсьць усе лекі, якія просяць людзі?”

“Рэмантадыну няма, аксалінавай мазі няма — учора была, сёньня няма. Арпітол таксама — учора ўвечары быў, сёньня ўжо няма”.

Карэспандэнтка: “Ці замаўляеце гэтыя лекі, ці абяцаюць падвезьці?”

“Канечне, канечне. У нас ёсьць цэнтралізаваны склад, і мы замаўляем на гэтым складзе. Я не магу вам нічога сказаць на гэты момант — мы замаўляем, а што будзе далей, я ня ведаю”.

Наведнікі аптэкі пра наяўнасьць лекаў і чэргі выказваюцца больш катэгарычна:

Карэспандэнтка: “Што хацелі набыць і ці набылі?”

Юначка: “Хацелі ад кашлю, але вельмі вялікія чэргі. Ужо тры аптэкі абышлі, і чэргі — да дзьвярэй літаральна”.

Спадарыня: “Аббегала ўсё, той жа анафэрон — тут толькі знайшла. Аксалінавую мазь абяцаюць да вечара, а масак — сказалі, што няма ў горадзе. Будзем самі рабіць”.

Спадарыня: “Ва ўсіх аптэках гэтага раёну я была — і ранкам, і днём, і вечарам — нічога нават блізка няма”.

У недзяржаўнай аптэцы “Доктар час” чарга крыху меншая: наведнікі заварочваюцца яшчэ пры ўваходзе, дзе ад рукі напісаная абвестка: “Масак, арпітолу, аксалінавай мазі, анафэрону, інтэрфэрону ў аптэцы няма”. Загадчыца Вольга Плашчова тлумачыць:

“Ня ведаю, чаму няма лекаў, не магу вам аб’ектыўна сказаць. Ідзіце ў Міністэрства аховы здароўя, пытайцеся там. Мы замаўляем, але не прывозяць. Іх проста на складзе няма. Мы чакаем. Абяцалі цягам тыдня забясьпечыць усіх лекамі, то я думаю, што забясьпечаць”.

У аптэках дзяржаўнага прадпрыемства “Белфармацыя” таксама стаяць чэргі і няма лекаў. Гутару з наведнікамі аптэкі № 22:

Карэспандэнтка: “Бачу, што вы ў павязках на тварах і заходзілі ў аптэку…”

Спадар: “А я ўжо прыхварэў, так што асьцярожней… Учора літаральна за паўдня адчуў, што кашляю, а сёньня ўжо ў грудной клетцы баліць. А масак нідзе не знайсьці, у ніводнай аптэцы. Вось сам зрабіў маску, дома”.

Спадарыня: “Добра, што дома была марля і аксалінавая мазь, якіх зараз не знайсьці нідзе. Рэмантадын шукаем, таксама няма нідзе”.

Карэспандэнтка: “Што вы думаеце пра гэтую сытуацыю?”

Спадар: “Ужо нічога. Ужо стаміліся думаць”.

Спадарыня: “У краіне захоўваюць спакой, каб не было панікі. Магчыма, што так і трэба, але зь іншага боку — не па сабе становіцца”.

Карэспандэнтка: “Ці ўдаецца набыць патрэбныя лекі?”

Спадарыня: “Не. Ні масак няма, ні рэмантадыну, арпітол заканчваецца, застаецца толькі дзіцячы. Аксалінавай мазі таксама няма — нічога няма. Гэта толькі па тэлевізары кажуць, што ўсё ёсьць у аптэках. І гэта — дзяржаўная аптэка”.

Карэспандэнтка: “Што вы пра гэта думаеце?”

Спадарыня: “Ну, што я пра гэта думаю — гэта непарадак. Калі ўжо ідзе эпідэмія, то трэба было думаць пра гэта, трэба было забясьпечваць людзей”.

Карэспандэнтка: “Што вы шукаеце ў аптэцы?”

Спадарыня: “Маскі і аксалінавую мазь — нічога няма. Мы тэлефанавалі сваім сябрам — яны кажуць, што ўвесь горад аб’ехалі і нідзе няма. Учора агромністая чарга была каля нашай аптэкі ў раёне станцыі мэтро “Аўтазаводзкая” — гадзіну прастаялі і нічога не купілі”.

Карэспандэнтка: “Гэта для прафіляктыкі?”

Спадарыня: “Хаця б і так, бо я ж цяжарная і трэба неяк ратавацца”.

Карэспандэнтка: “Што вы пра гэта думаеце?”

Спадарыня: “Гэта жахліва! Вельмі шмат людзей хворых, паміраюць штодня. Самае жахлівае, што ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя не абвяшчае трывогу. Яны нічога ня кажуць, яны ўсім вешаюць локшыны на вушы, што, маўляў, усё спакойна, усё байкі. Школы зачыненыя, што нібыта чакаецца выбух прастудных захворваньняў. Якое нафіг прастуднае, калі вось, калі ласка. І ніхто нічога ня кажа — у нас усё цудоўна, як і няма ў краіне крызісу”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG