Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аптэкі: Запас на ўвесь час эпідэміі, сыйшоў за тры дні


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Эпідэмія грыпу яшчэ не абвешчана, а супрацьвірусныя лекі ўжо разьмялі

Апошнімі днямі ў аптэкі на Гарадзеншчыне народ паваліў валам — людзі скупляюць супрацьвірусныя лекі.

Чыноўнікі ад мэдыцыны даводзяць, што парог захворвальнасьці на грып у рэгіёне не перавышаны. Таму працуюць школы, іншыя навучальныя ўстановы, не забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы. Аднак супрацьгрыпозныя лекі ў аптэках раскупілі.

“Учора былі чэргі, а сёньня — яшчэ большыя”

Вось пра што інфармуе загадчыца аптэкі ў Наваградку:
Няма менавіта супрацьвіруснага ...

“У суботу на 15 гадзін яшчэ быў двухмесячны запас усяго. Разьбіраюць тое, што для прафіляктыкі. Праўда, бяруць тое, што і для лекаваньня, паколькі сэзонны рост захворвальнасьці — сталі болей антыбіётыкі раскупляцца. Але гэта ўсё ў нас ёсьць. Няма менавіта супрацьвіруснага, таго, што патрэбна для прафіляктыкі”.

Падобная сытуацыя з супрацьвіруснымі лекамі і ў Скідзелі. Кажа загадчыца тамтэйшай аптэкі:
Учора чэргі стаялі, і сёньня стаяць ...

“Ведаеце, з раніцы ўжо разабралі рэмантадын. Артэсол таксама разабралі. Мазь аксалінавую... Карацей, у нас ёсьць складанасьці. І ўчора чэргі стаялі, і сёньня стаяць”.

У Ліду лекі не прывозяць нават на заказ

У Лідзе загадчыца аптэкі кажа, што няма супрацьвірусных лекаў, бо іх паразьбіралі за два дні. Больш за тое, зараз на заказ пэўнай колькасьці не прывозяць:
за паўтара дні прадалі 145 упаковак арпітолу...

“Ну вось прэпарат арпітол — новыя лекі для прафіляктыкі грыпу, і пра іх яшчэ цяжка нешта сказаць, а бяруць ужо тонамі. Я вось зрабіла выбарку, дык за мінулы сэзон яго прадалі 500 упаковак дарослага, а цяпер за паўтара дні прадалі 145 упаковак”.

Нягледзячы на ажыятаж у аптэках, эпідэмія ў рэгіёне яшчэ не абвешчаная. Не адменены масавыя мерапрыемствы. Да прыкладу, праводзяцца моладзевыя дыскатэкі. Дырэктарка аднаго з Дамоў культуры патлумачыла:

“Ну як бы ўсе выдатна разумеюць, што да нас падбіраецца грып, але пакуль ніякіх загадаў не паступала. Ціха пакуль...”

У турыстычных фірмаў таксама праблемы:

“У нас няма цяпер ніякіх людзей, нікуды ніхто ня просіцца. Часам 2—3 чалавекі ў нейкі Эгіпет зьбяруцца, і на гэтым усё. Так што ў нас цяпер іншая праблема...”

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У аптэках нешматлюдна, бо няма чаго набываць

У магілёўскіх аптэках не хапае супрацьгрыпозных лекаў. Фармацэўты кажуць, што месячны аб’ём мэдычных прэпаратаў разабралі цягам трох дзён. Нестае й супрацьгрыпозных вакцынаў для прышчэпак.

Сёньня ў першай палове дня ў гарадзкіх аптэках было нешматлюдна, бо не было чаго браць. На вітрынах аб’яў пра адсутнасьць лекаў таксама не было. Людзі запытвалі, рэзка выказваліся й сыходзілі. Аптэкары тлумачаць адсутнасьць прэпаратаў аднолькава:

“У сувязі з ажыятажам тое, што мы зрабілі запас на ўвесь час эпідэміі, сышло за тры дні. Во сёньня мы замовілі тавар і чакаем, павінны атрымаць. Проста не чакалі такой колькасьці. Мы нарыхтавалі месяцы на два, а ўсё разышлося за тры дні. Дужа вялікі ажыятаж”.

Спадар: “Скажыце, ці ёсьць марлевыя павязкі ў вас?”

Аптэкарка: “Павінны падвезьці”.

Ля адной з цэнтральных аптэк пытаюся ў людзей, ці хапіла ім супрацьгрыпозных лекаў.

Спадарыня сталага веку: “Не хапіла арпітолу. Іх няма нідзе. Сказалі, што пасьля абеду падвязуць. Напэўна, прамысловасьць не пасьпявае вырабляць”.

Маладая спадарыня: “Не, мне нічога не хапіла. Хацела для дзіцяці купіць для павышэньня імунітэту. Мне сказалі імунал глядзець. Я раней нафірон набывала, але тут няма нічога”.

Маладая спадарыня: “Не хапіла. Аніфэрон, арпітол, аксалінавая мазь, марлевыя павязкі — нічога гэтага няма”.

Спадарыня сталага веку: “Гаварылі, гаварылі шмат, але не падрыхтаваліся. Ні масак, ні аксалінавай мазі — самых простых рэчаў няма”.

Спадар сталага веку: “Нічога не купіў, нічога няма. Аксалінавай мазі, арпітолу — няма нічога. Трэцюю аптэку, не — чацьвёртую абыходжу, нідзе няма. А па тэлевізары ўсё ёсьць. Усё. Усё”.

Юначка: “Хацела купіць што-небудзь для прафіляктыкі. Але нічога няма. Сказалі, што будзе прывоз, а калі? Наагул набыла цытрон, імбір. Што-небудзь варта ж рабіць. Дома, відаць, цяпер трэба сядзець”.

“Такая сытуацыя... усе склады спустошаныя”

У Магілёве і Бабруйску ў сувязі з павышаным узроўнем прастудных і вострых рэсьпіраторных захворваньняў школьныя канікулы падоўжаныя на тыдзень. Мэдыкі заклікаюць людзей рабіць супрацьгрыпозныя прышчэпкі.

“Тэлефоны разрываюцца ў прынцыпе ўсе, але рэч у тым, што цяпер склалася такая сытуацыя ў краіне, што ўсе склады спустошаныя. Вось цяпер, дапусьцім, я на руках ня маю ніводнай вакцыны. За ўчора да нас зьвярнулася сто чалавек”, — паведаміў у першай палове дня лекар кабінэту імунапрафіляктыкі дзіцячай бальніцы Магілёва.

Нягледзячы на ажыятаж, улады заяўляюць пра кантроль над сытуацыяй. Лекі нібыта на складах ёсьць. Колькасьць хворых расьце, але да абвяшчэньня эпідэміі не дайшло. Колькі ў рэгіёне хворых, не паведамляецца. Пры канцы мінулага тыдня толькі ў Магілёве іх было больш за пятнаццаць тысяч. У кастрычніку ў рэгіёне было выяўлена чатыры выпадкі гэтак званага сьвінога грыпу. Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што захворваньні выяўленыя на раньняй стадыі.
XS
SM
MD
LG