Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэспубліканскім клінічным шпіталі Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта — новы гаспадар, дакладней, гаспадыня. Пасьля двухгадовага перапынку на пасаду зноў заступіла Ірына Абельская, колішняя асабістая лекарка Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам 2001—2007 гадоў яна ўжо ўзначальвала гэтую структуру, але за нездавальняючыя вынікі на загад Лукашэнкі яе звольнілі. І вось — вяртаньне на ранейшую пасаду. Асоба Ірыны Абельскай прыцягвае да сябе асаблівую ўвагу тым, што мяркуецца: менавіта яе меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі казаў, што маці ягонага малодшага сына Колі - доктарка.

На інтэрнэт-старонцы былой “лечкамісіі” цягам першай паловы дня галоўным лекарам быў пазначаны хірург Аркадзь Ларыёнаў. Аднак у аддзеле кадраў сказалі, што ад учорашняга дня на пасаду заступіла новая кіраўніца — Ірына Абельская, а зьмяніць дадзеныя папросту не пасьпелі:

“Так, галоўным лекарам ужо Ірына Сьцяпанаўна Абельская. Проста не памянялі яшчэ інфармацыю, таму на гэты момант пакуль старыя зьвесткі”.

Карэспандэнт: “Афіцыйна Ірыну Сьцяпанаўну калектыву ўжо прадставілі?”

“Так, учора”.

Паказальна, што літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля гэтай размовы на сайце шпіталя ў разьдзеле “Адміністрацыя” ўсё ж зьявілася інфармацыя пра новую кіраўніцу, але бяз здымка. Сама Ірына Абельская, як і ў ранейшыя гады, не імкнецца патрапіць у поле ўвагі журналістаў. Прынамсі, далей за прыёмную і сакратарку прабіцца складана:

“Ірына Сьцяпанаўна занятая, ёй працаваць трэба, прабачце…”

Рэспубліканскі клінічны шпіталь Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, больш вядомы як “лечкамісія”, — установа спэцыфічная. Тут традыцыйна праходзяць назіраньне і лекуюцца ня простыя сьмяротныя, а кіраўнікі краіны, чальцы ўраду, дэпутаты, вэтэраны і некаторыя заслужаныя асобы. Да ўсіх увага асаблівая. І ў час грыпу, як запэўнівае намесьніца галоўнага лекара па мэдычнай частцы Алена Лапцева, установа цалкам гатовая бараніць сваіх пацыентаў ад эпідэміі:

“Вядома, як і любая лячэбная ўстанова. Цалкам натуральна, што мы ўсе прафіляктычныя мерапрыемствы ў сябе ўвялі, гэта зразумела”.

Карэспандэнт: “У вас кантынгент досыць своеасаблівы. Магчыма, вы людзей выклікаеце на прышчэпкі, ці яны самі прыходзяць і патрабуюць вакцыны…”

“Наконт прышчэпак нават ня ведаю, што дакладна адказаць. Але, мабыць, усё адбываецца ў тым жа рэжыме, як мы праводзілі паводле нашага пляну. Усё робіцца як трэба”.

Цяпер “лечкамісія” пашыраецца: ушчыльную да старой тэрыторыі дабудоўваюцца новыя карпусы. Аднак, як удакладніла спадарыня Лапцева, дагэтуль няма дакладнага рашэньня, каму ўрэшце будуць належаць сучасныя будынкі. Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка заявіў, што схіляецца да таго, каб аддаць будынкі гораду.

Паводле супрацоўнікаў лечкамісіі, зьмена кіраўніцтва ў самы нездавальняючы эпідэміялягічны пэрыяд ніяк не паўплывае на працу ўстановы. Аднак гэта -- максымум, пра што гатовыя гаварыць мэдыкі ў адносінах да новай галоўнай лекаркі.



Нагадаем, што Ірына Абельская атрымала вядомасьць, калі стала асабістай лекаркай першага прэзыдэнта Беларусі. У 2001 годзе нечакана для спэцыялістаў яе прызначылі галоўным лекарам рэспубліканскага шпіталя Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. На гэтай пасадзе Абельская прабыла да сярэдзіны 2007 году, пакуль Лукашэнка не ўчыніў публічны разнос, заявіўшы, што тая ня справілася з ускладзенымі на яе абавязкамі.

Да таго часу Абельская ўжо пасьпела нарадзіць сына і абараніць кандыдацкую дысэртацыю ў НДІ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Магчыма, дагляд за малым і пераарыентацыя на разгляданую ў кандыдацкай “промневую дыягностыку шыйнага остэахандрозу” ўрэшце адбіліся на асноўнай працы.

Апошнія два гады Абельская працавала шараговай лекаркай у аддзяленьні ультрагукавой дыягностыкі Менскага гарадзкога дыягнастычнага цэнтру. А той факт, што аформілі яе толькі на палову стаўкі, тлумачыў досыць рэдкае зьяўленьне спэцыяліста на працоўным месцы. Што ўрэшце выклікала процьму здагадак пра лёс самай вядомай мамы ў Беларусі.


Рэспубліканскі клінічны шпіталь Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта

Шпіталь заснаваны ў 1931 годзе як закрытая лячэбная ўстанова, дзе атрымлівала мэдычную дапамогу вышэйшая партыйная намэнклятура. Пасьля пераходу ў 1994 годзе ў падпарадкаваньне Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта шпіталь пераўтварыўся ў сучасную ўстанову, дзе робяць тры сотні відаў дыягнастычных і лекавых паслугаў па 50 кірунках. Шпіталь валодае сучасным апэрацыйным абсталяваньнем, якое дазваляе праводзіць складаныя апэрацыі. Праўда, каб трапіць у лік пацыентаў, па-ранейшаму трэба ці быць чыноўнікам, ці мець асаблівыя заслугі ў іншых галінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG